Існуе шырока распаўсюджаны міф пра тое, што няўдачы першага пэрыяду вайны выкліканыя, апроч іншага, перадваеннымі рэпрэсіямі сярод вышэйшага камандаваньня Чырвонай Арміі. Вядома, рэпрэсіі заўжды зло ва ўсіх адносінах, але ці так ужо яны адбіліся на баяздольнасьці арміі? Рэпрэсавалі ж ня ўсіх, самыя знакамітыя ацалелі і ўзначалілі войска. Але як яны праявілі сябе ў гэтай вайне? Ужо першыя месяцы паказалі поўную іх няздольнасьць кіраваць войскамі ва ўмовах фашысцкай агрэсіі, супрацьстаяць высокатэхнічнай эўрапейскай арміі, якой зьяўляўся вэрмахт. Хутка на палкаводчыя пасады заканамерна вылучыліся іншыя камандзіры, якія нядаўна яшчэ займалі невялікія ці сярэднія пасады ў палках, брыгадах, дывізіях. Менавіта яны хутчэй за сваіх знакамітых начальнікаў навучыліся ваяваць у новых умовах, і, як ні дзіўна, менавіта на іхным вопыце чаму-колечы навучыўся Сталін. Можа быць, упершыню ў савецкай рэчаіснасьці ідэалягічныя ўстаноўкі былі адкінутыя, і ў пэўных вайсковых пытаньнях перамагла голая лёгіка. Адным з самых лягічных актаў было скасаваньне інстытуту вайсковых камісараў, гэтага абсалютна непатрэбнага камандзірскага дубля ў арміі. Зрабіць так вымусілі Сталіна ня толькі пэўныя адносіны з саюзьнікамі (ліквідацыя Камінтэрну), але й велізарны дэфіцыт камандзірскіх кадраў, што ўтварыўся пасьля катастрафічных няўдач пачатковага пэрыяду вайны. Амаль пры ўсіх навучальных вайсковых установах была арганізаваная тэрміновая перападрыхтоўка палітработнікаў на страявых камандзіраў. Зрэшты, перакаваць усіх учарашніх камісараў на страевікоў ня мог нават сам Сталін, пэўная частка іх была пакінутая ў войску ў якасьці намесьнікаў па палітчасьці — у баявых умовах абсалютна недарэчных, яшчэ неяк цярпімых у пяхоце, але зусім абсурдных у іншых, спэцыяльных родах войска, дзе, апроч правядзеньня палітінфармацыі ды выпуску «баявых лісткоў», патрэбныя яшчэ й спэцыяльныя веды, пра якія нампаліты мелі даволі цьмянае ўяўленьне. Уся іх дзейнасьць на фронце вычэрпвалася прымітыўнай агітацыяй ды дубляжом камандзірскіх рашэньняў, што, аднак, не перашкодзіла ім пасьля вайны прыпісаць сабе галоўную заслугу ў дасягненьні перамогі над «зьлейшым і каварным ворагам».
На палавіне вайны ваяваць збольшага навучыліся; навучыліся таксама хітраваць, вадзіць за нос начальства. Мабыць, без таго ды іншага пражыць на вайне было немагчыма. Запомніўся выпадак пры наступленьні, калі мой гарматны разьлік апынуўся побач з варонкай, у якой сядзеў камандзір батальёна капітан Андрэеў. Гэты ня надта зухавы, штацкага выгляду камбат на вайне зорак зь неба не хапаў, хоць увогуле ваяваў ня горш за іншых. Седзячы ў варонцы з ардынарцамі і сувязістамі, ён кіраваў боем за недалёкую вёску. Справа наступалі суседзі. Камандзір палка няспынна патрабаваў па тэлефоне дакладаў, і Андрэеў, глытаючы нешта з пляшкі, бадзёра дакладваў: «Прасоўваюся пасьпяхова… Спрабую зачапіцца за паўночную ўскраіну… Ужо зачапіўся… Зьбіваю баявы заслон…» Ягоныя роты, між тым, спакойна ляжалі сабе наперадзе ў полі пад рэдкім мінамётным агнём зь сяла, і я думаў: як жа ён апраўдаецца, калі раптам сюды завітае камандзір палка? Але, мабыць, камбат лепей за мяне ведаў звычаі камандзіра палка і не баяўся ягонага хуткага візыту ў батальён. А надвячоркам недзе прасунуліся суседнія батальёны, і немцы пакінулі паўночную ўскраіну вёскі, якую спрытненька заняў батальён Андрэева. Як сьцямнелася, камбат сустракаў камандзіра палка і бадзёра дакладваў пра ўдалую атаку, якой не было. Але камандзір палка, здаецца, быў задаволены. Напэўна, я так думаю, ён падобным чынам дакладваў вышэй, у дывізію, а адтуль дакладвалі ў корпус. Такі быў няпісаны парадак, які задавальняў усіх. А ўвогуле, гэта было больш сумленна і разумна, чым па безгаловай камандзе атакаваць моцнага праціўніка, трупамі ўкладваючы поле. Ведама, у маральных адносінах учынак камбата выглядаў не бездакорным, але ў вайсковых умовах, мабыць, было не да маралі. Заплянаваная ў вышэйшых штабах апэрацыя нярэдка прымяркоўвалася да канкрэтных тэрмінаў (гадавіны Кастрычніка, Дня Чырвонай Арміі, дня нараджэньня таварыша Сталіна, іншых знамянальных датаў), і большую частку часу, адведзенага на яе падрыхтоўку, выдаткоўвалі тыя, хто яе распрацоўваў. Значна меншая частка заставалася для непасрэдных выканаўцаў. Батальёну Андрэева перапала апошняя ноч, ды й тая занятая перадысьлякацыяй, і толькі за гадзіну да атакі камбат атрымаў магчымасьць зірнуць на поле бою, дзе яму належала перамагчы ці памерці. Ды яшчэ без падтрымкі танкаў, з хліпкім артылерыйскім забесьпячэньнем.