Выбрать главу

Ведама, такога роду авантуры не былі надта бясьпечныя. Хоць у баявых умовах шмат што можна было ўтаіць; тыя, каго трэба было баяцца, ня дужа імкнуліся паяўляцца на перадавой. Але ў выпадку адводу ў тыл, у другі эшалён ці на перафармоўку, пра ўсё рабілася вядома, утаіць што-колечы крамольнае практычна было немагчыма. Адразу ж у падразьдзяленьнях пачыналіся начныя кантакты з «кумам», упаўнаважаным асобага аддзелу (пасьля пераназванага ў контрразьведку «сьмерш»), у выніку якіх камандаваньню рабілася вядома пра ўсё, што адбывалася ў апошніх баях, усе хітраваньні камандзіраў. Упаўнаважаныя «сьмерша» валодалі магутнай нябачнай уладай, ад іх прыхільнасьці залежалі лёс і службовая кар'ера камандзіраў. Тыя з камандзіраў, якія ў свой час не асьцерагліся палону (хоць бы на колькі дзён) або акружэньня, зь якога вырваліся са зброяй у руках, былі пад асаблівым наглядам органаў. Звычайна яны вымушаныя былі паводзіць сябе ніжэй травы і цішэй вады, ва ўсім дагаджаючы ня толькі начальнікам, але й сваім падначаленым. Іначай была рэальная рызыка страціць ня толькі пагоны, але й апынуцца ў штурмбаце, зь якога хіба што некаторыя выйшлі пасьля адбыцьця тэрміну (адзін месяц) ці пасьля раненьня. Другой катэгорыяй павышанай рызыкі былі афіцэры якраз іншага характару — адкрытыя, сьмелыя ваякі, у выніку чаго пры вольных размовах, асабліва за чаркай, дазвалялі сабе нестандартныя выказваньні пра даваеннае жыцьцё, нямецкую тактыку або пра НКВД. У хуткім часе такі чалавек зьнікаў назаўсёды.

Немалую шкоду афіцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвізам «Ні кроку назад». Улетку 1942 году, імкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньні далейшага адступленьня на ўсход, Сталін усю строгасьць выкананьня гэтага імпэратыву пераклаў на франтавых камандзіраў сярэдняга й ніжэйшага зьвяна, якія адступалі, хіба што страціўшы магчымыя сродкі да абароны. Шмат хто зь іх паплаціўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзікае паляваньне на тых, хто адступіў без загаду. Імі аказаліся, напрыклад, нейкі камандзір палка, якому спазьніліся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзір батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыі, а раніцай трапіў пад разгромны ўдар нямецкай авіяцыі; малодшы лейтэнант, які камандаваў мінамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалі з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалі зьвестак аб колькасьці расстраляных за суткі, за тыдзень і дэкаду, асобна па катэгорыях — старэйшых і малодшых афіцэраў, камуністаў і беспартыйных, па сацпаходжаньні і нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкі зьяўляліся, апроч іншага, і падставай для ўзнагароджаньня афіцэраў карных органаў, шмат якія за гады вайны і былі шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзі — героі нароўні зь іншымі, несумненнымі героямі, і мала хто здагадваецца, якім чынам заслужаныя іхныя ўзнагароды. Асабліва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер міфалягемай: прайшлі вайну «ад званка да званка». У «сьмершы» ці ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьці не адну вайну…

Вайсковыя газэты тае пары, малыя і большыя, зьяўляліся адно сродкам палітычнай прапаганды, разьлічанай на самага масавага і прымітыўнага чытача. Штодзённыя зводкі Інфармбюро — вось адзіны элемэнт іхнай інфармацыйнасьці, у якіх, аднак, старанна шыфравалася ўся геаграфія баявых дзеяньняў, усе назовы часьцей і падразьдзяленьняў. Стандартныя баявыя прыклады для перайманьня, эпізоды баёў на ўзроўні роты-батальёна, прапагандавыя выступленьні штатных палітработнікаў у духу выхаваньня «навукі нянавісьці», прыдуманыя «клятвы» байцоў, «не шкадуючы жыцьця, біць азьвярэлага ворага». Шырока прапагандавалася ахвярная героіка абароны і хоць бы невялічкія посьпехі наступленьня. У выпадку няўдачы выкарыстоўваўся суцяшальны стэрэатып накшталт таго, што немцы плянавалі захапіць горад К. учора, але слаўныя абаронцы сарвалі каварныя пляны ворага, якому ўдалося заняць К. толькі сёньня. У выпадку ўдачы прыводзіліся заўжды яўна завышаныя лічбы стратаў праціўніка і падрабязны пералік трафэяў: вінтовак, гармат, кулямётаў, аўтамашын, коней, фурманак… Нашыя страты ўтойваліся. Фатаграфіяў забітых з нашага боку газэты не друкавалі да канца вайны, вайсковым фотакарэспандэнтам здымаць целы забітых савецкіх воінаў катэгарычна забаранялася. Праца вайсковых карэспандэнтаў, як пісаў яшчэ ў гады вайны сам вайсковы карэспандэнт Аляксандар Твардоўскі, вельмі нагадвала таго добрасардэчнага гультая, які, назіраючы, як сякуць дровы, старанна «хакаў», наіўна думаючы, што тым памагае дрывасекам.