Наступалі, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сіле, справіцца зь якой не маглі ўжо і немцы. Нямецкі генэрал і ваенны гісторык Ціпельскірх пісаў, што, калі суадносіны сілаў на фронце склалі 1:10 на карысьць рускіх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлі ня толькі людзкія папаўненьні, але і ўзбраеньне, тэхніка, боепрыпасы. Вельмі дапамагалі саюзьнікі, асабліва ЗША, іх славутыя пастаўкі па ленд-лізу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскіх аўтамабіляў — «фордаў», «шэўрале», «студэбэкераў», «доджаў», «вілісаў». Нашмат горш было з прадуктамі харчаваньня, хлебам; нярэдка арміі, і нават франты, харчаваліся ў літаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 году I Украінскі і I Беларускі франты апынуліся бяз хлеба і змушаныя былі раскопваць у Сумскай вобласьці няўбранае ўлетку, завеянае сьнегам жыта, сушыць яго, абмалочваць і з таго пячы хлеб, карміць войска. Пры падрыхтоўцы Яса-Кішынёўскай апэрацыі харчовая праблема вырашалася больш простым спосабам: зь пятнаццацікілямэтровай прыфрантавой паласы былі выселеныя ўсе малдаўскія сёлы, харчовыя запасы якіх рэквізаваліся для двух Украінскіх франтоў. Чыгуначны ды іншы транспарт на той час вазіў выключна боепрыпасы і зброю для будучых апэрацыяў.
Вайна дарэшты разбурыла эканоміку эўрапейскай часткі СССР. Гарады ляжалі ў руінах, калгасная сельская гаспадарка была зусім дабітая баявымі дзеяньнямі войска — сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым — на захад. Галодная Ўкраіна не магла пракарміць шматмільённыя арміі, што прыйшлі на яе зямлю, самі сяляне звыкла і даўно галадалі. Франтавікі харчаваліся небагатым пайком, што складалі кавалак чорнага (з сурагатамі) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай ці пшоннай кашы або вэрмішэлі. Упершыню мы наеліся толькі за межамі роднай краіны, на зямлі, ня толькі не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўдні, такой краінай стала Малдавія. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавіна, віно… Нібы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялізнай колькасьці войска панішчылі ўсё харчовае багацьце гэтай краіны. Пасьля таго, як мы пайшлі далей на захад увосені сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай і аб'едзенай, як і ўсе папярэднія.
Затое чарговы прыемны сюрпрыз паднесла нам Вэнгрыя зь яе па-эўрапейску высокай бытавой культурай, не па ваенных гадах харчовым багацьцем, надзіва рацыянальна арганізаванай сельскай гаспадаркай. Войскі адразу ж перайшлі на самазабесьпячэньне, на багаты й даступны «падножны» корм. Зьдзіўляла таксама цярпімасьць і гасьціннасьць насельніцтва Вэнгрыі, армія якой фактычна ваявала на баку Нямеччыны. А між тым не запомніўся ніводны выпадак адкрытай варожасьці ці сабатажу ў адносінах да «гасьцей з усходу», усюды мы сустракалі калі ня радасьць, дык стрыманае разуменьне агульнай бяды, якую абрынуў на нас нямецкі фашызм і ў лягеры якога так ці інакш апынулася Вэнгрыя. Жыцьцё гэтага эўрапейскага буржуазнага грамадзтва надта ж не стасавалася з тым, што мы пра яго чулі ад прапагандыстаў-палітрукоў, і тыя з нас, што былі старэйшыя гадамі і разумнейшыя, заклапочана хмурыліся ад убачанага; маладым жа давялося задумацца пра тое пазьней.