Як пачаліся наступальныя апэрацыі Чырвонай Арміі, дык у войску паявілася ўсё большая цяга да баявых трафэяў. Прызвычаеныя да ўмоваў франтавога аскетызму, мы ўбачылі, што нямецкаму войску ўласьцівыя некалькі іншыя бытавыя стандарты, і што ў пакінутых імі акопах (таксама як і ў палонных) можна чым-колечы пажывіцца. Перш за ўсё тым, што патрэбна салдату на кожны дзень. Нарасхват ішлі добрыя салдацкія боты (замест нашых чаравікаў з абмоткамі), цьвярдыя дзягі са спражкамі, зь якіх звычайна выпілоўвалі ненавісную свастыку, скураныя сумкі, коўдры, камуфляжныя плашч-накідкі. Як заўжды, папулярнымі былі гадзіньнікі, электраліхтарыкі, запальнічкі і розная папяровая драбяза — паперы ж ні для лістоў, ні для цыгарак на фронце не давалі. Апроч таго, здаралася, што захоплівалі харчовыя склады з рознай правізіяй: шакалядам, кансэрвамі, каньяком. Сувязісты стараліся ў наступленьні разжыцца найперш трафэйнымі тэлефоннымі апаратамі і дротам у каляровай плястыкавай абалонцы.
Карысьлівая зацікаўленасьць у трафэях дасягала апагею, як вайна перакацілася ў Эўропу, на тэрыторыю Нямеччыны. Тут пайшло па сутнасьці легальнае рабаўніцтва на ўсіх узроўнях, прытым, зразумела, найбольшая здабыча даставалася тылавікам ды начальству, якое карысталася транспартам. У часьцях былі створаныя і актыўна працавалі трафэйныя каманды. Салдатам і афіцэрам дазвалялася пасылаць пасылкі на абрабаваную радзіму, і начальства звычайна заплюшчвала вочы на тое, што рэчы для іх здабываліся зусім не на полі бою. У гэты час салдацкія рэчмяшкі прыкметна патаўсьцелі ў аб'ёме, таксама як і супрацьгазавыя сумкі, зь якіх даўно ўжо павыкідвалі супрацьгазавыя маскі і клалі болей патрэбныя рэчы: бялізну для жонкі, якіх пару падмётак, а то й кавалак скуры на боты, часам дзіцячы гарнітурчык або адрэз крэпдэшыну на сукенку. У перапынку паміж баямі можна было бачыць, як салдаты, прысеўшы дзе-небудзь на беражку траншэі ці пад зялёнай агароджай, старанна зашываюць у матэрыю свае пасылкі, якія потым старшына адвязе на палявую пошту. Генэралітэт ды іншае начальства свае баявыя трафэі вывозілі звычайна аўтамабільным і чыгуначным транспартам і зьбіралі іх зусім не з падмёткаў і дзіцячых куртачак. Трафэйныя каманды адбіралі для іх пушніну, фарфор, музычныя інструмэнты, мэблю. А то й прамысловае абсталяваньне. Часам узьнікалі кароткія канфлікты, калі падначаленым не ўдавалася ўберагчы ад начальніцкай увагі некаторыя іх каштоўнасьці, што лёгка рабілася чужой здабычай. Зрэшты, канфлікт хутка ўлагоджваўся: пацярпелы бок, у сваю чаргу, кампэнсаваў страту за кошт уласных падначаленых.
У канцы вайны, хоць напружаньне баёў не слабела, а то й мацнела, паявілася надзея выжыць. Ва ўсіх без выключэньня — ад салдата да камандуючага. Гінуць працягвалі штодзень, а то й кожную гадзіну, але з новай магчымасьцю паявіліся і новыя адносіны да вайны. Пачаліся малыя й вялікія, не заўжды прыстойныя хітрыкі на полі бою, ва ўзаемаадносінах з камандзірамі. Сталі нярэдкімі выпадкі, калі зусім бездакорныя раней афіцэры пачалі выяўляць празьмерную засьцярожлівасьць, а то й нерашучасьць, што блізка межавала са злачынствам. Часам гэта кепска канчалася, часам абыходзілася. Нарэшце, было разуменьне, што вайна ўсё сьпіша. I сьпісвала. Усё ж начальніцкая жорсткасьць, уласьцівая першапачатковаму пэрыяду вайны, зьмянілася на пэўную памяркоўнасьць, афіцэры ўжо болей-меней прыцёрліся ва ўзаемаадносінах. Як і заўжды ў войску, самай каштоўнай якасьцю стала паслухмянасьць, гатоўнасьць выканаць усё, што загадана, як гэта і патрабавалася ў кожнай вайсковай ці таталітарнай сыстэме.
Гераізм, як вядома, паважаецца на кожнай вайне, у нас жа ён стаў ці не адзіным рэальным сродкам перамогі, прадметам галоўнага клопату з боку паліторганаў, на прапагандзе якога будавалася ўся іх работа. Вядома ж, на аснове традыцыйнага сацспаборніцтва: паміж байцамі, аддзяленьнямі, ротамі. Хто болей панішчыць немцаў, танкаў ды кулямётаў, прасунецца ў наступленьні. Усё падагульнялася сродкамі прапаганды і статыстыкі, старанна дакумэнтавалася, хоць і зьяўлялася па сутнасьці плёнам палітычнага ўяўленьня. Камандаваньне да папяровай творчасьці сваіх нампалітаў ставілася цярпіма, хіба што з пэўнай іроніяй. Як, зрэшты? і да ўсёй палітпартнадбудовы, вуха зь якой, тым ня менш, трэба было трымаць востра. Усур'ёз камісары дапамагчы наўрад ці маглі, нашкодзіць жа — колькі заўгодна. Страявыя камандзіры тое добра засвоілі яшчэ з даваеннага часу.
Цікава, што ў вэрмахце не было паліторганаў, і быццам бы не было каму натхняць салдатаў як найхутчэй аддаць жыцьцё за радзіму. Гераічных жа прыкладаў там было ня менш, чым у нашай арміі. Як, зрэшты, і ўмельства, баявога майстэрства. Чырвоная Армія за вайну наладзіла немцам адзін буйны, армейскага маштабу «кацёл» — Сталінградзкі, а колькі нашых арміяў зь мільёнамі салдат і камандзіраў скончылі сваё існаваньне ў шматлікіх «катлах» — на Ўкраіне, у Беларусі, у Падмаскоўі. Нават ужо напрыканцы вайны, зімой 1945 году ў Вэнгрыі, немцы амаль разграмілі III Украінскі фронт, што складаўся зь некалькіх арміяў, і толькі наяўнасьць стратэгічных рэзэрваў ды некаторыя выпадковасьці (пайшоў лёд па Дунаі і пабурыў пераправы, тым адрэзаўшы шлях на ўсход) засьцераглі ад разгрому ўсёй балканскай групоўкі Чырвонай Арміі. Шырокавядомыя баявыя рэкорды нашых герояў-лётчыкаў Пакрышкіна і Кажадуба, якія зьбілі за вайну адпаведна 59 і 62 самалёты. Але шмат гадоў мы нічога ня ведалі пра нямецкіх асаў-зьнішчалькаў Хартмана і Баркхорна, якія зьбілі 347 і 301 савецкі самалёт. Усяго ў нямецкай арміі налічвалася каля ста пілётаў, кожны зь якіх зьбіў больш за 100 нашых самалётаў. Ці гэта не нагода для вайсковых гісторыкаў паразважаць пра ступені майстэрства, таксама як і пра якасьць нашай хвалёнай авіятэхнікі?