Выбрать главу

Ён выйшаў у вітальню з рашучым намерам пайсьці, не адкладваючы, тым болей, што будынак КГБ быў няблізка. Пакуль дойдзе, настане ранак. Але калі паперы перадаваць празь дзяжурнага, мабыць, трэба канвэрт. Давялося вяртацца па канвэрт, на якім ён вывеў выразнымі літарамі: «КГБ БССР». Заклейваць ня стаў, мусіць, так было лепей. А то падумаюць, што ў канвэрце плястыкавая бомба, і затрымаюць самога. Затрымлівацца там ён не хацеў нават на хвіліну. Ліфт незвычайна гулка грукацеў у ранішняй цішы пад'езда, пакуль ён спускаўся з паверху. Унізе ля доўгага шэрагу паштовых скрынак сутыкнуўся з суседам, адстаўніком-вайскоўцам. Той, у спартовых штанах і красоўках, мабыць, вяртаўся з ранішняй прабежкі і толькі зьдзіўлена акругліў вочы, пабачыўшы Скварыша. Скварыш нічога тлумачыць ня стаў, хутчэй сігануў ад парога да прыступак. Цяпер ён не хацеў бачыць нікога.

Спакваля прачынаўся горад, на пустых з ночы вуліцах усё большала таропкіх мінакоў. Бліжай да цэнтру, якраз на прыпынку, яго дагнаў першы тралейбус, і ён рухава ўскочыў у пусты прыбраны салён. Сядаць там ня стаў — як калісь у далёкім студэнцтве, прыткнуўся на задняй пляцоўцы і стаў пазіраць праз шкло. Нязвыкла было адчуваць сябе так, павернутым тварам назад. Але цяпер так было лепей.

З тралейбусу выйшаў за два кварталы ад знакамітага ў горадзе будынка, і тут рашучасьць пачала пакідаць яго. Чым бліжэй ён падыходзіў да бакавых дзьвярэй КГБ, тым рашучасьці заставалася ўсё меней. Ля дзьвярэй ён зусім замарудзіў крок, матавае шкло дзьвярных філёнак не давала згледзець, што там адбываецца. Але ён ведаў, што там стол і дзяжурны — неяк зімой зазірнуў выпадкам. Ля вушака на сьцяне чырванела невялічкая шыльда: «Прием посетителей круглосуточно», яна абнадзейвала. Але менавіта ля самых дзьвярэй ён згубіў рэшту намеру і пратупаў міма. Дайшоў да рога будынка, завярнуў на іншую вуліцу і стаў. Што ўрэшце рабіць? Вельмі хацелася плюнуць на ўсё ды паехаць дадому. Можа, дапіць бутэльку і заваліцца на канапу. Хай яно ўсё гарыць ясным агнём…