Выбрать главу

На парозе з’явіўся стары, які адзначыў, што мы так і не паглядзелі на мора, і што ён будзе рады бачыць нас заўтра, а цяпер у яго спатканне з жонкай, яна памерла два гады таму, і яны патаемна бачацца штоноч у ягоных снах, стары ўсё чакае, калі яна яго пакліча за сабой, аднак не кліча, бо ёй цікава, як жывуць тыя, што засталіся па гэты бок небыцця, ён ёй падрабязна распавядае, ну бывайце, бывайце! Гэта быў чароўны вечар — з-за бясконцых размоваў у нас амаль што не было часу агледзецца па баках, зразумець, якіх прыязных людзей прэзентаваў нам лёс у саўдзельнікі.

На вуліцы было цёмна магічнай цеменню ночы, якая не выключала прынцыповае існаванне дываноў-самалётаў, жбаноў, у якіх могуць хавацца 40 злодзеяў, джынаў і стыхіаліяў, гатовых выканаць любое жаданне, калі ў цябе ёсць належная лампадка. У мяне ў галаве круцілася песня «A whole new world» Алана Менкена, я нават пачаў яе намармытваць, але ж спыніў сябе: не хапала яшчэ, каб Наста падумала, што мультфільм Aladdin — адзіны культурны артэфакт, да якога я меў дачыненне за ўсё жыццё. Я вырашыў падвысіць рэйтынг, прадэманстраваўшы, што ведаю сёе-тое пра персанажаў, значных для яе свету.

— Наста, я лічу, ты абрала вельмі добрую краіну для старту. Кожны ліс хваліць свой лес, але сапраўды Штаты — файнае месца для пачатку. Вось Набокаў. Ведаеш, як яго сустрэлі мытнікі, калі ён выйшаў на амерыканскую зямлю? У яго ў багажы былі баксёрскія пальчаткі. (Janka, I really think this is inappropriate word! Because «пальчаткі» паходзяць ад «пальцаў», — «fingers». But mufflers (boxer gloves) do not have separate slots for fingers! This is exactly what I pointed out in our previous discussion, where I was proving you, that «smile» and «усмешка» are not equal!). І вось адзін з мытнікаў выхапіў гэтыя пальчаткі і пачаў гойсаць за другім, імітуючы баксёрскую бойку. Абодва рагаталі! Я памятаю, наш прафесар рускай літаратуры (я браў класы русліту, бо мне было трэба працаваць з рускім жывапісам, я хацеў разумець сюжэты), дык вось, гэты прафесар, дарэчы, уцякач з Саюзу, і не скажаш, што вельмі шмат піў… Дык вось, настаўнік асабліва падкрэсліваў, як гэта ўспрымалася пасля Еўропы, дзе Набокаў пражыў дваццаць год і нават не атрымаў грамадзянства, пасля Еўропы, у якой справамі эмігрантаў займаліся забойцы яго бацькі, Еўропы, з якой было складана нават выязную візу атрымаць, дзе трэба было штогод узнаўляць даведку аб уласнай расавай паўнавартаснасці… Там, у Еўропе, для сям’і Набокавых мытнікі, памежнікі, эміграцыйная служба ператварыліся ў яскравы сімвал пакутаў… А тут памежнікі, якія рагочуць і скачуць па тэрмінале! І ўсе навокал smile. Ці гэта не тое, што патрэбна любому эмігранту? Нават калі амерыканская ўсмешка ненатуральная? Дык лепей ненатуральная ўсмешка, чым натуральная варожасць! Я, дарэчы, таксама заўтра ў Штаты лячу. Падзелім з табой нябёсы!

Мы рухаліся кудысьці, ішоў дождж, ён быў па-ліпеньску цёплы і меў пах каляндры, кмену ды марской солі. У фіялетавых нябёсах кірлікалі чайкі, падсветленыя знізу памяранцавым святлом мегаполісу. Яны былі падобныя да вёрткіх самалёцікаў для ліліпутаў, якія зайшлі на пасадку занадта нізка, так нізка, што зараз зачэпяцца за гэты мінарэт, за гэтую шыльду, за гэты абрэз даху. Прадавец каштанаў сунуў нам у рукі куль з пахкімі, падобнымі да печанай бульбы, камячкамі.

Нейкім чынам мы апынуліся ў трамваі, які валок нас праз масты ды хаатычныя россыпы плошчаў. Насупраць сядзела дзяўчынка, яшчэ не дастаткова сталая для таго, каб яе прыгажосць трэба было хаваць пад хіджабам. Яна боўтала нагамі, лізала марозіва і разглядала нас. Запытала штосьці. Я перапытаў па-ангельску, без усялякай надзеі на паразуменне.

— Why are you not kissing? Чаму вы не цалуецеся? — на файнай ангельскай прамовіла яна.

Я расчырванеўся, а Наста пырснула. Наблізілася да мяне і кранулася вуснамі маёй шчакі. Вусны былі гарачымі, гарачымі, гарачымі. Трамвай бухнуў у воды Басфора, мы ляцелі ўніз, а паверхні ўсё не было, толькі бясконцая бездань, і сэрца зайшлося, захаланулася, адчуванне палёту, здавалася, будзе бясконцым, хуткая далонька зноў бегла па шыі і валасах, бегла і вульгарна затрымалася на вушах, нават падрынкала па іх: ніякай эротыкі, выключна прыязнае сяброўства.

— А чаму ты лічыш, што мы павінны цалавацца? — запытаўся ў дзяўчынкі, калі зноў змог дыхаць.