Выбрать главу

— Вы выглядаеце так, быццам зараз пацалуецеся, — сказала тая. І дадала: —Турысты заўсёды цалуюцца.

За спінай у малой быў постэр: «Газа плача!» са жменяй бомб, кожная з якіх была педантычна пазначаная зоркай Давіда. Побач — рэклама «Кока-колы». Welcome to Istanbul! А Наста ўжо цягнула мяне прэч з трамваю, затрымалася на хвілінку, каб пачуць ад сваёй дзесяцігадовай сяброўкі вельмі сур’ёзнае: «Ён цябе кахае». І адразу адрэагаваць: «Я ведаю!».

Трамвай спыніўся насупраць шчыліны ў дамах, куды яна мяне хуценька пацягнула. Такое пачуццё як страх ці нават ягоны зародак — элементарная абачлівасць, ніяк не былі ёй уласцівыя. Ах, Наста-Nasty! Я бачыў з ёй той горад, якога не ахапіў бы нават за год свайго абярэжнага жыцця ў Стамбуле. Мы спрытна чухалі ўздоўж кавярняў, дзе сядзелі грунтоўныя мужчыны, як быццам бы сышлі з арнаментальных малюнкаў на старажытных персідскіх вазах. Мы праціскаліся па ходніках, на якіх амаль што не заставалася месца: у тутэйшых крамах быў крыгаход хламу, залевы хламу, хлам выплюхваўся за дзверы, раскладаўся ля вітрын, кідаўся пад ногі. Тут былі свердзелы, краны, прасы, гадзіннікі ў розных ступенях механічнага стрыптызу, вуды, капелюшы, боты, рогі ровара і яшчэ адныя — большыя ды разгалісцейшыя, нібы для кагосьці мужчынскага полу. Тут быў поўны набор базавай лексікі і нават болей: ну навошта, напрыклад, ведаць, як называецца кругаль, якім сканчаецца галоўка душа? Ці аладкі, наверчаныя паміж гайкай і шрубам? Ці насадкі на фен?

Яна валакла мяне далей, зноў схапіўшы за руку. Яна не цуралася фізічнага кантакту, а прагла яго, і мне вельмі прыемна думаць, что прычына палягала ў маім асабістым магнетызме, у тым, што не толькі мяне — да яе, але і наадварот. У рэшце рэшт, менавіта так здараецца ў фізіцы: калі адзін кавалачак магніту цягнецца да другога, дык і той, другі, таксама павінен прыціскацца, бо на іх уздзейнічае адно і тое ж прыцягненне…

Прайшоўшы праз неасветленае поле з частаколам старых слупоў (на некаторых бачныя былі падобныя да хвалі Басфору арабскія пісьмёны), мы апынуліся ля невялікага мура, за якім віднеліся яшчэ слупы са сцежкай прасекі. За імі ўтульна свяцілася кавярня. Тут у роўным жоўклым святле палілі кальяны тубыльцы. Аўтаматаў Калашнікава бачна не было, хоць яны вельмі пасавалі б да інтэр’еру.

— Аўсэнціці! — гарэзліва крыкнула Наста і пацягнула мяне ўнутр.

— Ты ўпэўненая, што нам, гаротным турыстам, якія нясуць маральную адказнасць за тое, што Газа плача (нясуць разам з усёй заходняй гемісферай) тут не навешаюць звіздзюлёў? — шапнуў я ёй на вуха, і фраза аказалася даўжэйшай, чым гэта было патрэбна сінтаксічна, бо дужа ўжо прыемна было адчуваць аксаміт мочкі яе вуха на сваіх вуснах. — Занадта ж мы далёка ад турыстычных лакацыяў! А твары ў гэтых — як у спадароў з Аль-Каіды…

— Relax! — прапанавала мая бясстрашная спадарожніца. — Гэтыя людзі — лакальныя інтэлектуалы. Тут толькі інтэлектуалы ходзяць у кавярні на могілках.

— Дык мы на могілках? — зароў я.

— А дзе ты думаў? Гэтыя слупы — надмагільныя камяні!

— І яны тут ядуць? Сярод мерцвякоў?

— Пудзіла, ты колькі ў Стамбуле пражыў?

— Два тыдні!

— І ні разу не бачыў кавярні на могілках? Тут іх як гною ў хлеве!

— Але ж у чым сэнс? Хіба гэта дадае апетыту?

— Сэнс у тым, Джон Вілаў, мастацтвазнаўца, што гэтыя кавярні ўзніклі шмат стагоддзяў таму, калі могілкі ад іх былі далёка-далёка. Праз тры вуліцы. Кавярні стаялі на месцы, бо хадзіць не здольныя, няма ў іх ног, а могілкі шпарка разрасталіся. Таму што чалавек мае такую ўласцівасць — паміраць праз нейкі час. А ў вялікіх гарадах людзей занадта многа. І мруць яны, як тыя чэрці на Вялікдзень. Ну і, натуральна, праз нейкі час кавярня далёка ад могілак ператвараецца ў кавярню на ўскрайку могілак, затым у кавярню пасярод могілак. Без шкоды для якасці кавы! А цяпер раскажы мне, мастацтвазнаўца Джон Вілаў, сваю гісторыю! Што вымусіла цябе павесіць нос і разважаць пра сваё вялізнае гора?

Грала незаўважная арабская музыка, мармыталі навокал некалькі тузінаў турэцкіх інтэлектуалаў, і яшчэ некалькі тысячаў маўчалі за іх спінамі, а я падбіраў словы, каб мой расповед не выглядаў шкадаваннем самога сябе. Два тыдні таму я прыляцеў у Стамбул выканаць буйную замову, якую арганізаваў мой былы вораг, Марсэль Дзюпер’е.

Замова была ад Бэнк оф Нью-Йорк, які вырашыў дэкараваць свой новы офіс у Маскве чым-небудзь пранізліва сімвалічным. Expert-buyer, які супрацоўнічаў з Le Bricolage International Марсэля Дзюпер’е, знайшоў у Стамбуле вялізнага Саўрасава 1884 года. Яшчэ ён адшукаў у Парыжы неблагога Левітана, але той каштаваў на паўтары мільёны еўра даражэй і быў на паўметры меншым па памеры. Здаецца, апошняе якраз і пераканала кліента. Растлумачыць CEO, навошта аддаваць за пагонны метр нейкага даўно памерлага рускага больш грошай толькі таму, што ў вузкім коле мастацтвазнаўцаў ён лічыцца больш дасканалым мастаком, expert-buyer не здолеў. Тут узнікла яшчэ адна акалічнасць: у Дзюпер’е, які з’яўляецца сусветна вядомым экспертам па французах, проста не знайшлося мастацтвазнаўцы, які б пацвердзіў аўтэнтычнасць Саўрасава.