Выбрать главу

Прадавец, па словах Марсэля, быў суб’ектам паважаным, але набываць шматмільённы алей у Стамбуле і не праверыць яму ныркі і лёгкія на рэнтгене было б непрафесіяналізмам. Канстанцінопаль некалі быў сусветнай сталіцай падробак. Менавіта тут яшчэ ў гады Хрыста навучыліся так падрабляць бірузу, што фэйк выяўляецца толькі пігментным аналізам з дапамогай электроннага мікраскопа памерам з Белы Дом. Карацей, Дзюпер’е вырашыў забыцца на старое і звярнуўся да мяне. Я быў вельмі ўсцешаны, бо мне падавалася, што французы ніколі не даруюць нефранцузам крытыку французскага мастацтва. А я неяк у прысутнасці les femmes даволі катэгарычна заявіў, што захапляцца Дэлакруа — тое самае, што захапляцца фільмам Taxi-2, пададзеным у выглядзе каляровых коміксаў. Дзюпер’е напышліва заявіў, што яго PhD быў прысвечаны Дэлакруа і што амерыканец, які спрабуе разважаць на тэму французскага мастацтва, падобны да менеджэра McDonald’s, што сутаргавата вырашае, якія малюнкі варта паставіць на плакат French weeks in McDonald’s. На тым і развіталіся. І тут раптам ліст, прапанова, на камісійныя ад якой можна было б набыць Дэлакруа немалых памераў.

Я выправіўся ў Стамбул. Палатно чакала мяне на віле «паважанага прадаўца», морда і БМВ якога павінны былі мне сказаць усё, што трэба. Я хадзіў вакол гэтага Саўрасава і пакутаваў, як кот, які бачыць прыгожую цнатлівую котку, але сапсаваць не можа, бо пакладаны (ці тое слова? І mean castrated. Help me, Janka!) шмат год таму. І вось нейкая эмацыйная дыстурбія непакоіла, але зразумець, дзе закапаны слон, — немагчыма. Кампазіцыйна праца з’яўлялася літаральным паўторам знакамітага шэдэўра «Прасёлак» 1873 года, другога па вядомасці пасля ягоных «гракоў»: над раздзяўбаным, размяклым з-за дажджу суглінку ў роспачы і наўскасяк стаяць шэсць нягеглых дрэўцаў, неахайных і нібы п’яных. Навокал — ні душы, ні следу цывілізацыі, ні кроплі чалавечнасці, няма нават Божай прысутнасці, галеча і пустэча.

Над арыгінальным «Прасёлкам» у Саўрасава светлае неба, бачна, што хутка развіднее. На палатне, якое было вынесена на мой экспертны суд, неба было шэрым без аніякага прасвету. Як быццам дождж збіраўся доўжыцца, пакуль таму беднаму «прасёлку» не прыйдзе поўны гамон. Сапраўды, вельмі сімвалічная карціна, і я магу ўявіць як трапна выглядала б яна ў прадстаўніцтве Бэнк оф Нью-Йорк у Маскве. Аднак штосьці шкрэбла, не давала спакою…

Пачаў вывучаць. Колькасць дрэваў, профіль пагорка, нават сляды ад вазоў — усё супадала літаральна, да рысачкі. Быллё на ўзбочыне, перададзенае некалькімі крананнямі пэндзля. Форма лужынаў. Пачуццё безвыходнасці, імя якому — Расея.

Толькі асвятленне іншае. Што не дзіўна, бо арыгінальны «Прасёлак» быў бадай што эцюдам, хутка напісаным у Падмаскоўі па слядах толькі што ўбачанага цуду сканчэння дажджу. Усё лагічна, але бянтэжыла тое, што палатно такіх памераў не было зафіксавана нідзе ў каталогах, не згадвалася ў ліставаннях, у пасмяротных вопісах. Хіба магло знікнуць нешта настолькі значнае? У той час, як сам «Прасёлак» — меншы па памерах і (буду сумленным) меней дасканалы па тэхніцы, вісіць у Трэццякоўцы, згаданы нават у расейскіх школьных падручніках?

Копія? Магчыма. Саўрасаў пасля 1871-га, калі ўпершыню былі экспанаваныя «Гракі», стаў надзвычай вядомым, крытыка яго называла «бацькам рускага пейзажу». Натуральна, маглі знайсціся прагныя зрабіць копію і загнаць яе якому-небудзь купцу. Аднак не коціць. Бо «Прасёлак» не выстаўляўся 20 год, да 1893-га. «Прасёлак» не мог убачыць выпадковы глядач з мальбертам, бо Саўрасаў падараваў яго сябру, які схаваў пейзаж і не паказваў публіцы.

Я пачаў экспертызы. Зрабіў спектральны аналіз. Узяў саскобы фарбы для праверкі ізатопамі: усё, як пазначана ў дакументах: 1884 год. Адзінае, што марфалагічны аналіз ультрамарынавага спектру выяўляў яго супадзенне з заборамі, зробленымі на палотнах мастакоў з Разані. Але што Масква, што Разань — адна трасца! Не тая гэта дэталь, якая з’яўляецца істотным фактарам, на падставе якога можна скасаваць папярэднюю дамову аб набыцці.

Запрасіў рускіх саўрасазнаўцаў. Ніякай буйной копіі «Прасёлка» з навальнічнымі аблокамі яны не ведаюць. Аднак у 1884-м годзе Саўрасаў моцна піў і таму лёгка мог напісаць нешта ў спіртавым накдаўне, хутка прадаць і забыцца, нават у ліставанні не ўзгадваць. «Вы ж ведаеце, як гэта бывае», — адзначылі яны. Рускія прапанавалі зрабіць уласную экспертызу, заказчык упёрся: гэтым дай дзесяць соцень, яны прызнаюць, што набыты на кірмашы ў Сакольніках партрэт Леніна зрабіў Леанарда да Вінчы.