Хадзіў я вакол Саўрасава, і было мне неспакойна. Урэшце — прызнаюся шчыра — асноўны орган успрымання для мастацтвазнаўцы, які зрабіў рэпутацыю на вызначэнні аўтэнтычнасці шэдэўраў жывапісу цэнаснай катэгорыі «люкс» — пятая точка. Можна зрабіць усе экспертызы і знайсці дакументы, якія абгрунтоўваюць патрэбную гіпотэзу. Можна з дакладнасцю ў 80 адсоткаў (большай тут не бывае) вызначыць індывідуальныя прыкметы мастака. Але ж калі пятая точка непакоіцца, лепей адмовіцца ад экспертызы і нават не шукаць лагічных на тое прычынаў. Інтуітыўна я адчуваў пастку. Аднак надта прыемна было атрымаць замову ад кліента, якога не здолеў задаволіць уласнымі сіламі сам Дзюпер’е. Занадта ж ліслівіла думка, што Марсэль пайшоў на замірэнне. Я паклаў перад сабой паперку, побач з ёй — certificate of authenticity, які чакаў майго аўтографа.
На паперцы напісаў:
- літаральнае падабенства пейзажу (раздзяўбаны шлях, пагорак, дрэвы)
- немагчымасць копіі (1873, 1884, 1893)
- падабенства тэхнікі.
Уся мая існасць казала — «не!». Аднак трыяда фактаў супакойвала: «так!». «Давай, хутчэй пагаджайся!». Нячысцік-спакушальнік нашэптваў: да траціны ўсіх мастацкіх твораў, што паспяхова набываюцца на аўкцыёнах, — «фэйкі». І фундаментальная роля запрошанага для іх ацэнкі эксперта палягае не ў тым, каб выкрываць несапраўднасць, не ў тым, каб разбурыць ілюзіі чалавека, якому нясцерпна хочацца набыць Кандзінскага ці вазу дынастыі Мінь, але ў тым, каб дапамагчы асэнсаваць набыццё, расквеціць перфоманс уласным мастацтвазнаўчым аўтарытэтам, які скараецца, крануты фінансавай магутнасцю пакупніка. Калі пакупнік цвёрда вырашыў набыць мастацкі твор, гэта значыць, што ў яго перш за ўсё ўзнікла сімпатыя. І місія мастацтвазнаўцы — не парушыць яе. Паспрыяць шлюбу. Правесці да ложка. Пагасіць святло.
І я ляпнуў адбітак уласнай пячаткі. І падпісаўся, указаўшы рэгаліі. Блаславіў ды прапанаваў жаніху і нявесце абмяняцца пярсцёнкамі. І вось сёння зранку, калі я ўжо планаваў свой зваротны шлях, са скрыні агенцыі Марсэля пакупніку прыйшоў ліст. З садысцкай копіяй мне. Ліст быў падпісаны асабіста знаўцам Дэлакруа. Назва — «Greetings from Ronald McDonald». Усяго некалькі словаў.
— Хвіліначку, — Наста перапыніла мяне.
— Што? — я ўсхапіўся ад нечаканасці, збянтэжаны тым, што яна спыніла мяне ў самы фатальны момант майго расповеду.
— Сядзь! А ну сядзь! — напаўголасу загадала яна.
— Ну, што?
— Паглядзі на гэтага чалавека, — прапанавала яна, кіўнуўшы на турка, які, здаецца, толькі хвіліну назад тут з’явіўся, аднак ужо прагна смактаў кальян на лежаку зусім побач з намі.
Я паглядзеў: дзве рукі, дзве нагі, галава, барада. Нічога прыкметнага.
— Што з ім не так?
— А тое, што гэта той самы джэнтльмен, які прадаў нам каштаны.
— Ты ўпэўненая? Як гэта можа быць?
Яна паціснула плячыма. Зірнуў яшчэ раз. Выпешчаныя рукі, ільсняная скура, цяжкія вусны, тоўстыя, нібы зробленыя з пластыліну вушы. Падобны да Буды асалоды, які прыняў іслам. Трыццаць кіло лішняй вагі. Выпраменьвае пачуццё ўласнай бяспекі і спакою. Я паспрабаваў пажартваць:
— Паўторы фрагментаў рэальнасці — прыкмета таго, што «матрыца» перагружае сістэму з-за крытычнай памылкі, абумоўленай з’яўленнем побач агента Сміта?
Яна зноў паціснула плячыма. Нічога адметнага. Кароткая, нейтральная жэстура. Аднак на яе твары глыбы і слаі прыйшлі ў зрух і пачалі вар’яцкі павольны рух — ускраек вуснаў папоўз убок, як тапелец, якога цягне да гарызонту абыякавая і няўхільная плынь. Ператварэнне далікатнай прыгажосці ў мярцвяцкую агіду адбылося з хуткасцю кажана, цень ад якога яшчэ не паспеў цябе напужаць як след, а валасы ўжо ўздыбіліся ад хуткага дотыка крыла. Мне зрабілася страшна.
— За табой сочаць?
І зноў пацепванне плячыма. Без эмоцый. Без страха. Са здранцвеннем. І раптам:
— Не бойся нічога, Джон Вілаў. Ты са мной. І гэта не твая вайна.
— Яны што, хочуць забіць цябе?
Наста ўскінула руку, энергічна памахала афіцыянту. Той шчыра ўсміхнуўся і падняў руку ў адказ: як гэта файна — быць сярод сяброў увечары і нікуды не спяшацца!
Па тэлевізары, які побач з ім глядзела яшчэ некалькі суворых барадатых мужыкоў, паказвалі нешта неверагодна цікавае. Яны назіралі з выглядам саўдзельнікаў злачынства. Ён ніяк не мог падняцца. Плясне ў далоні, пачне ўставаць (апынулася, што ў стамбульскіх кавярнях уздым з лежака — складаны і працяглы працэс), а хтосьці побач пачне цокаць языком ды качаць галавой, і ён застанецца, прылеплены да экрана на яшчэ некалькі невыносных хвілін. Я разумеў, што калі за Настай сочаць (з якой мэтай? Забіць? Збіць? Не дазволіць укрыцца ў Штатах? Ці падгледзець, дзе, у якім горадзе яна схаваецца?), трэба бегчы тэрмінова, каб наш шпег не паспеў прыпусціць за намі. Трэба проста пакінуць грошы, неапраўдана больш, чым можа каштаваць гарбата, і рваць! Аднак страх скаваў волю і замест актыўных дзеянняў я зачаравана глядзеў на афіцыянта, які зачаравана назіраў за тэлевізарам.