Выбрать главу

Урэшце ён знайшоўся: павярнуў экран у залу, да нас (мужчыны сінхронна перамясціліся, як вадкасць у архітэктурнай прыладзе, якая вымярае ўзровень ухілу паверхняў. (I do not know the name of it in Belarussian, do you know, Janka). Таямніцай, на якую яны так загіпнатызавана вылупіліся, з’яўлялася пяць дзяўчын, якія то сыходзіліся ў карагодзе, то павольна на адным месцы танчылі перад камерай. Па еўрапейскіх мерках на маладзіцах было дастаткова адзення, каб перажыць суворы снежань ў Стамбуле, але па мерках гэтых мужчын адбывалася нешта адметнае.

— Новая іракская тэлевізія! Амерыканцы прывезлі ў Ірак свабоду! — патлумачыў афіцыянт з чырваненнем цнатлівага эратызму. — Раней па гэтых каналах толькі твары з-пад хіджаба можна было паказваць! А цяпер во як!

Позірк паспеў засяродзіццца на тым, як падкрэслена па-майстэрску былі падведзеныя вочы ў жанчын, з якім густам і стараннем была дагледжаная тая частка твару, якая звычайна бачная з-пад хіджабу: стагоддзямі тут вучыліся спакушаць мужчын адно зрэнкамі, бровамі, ды што спакушаць, сам канцэпт спакусы быў пад забаронай. І вось раптам у дзяўчын у валадарстве апынулася цела — усё тое цела, якое раней не існавала, драпіравалася, каб нішто не нагадвала, не падказвала, якія сцёгны, якія грудзі і ці ёсць яны там. І гэты павольны рух у дзявоцкім карагодзе, рух зусім не эратычны, хутчэй адштурхоўваў няўпэўненасцю ў тым, што так — можна, што можна вадзіць карагод, ведаючы, што недзе на цябе лупяць вочы мужыкі.

Аднак мы ўжо разлічыліся, мы ўжо беглі прэч, а той барадаты шпег не варухнуўшыся назіраў за намі, маючы на твары ўсмешку ці то прыязнасці, ці то пагарды, не, не, відавочна пагарды — бяжыце, бяжыце, баязліўцы, усё роўна гэта не ваш горад, мы паўсюль, мы ведаем усе вашыя маршруты ды сцежкі, і паўсюль у нас пасткі, пад кожнай ялінкай, пад кожным кустом. І зноў мы сунуліся праз змрочныя, неасветленыя калідоры тутэйшых вуліцаў, на якіх трапляліся пучкі святла, у якіх можна было заўважыць сюрэалістычныя сцэнкі, хуткія, як летуценне перад золкам: фрагмент нечай кухні, вынесены на вуліцу — клецістая цырата, на ёй — пакінутая талерка з пачатай заціркай з сачавіцы, і цішыня, і нікога, загадкавая магія быцця, Марыя Селеста раптоўнага званка ці запрашэння…

Старая, якая цыруе на швейнай машынцы надзіманую гумавую не, не жанчыну — лодку. Высокая лава, на якой, як на троне, стаіць дапатопны радыёпрымач, а навокал — цэлая дэлегацыя заўзятараў, слухаюць футбольны матч, напружаныя, усхваляваныя… І пранізлівае жаданне спыніцца, застацца, сесці побач, нават не так: хочацца адматаць жыццё назад і стаць самому такім, здольным да простага шчасця, да сядзення ў цёплую снежаньскую ноч ля прымача з лепшымі сябрамі…

Але табе — наперад, за гэтай загадкавай вар’яткай з Беларусі, за якой гоніцца праз ноч таямнічы пераследнік, нябачны, аднак рэальны, такі рэальны, што адчуваеш скурай, каркам, той самай пятай точкай… І пачынаеш разумець, пазбаўляючыся ад прыкрай дзіцячай наіўнасці, што ўсё, што было ў нас дагэтуль — усе гэтыя раптоўныя скокі на трамвай ды з яго, збочванне ў завулкі, у якія ніколі ніводзін заходні турыст носа не пакажа — дык вось, што ўвесь наш «рамантычны праменад» быў для ейнай халоднай свядомасці ўцёкамі, цвярозым выбарам найбольш бяспечнага маршруту, на якім нас не заўважаць, не адсочаць, і што нават кавярня на могілках была абраная не па прынцыпе максімальнай экзатычнасці, як мне падалося спачатку, а дзеля таго, каб пазбавіцца ад выпадковых візіцёраў, скараціць колькасць падазраваных да мінімуму, які ўначы цягнецца піць каву на могілкі.

Мы запавольвалі свой бег, апынуўшыся на беразе: чорная няіснасць мора ды цэлы зіхоткі горад з карабельных агеньчыкаў ля гарызонта. І вось ужо Наста супакоілася настолькі, што запытала ў мяне, дык што там з маім Саўрасавым — запытала інтанацыяй, якая дэманстравала нязначнасць і нецікавасць усёй гэтай гісторыі, і мае праблемы сапраўды падаліся мне самому нязначнымі ды нецікавымі… А побач была хісткая адрына кавярні, асветленая, як тая ўтульная батлейка з немаўляткам-Хрыстом ды вяшчунамі, якая штогод з’яўляецца ля нашага касцёла: цёплае, магічнае адценне, нібы наўмысна створанае на палітры для таго, каб адбівацца на постацях, жывёлах ды яслях, якія ўсе разам сімвалізуюць галоўны цуд нашай цывілізацыі. Ля адрыны быў не менш біблейскі падстрэшак, крыты ці то шыферам, ці то саломай, пад ім — два крэслы, на якія мы відавочна павінны былі сесці, бо адна з нас дакладна была святой (тады я яшчэ гэтага не ведаў).