Выбрать главу

Шапацеў дождж. Грукатала мора. Жыццё было цудам.

— Чым усё скончылася з Саўрасавым? — запытаўся я, нібы намагаючыся ўспомніць: а сапраўды, чым? — Ліст. Сёння раніцой атрымаў ліст. Ад Дзюпер’е. Дагэтуль я прызнаў аўтэнтычнасць «Прасёлка-2», які з-за дажджу і патаемных прадчуванняў пакупніка вырашана было назваць «Безвыходнасць». А як яшчэ вызначыць пачуцці таго, хто вымушаны жыць і займацца бізнесам у Масковіі?

Дык вось. У лісце была фотка гэтай працы на сценцы музея, побач з шыльдачкай, на якой даволі разборліва было пазначана: «Іван Анісімавіч Зайчыкаў. „Дождит“. 1884 год». І даведка Дзяржаўнага музея Разані аб продажы палатна Івана Анісімавіча Зайчыкава «Дождит» пакупніку са складаным турэцкім прозвішчам. І далей — перакладзены на кудлатую ангельскую мову бліскучы жыццёвы шлях Івана Анісімавіча Зайчыкава, які «was born and went a long creative path in beloved Riazan». «Крыэйціў пафф» (творчаскі шлях, між іншым) Івана Анісімавіча ў геаграфічным плане больш нагадваў кропку, чым адрэзак ці прамую. «Шлях» пачаўся ў Разанскай школе малявання, а скончыўся на Серафімаўскіх могілках Разані, дзе Івану Анісімавічу паставілі надмагілле ў выглядзе трох пэндзляў, якія растуць з крыніцы натхнення (сімвал «improbable talent» Івана Анісімавіча). Надмагілле спраектаваў вядомы разанскі архітэктар, блізкі сябра Зайчыкава, Аркадзій Дартуар-Сібірскі. Ад усяго гэтага патыхала такой непрагляднай безгустоўнасцю, што мне стала цяжка дыхаць. Я нават не з першага разу здолеў прачытаць выдатную гісторыю палатна «Дождит», якое Іван Зайчыкаў напісаў у цэнтры Разані, побач з рынкам, якога не бачна з-за пагорка. Пра тое, які моцны зарад любові («blast of love») да ўласнага краю, Разанчшыны, закладзены ў гэты твор. Пра тое, што выплачаная пакупніком са складаным турэцкім імем сума ў сем тысяч даляраў — нішто ў параўнанні з шэдэўрам, якім ганарыцца край. І што ўсе гэтыя грошы пойдуць на аднаўленне музея і арганізацыю побач з ім фантана, які будзе абсталяваны святламузыкай.

Як ні дзіўна, першая думка была не пра тое, колькі можна зарабіць на касе ў McDonald’s, а пра тое, якая гэта неймаверная краіна — Расея, у якой два творцы, аддзеленыя адлегласцю, роўнай сярэдняй па памерах еўрапейскай краіне, могуць стварыць два літаральна аднолькавыя пейзажы, з пагоркам, шасцю дрэвамі ды знішчаным, бедным шляхам. Пра тое, што такі «Прасёлак» у любым іншым месцы быў бы адзіным на ўсю краіну, да яго з’язджаліся б цікаўныя, каб паназіраць, якія формы можа набываць абыякавасць ды неруплівасць, а тут людзі бачаць «прыгажосць» ды «blast of love». Але ж так, адразу пасля гэтага я падумаў, колькі можна зарабіць на касе ў McDonald’s.

Агенты Бэнк оф Нью-Йорк хуценька так інфармавалі ўвесь мастацкі свет аб тым боўдзіле з доктарскім дыпломам, які не можа адрозніць генія пейзажнага жывапісу Саўрасава ад Івана Анісімавіча Зайчыкава.

— Слухай, я баюся парушыць крыштальны свет тваіх ілюзіяў, згодна з якімі ёсць Амерыка і ёсць уся астатняя Зямля, адзіная ў сваім адрозненні ад ЗША… Аднак што на тваю думку Саўрасаў мог рабіць у Стамбуле? Цябе гэта не здзівіла? Не вымусіла задумацца? Бо, ведаеш, ад Турэччыны занадта ж далёка да Расеі!

— О, тут ніякага алагізму няма! Справа ў тым, што рускія эмігранты першай хвалі валакліся ў выгнанне праз Стамбул. Чырвоная армія не адразу захапіла Крым, ён нейкі час захоўваў незалежнасць. І яны спачатку чухалі ў Крым, марылі там зачапіцца на час, пакуль Саветы не падохнуць, а яны ж надта жывучымі апынуліся. Ну і, карацей, пасела з таго боку мора ўся гэтая эміграцыя на параходы ды паплыла сюды. Гэта былі заможныя людзі, якія валодалі асноўнымі каштоўнасцямі Расіі. Так тут, у Стамбуле, апынуліся скарбы, якіх не знайсці нават у музеі Смісоніан, у якім ёсць усё.

— Вешаеш, Джонічак! Так табе і трэба! — выслухаўшы мяне, сказала яна.

— У сэнсе?

— Атрымаў ты па заслугах, вось што. Бо ніякі ты не мастацтвазнаўца. Ты — марадзёр. Горшы за тых, хто на вайсковых захаваннях па-чорнаму капае, каб раскалупаўшы магілу жаўнера, знайсці рэліктавую бляшанку арміі Вермахта, за якую на E-bay можна пару соцень выбавіць.