Выбрать главу

Мо справа ў тым, што ў 1991-м, калі пайшла новая хваля моўнага адраджэння, у беларускіх гарадах амаль не было медзяных помнікаў? А тыя, што былі, увасаблялі канцэнтраваную сімволіку антыбеларускасці, імперскасці, ды пакрывала іх не «міска», а галубінае лайно, і гэта здавалася натуральнай помстай гісторыі?

І, з другога боку — тое, што вабіць у мове любога падсвядомага першапраходца, што ператварае аўтара з чалавека, які ўціснуты ў пастарунак пісаных нормаў, у эксперыментара кшталту Кэрала ці Хлебнікава. Калі я па-руску напішу «дубень», каб ахарактарызаваць кагосьці настолькі тупога, што простага азначэння «дуб» ужо не хапае, то гэта будзе памылкай, аб якую спатыкнецца рэдактар, якую прыйдзецца выпраўляць, вяртаючы ўласную лексічную фантазію ў прастору канвенцый ды нормаў. Беларуская мова даруе пэўную ступень вольнасці. Больш за тое, існуюць цэлыя выспы лексікі, не знойдзеныя маімі папярэднікамі на мапе ўжо існых маўленняў, але створаныя штучна, для ўласнай пацехі. Я не ведаю, ці выкарыстоўваў хто-небудзь «біболу» ці «ізюбра» да Караткевіча. І калі выкарыстоўваў, ці ў тым правапісе. Я хачу верыць: не, не выкарыстоўваў. Я хачу верыць: мова поўнілася ды расквечвалася фантазіямі Караткевіча, Быкава, Бахарэвіча ды ўзбагачалася імі. Бо калі не пісьменнікі будуць вынаходзіць новыя сакавітыя словы, дык каму гэта рабіць? Зрэшты, любы ўдалы тэкст у першую чаргу гэта злепак пэўнай манеры мыслення, пісання, маўлення і толькі ў другую — уласна сюжэт.

І яшчэ. «Сцюдзёным выраем» я нічога нікому не збіраўся даказваць. Немагчыма напісаць такі тэкст на мове, якую ведаеш не больш за таямнічую незнаёмку, прыцягальную ды недаступную, якая хвалюе цябе раз-пораз трапляючыся ў калідоры ля офіса, у чужым аўто, у музеі. Немагчыма пісаць выключна для доказу камусьці чагосьці. Адзіная прычына, па якой я ваяваў з гэтым сюжэтам, падаючы яго па-беларуску, — у тым, што ні на воднай іншай мове свету ён пададзены быць не можа.

У пэўным сэнсе гэта расповед пра мову як такую. Пра беларускае як такое. Пра нас з вамі, сябры. Дык як можна было казаць пра гэта на іншай мове? Хутка вы самі ўсё зразумееце.

Апошняе. Для чалавека, які столькі год пісаў па-руску, зрабіцца беларускамоўным немагчыма — фізічна, псіхічна, лексічна. Немагчыма! Адзінае, на што я магу спадзявацца, калі гэты эксперымент (ён яшчэ не скончаны, і нават не ўяўляю, дзе ён будзе выдадзены і ці будзе выдадзены калі-небудзь!) атрымаецца, дык гэта шызоідны статус білінгвы, расколатага суб’екта, чалавека, які ўсё астатняе жыццё будзе сядзець на двух крэслах. Якія наступствы мае білінгвізм, файна бачна а хаця б па таму ж Набокаву, на ўжыванне прозвішча якога ў межах гэтага тэкста трэба ўводзіць эмбарга. Нагадаю, што да самага скону аўтар «Лаліты», «Bend Sinister» ды іншых дасканалых англамоўных тэкстаў, меў на сваім стале Вялікі оксфардзскі слоўнік, з якім вандраваў па ўсёй Амерыцы. Па-руску ён у нейкі момант пісаць сабе забараніў, аднак час ад часу не вытрымліваў ды ствараў прыгожыя і лёгкія, напітаныя шматузроўневымі сэнсамі вершы. Калі ён паспрабаваў наладзіць кладачку паміж двума сусветамі, якія парушалі адзінасць ягонай псіхікі, калі паспрабаваў зруйнаваць перагародкі паміж англамоўным ды рускамоўным пакоямі хаты ягонай існасці, ён ледзь не звар’яцеў — пераклад «Подвига» на ангельскую заняў больш часу, чым яго напісанне (існуе шмат даследаванняў, пераважна франкамоўных, тых трансфармацыяў, якія адбываюцца з псіхікай білінгвы, калі той спрабуе займацца перакладам уласных твораў).

Паглядзім, куды завядзе мяне экспедыцыя, якую я распачынаю зараз…

Віктар Марціновіч

13.01.2011