— Не ведаю, — бестурботна сказаў я. — А ты даўно тут?
— Даўно… Чакала пацвярджэння з амбасады… Паспела ўжо прымерыць эмігранцкі баўл… Асноўнае пачуццё, акрамя, канечне, адзіноты, бо ні з кім з радзімы не зкантактавацца — скампраметуеш, і сябе, і іх, дык вось, асноўнае пачуццё — нейкая неверагодная безабароннасць…
Мы зноў выходзілі з трамвая. Я не ведаю, як яна пераносіла нас у гэтыя трамваі, як яна вымушала рэальнасць рабіцца чымсьці другасным у параўнанні з яе воляй, яе планамі. Вось яна вырашала схававацца ў якую-небудзь непрыкметную вулачку ў самым цэнтры, каб хуткім дотыкам далоні зняць былінку з маіх валасоў і не рабіць гэта на праспекце, дзе шмат людзей, дзе ўсмешлівыя locals паглядзяць так, што нам абодвум стане няёмка, — і вулачка адразу ж апыналася побач, і яна цягнула мяне туды.
— Ты казала пра безабароннасць, — нагадваў я, і мне хацелася яе абараніць, зрабіцца супермэнам побач з ёй, яна ляціць заўтра зранку, я — увечары, але ў нас яшчэ ёсць аскепак ночы, ёсць троху часу на тое, каб абкружыць яе маім клопатам, падмацаваць артэфактам, надзець на руку бранзалет, як Рыплі на Рэбеку ў фільме «Aliens» — каб я ведаў, дзе яна, калі ёй патрэбная падтрымка…
— Безабароннасць — гэта калі ты не ведаеш, куды трэба тэлефанаваць, каб выклікаць «хуткую», калі зрабілася млосна. Куды бегчы, калі на цябе напалі. Да каго падыйсці, калі трэба пра штосьці спытацца. На радзіме, у горадзе, дзе ты нарадзіўся і гадаваўся, такіх пытанняў проста не ўзнікае, адказы відавочныя, а тут самае простае ператвараецца ў невырашальную праблему. І маці не дапаможа. Адчуваеш сябе аголеным у канцлагеры. Нават калі краіна — самая прыязная, кшталту Турцыі…
Мы падышлі да Галацкага маста. Ёсць такія месцы, кшталту Апіевай дарогі, у назвах якіх адчуваецца востры прысмак стагоддзяў, дзіўнае пазнаванне падзей музейнай даўніны ў назвах вуліц — як тая шыльда пра Скарыну, што вісіць на рагу ля Вакечу ў Вільні, ці «іпадром», ад якога ў колішнім Канстанцінопалі застаўся толькі слуп ды шыльдачка. Нашыя продкі будуць вучыць гарадскую гісторыю, якая з’яўляецца гісторыяй ужо для нас — па шыльдачках… Аднак — як на іпадроме, дзе нават самае вострае вуха не пачуе водгукаў таго ляманту, які разносіў вецер дзве тысячы год таму, так і на Галацкім мосце ўся гісторыя, уся гістарычнасць, закансерваваная хіба што ў назве. Стаяць шэрагі начных вудзільшчыкаў, побач з якімі дрэмлюць вёдры, а ў вёдрах лупяцца адна на адну зачараваныя рыбіны, якім ужо не пашанцавала. Рыбіны, у якіх ужо больш падабенства са смачнай вячэрай, чым з жывой істотай. А ўнізе, на другім ярусе (мост з-за свайго ўзросту раздваіўся, стаў двухпавярховым), турысты калупаюць відэльцамі экспанаты, якія б упрыгожылі любы музей мора. Менавіта туды я яе і павёў — упершыню за вечар перахапіўшы ініцыятыву, запрасіўшы Насту далучыцца да гастранамічнага вывучэння глыбіняў. Яна скарылася з крывой усмешачкай, ну вядзі, Джоні, а я пагляджу, як ты, турысціна нявопытная, неабстраляная, разбіраешся ў гастранаміі. Хутка высветлілася, што ў нас істотныя разыходжанні ў разуменні слова «добрая рэстарацыя»: для мяне прынцыповым быў выгляд, разнастайнасць страваў у меню, для яе — нейкая дзіўная «вартасць», якую яна разумела як суаднесенасць «кошту» і «якасці». І першае месца, дзе на ўваходзе нас сустракаў карсар, чымсьці падобны да Джоні Дэпа, яна адразу ж абвесціла «нявартым», тое ж самае, але з затрымкай на азнаямленне з коштамі ў меню, адбылося з другой і трэцяй рэстарацыямі, нават пасля майго запэўнення, што dinner is on me. Урэшце на адной з шыльдаў я заўважыў назву на кірыліцы. «Напэўна, ёй будзе прыемна павячэраць у рэстарацыі з кірылічнай назвай, ад якой, мабыць, патыхае радзімай, домам», — разважаў я. Рэстарацыя называлася «Золотои Бабушка», і яна спачатку думала раззлавацца на мяне за тое, што зноў праасацыяваў яе дом, яе гэтую Беларусь, з Расеяй і расейскай мовай, але хутка сама прыйшла да высновы, што «Золотои Бабушка» — гэта не па-руску. А калі нават па-руску, то з такім наборам памылак, што прыстойнаму беларусу вячэра тут павінна прыносіць асалоду сімвалічнай знявагай вялікай рускай культуры.
Даволі хутка прынеслі лобстэра, які апынуўся звычайным рачным ракам, але даволі вялікіх памераў. Афіцыянт пры гэтым меў такі лагодны выгляд, што я проста не мог пакрыўдзіцца на ежу.