— Там былі нейкія падзеі… Як быццам польскі народ вырашыў увайсці ў склад Савецкага Саюзу. А дзед быў супраць. І ён далучыўся да нейкага ўзброенага супраціву, быў resistance, ці штосьці… Але без шанцаў. І калі б дзед застаўся, яго б забілі. Фізічна знішчылі. Да таго ж маёнтак забралі, зрабілі там orphans shelter…
— Пра пакт Молатава-Рыбентропа ты, вядома ж, не чуў.
— Які ўплыў (impact — уплыў, англ., заўвага Я. П.)?
— Зразумела.
Яна змоўкла.
— А што там цяпер? — запытаўся я, каб прадэманстраваць, што мне баліць пра страчаную спадчыну.
— Там цяпер выган для скаціны. Кароў выводзяць, АПК побач. А на месцы вашага маёнтка — пустэча, парослая бадылём і ляшчынай. Нават цэглы не засталося — раскралі вясковыя на адрыны. Стаіць адзін драўляны слуп з карынфскім навершшам. Яны, тыя слупы, былі з дубу, італьянскія майстры carvings рабілі, Джон Вілаў. Я туды зайшла перад самым ад’ездам, развітацца. Назаўсёды…
Апошняе прагучала як папрок. Я ўзгадаў далеч, смарагдавыя поплавы, лес за вакном на карціне Жукоўскага. Хто я такі? Што я за чалавек? Хіба гэта натуральна, што далягляд, пра які я марыў у юнацтве, далягляд, які завёў мяне ў гісторыю мастацтва, выруліў да гэтага невыноснага, карыкатурнага Саўрасава, не існуе болей нідзе, акрамя майго ўяўлення ды алею, арыгінал якога замкнёны ў музеі краіны, ад якой бяжыць гэтая дзяўчына? Хіба натуральна, што я — нашчадак (хіба ж — маральны!) гэтага далягляду, не магу з ім павітацца, а нехта зусім незнаёмы, не датычны да маёнтка, з ім развітваецца? Развітваецца так, як быццам бы гэты далягляд для яго нешта больш, чым роднае, увасабленне паняцця «радзіма»? Чаму я — не там, ля таго вакна? Як сталася так, што яно ператварылася ў пыл ды бур’ян?
— А ці… Ці прыгожыя там поплавы (я казаў — meadow)? Перад домам?
— Якія поплавы, Ян? Ты разумееш, што ты кажаш? Дом стаіць пасярод лесу! Ваш дэндрар за домам ператварыўся ў пушчу! А трохі наўзбоч — там, дзе была хатка садоўніка, цяпер карпусы АПК! Кароўнік, КЗС, свінарня. І пратаптаная каровамі сцежка да сажалкі!
Я абхапіў далонямі свой твар. Чамусьці я быў упэўнены, што далягляд, поплаў, колер неба, лес — гэтыя рэчы не кранае час. Што яны належаць да канстантаў быцця. Сімвалічна, што гэтая думка прыйшла да мяне ў рэстарацыі «Золотои Бабушка» на Галацкім мосце. Наста мае рацыю. Я сапраўды прастадушны дурань.
— Наста… Як будзе forgive me па-беларуску?
— Prabach miane, — падказала яна. — Там такое ж кіраванне, спачатку дзеяслоў, потым займеннік.
— If you can, please. Prabach miane. За мову.
Яна пагардліва чмыхнула:
— Не ў мяне прабачэння прасі!
У каго я павінен быў прасіць прабачэння за тое, што забыўся на мову? У каго? У радзімы, якой болей не існавала? У далягляда? У Жукоўскага? У дзеда, які лічыў сябе палякам? Ці, можа, у Бога?
Нас разлічылі, і Наста ўтварыла феерычны скандал з нагоды занадта, на яе думку, вялікага рахунку, у які я нават забыўся зазірнуць, аўтаматычна працягнуўшы афіцыянту крэдытку.
— Што, пачуў, сабака, ангельскую мову і вырашыў, што прыйшлі лёгкія грошы? — надрывалася яна, а мне было няёмка, я хаваў вочы, тым больш у хлопца былі сваякі ў Бостане, ён мог падумаць, што там усе такія wild!
Хутка я наогул перастаў разумець, што адбываецца: у Насты з афіцыянтам пачалося нешта кшталту аўкцыёна, яна прапаноўвала, каб я заплаціў палову рахунку, а ён настойваў хаця б на двух трацінах, і яны спрачаліся спачатку на ангельскай, потым на невядомых мне мовах і надта ж эмацыйна жэстыкулявалі. Калі з абодвух бакоў пайшлі пагрозы выклікаць паліцыю (Наста і афіцыянт набіралі нумары на тэлефонах адначасова і нават адначасова рабілі выгляд, што сапраўды кагосьці выклікаюць на «Galata’s Bridge Babushka»), я грукнуў далонню па стале і аўкцыённым голасам абвясціў: «Прададзена»!
— Я захавала табе дваццаць баксаў! — з гонарам сказала яна, калі мы пакінулі «бабушку».
Мы рушылі на пагорак, дзе знаходзіўся адзіны засвоены мною пешшу раён Стамбулу — бяспечны ды раскошны Бейёглу, які амаль немагчыма было ўначы адрозніць ад Бостана, Парыжу ці любога іншага глабалізаванага гораду. Навакольны ландшафт напаўняўся эйфарыяй універсальнасці ды зразумеласці, як быццам бы Nike на гэтай пэўнай, строга акрэсленай тэрыторыі перамог Naik, Neki, Niky і іншых стрыечных братоў-мутантаў. Крок у бок — рэальнасць пачынала хістацца, мінак ветліва запрашаў набыць у яго вязанку «залатых» гадзіннікаў «Патэк Філіп» за 10 даляраў. Але тут, на Бейёглу, прыстасаваны да брэндаў, да іх логікі ды іх дыктату розум заходняга чалавека не падвяргаўся вар’яцкім атакам памылак у правапісе ды коштах, якія выбівалі глебу з-пад ног. У водблісках вітрын, ля ўваходу ў Joop! які гэтым разам быў не фэйкам, як тры іншых Jup! Joope! Job! што мы сустрэлі за квартал да Бейёглу, Наста зноў дастала з кішэні айфон, кранула яго экран і са здранцвеннем на твары прабегла вачамі радкі навінаў. З захапленнем у голасе, адзначыла: