Я адношуся да прамежкавага тыпу, які знаходзіцца паміж тымі, у каго ўласны час наогул нічым не абмежаваны, і тымі, хто адбывае пажыццёвую добраахвотную паншчыну (а ніякіх іншых адносінаў з часам, акрамя поўнай добраахвотнасці быць не можа!). Яшчэ ва універсітэцкія часы павялося так, што я здаў прыкладна палову адпушчанага мне дзённага часу ў арэнду працадаўцам, запрасіўшы за гэта такі кошт, што атрыманная рэнта цалкам задавальняе патрэбы майго існавання ў астатнія гадзіны. Узамен з майго боку нашага time contract я прапанаваў добраахвотную эмацыйную прывязанасць да гадзінніка ды яго паказнікаў. Свабода ад часу, ад тых нероўнабаковых трохкутнікаў, якія ўтвараюцца стрэлкамі гадзінніка, напаткала мяне толькі некалькі разоў у жыцці. Упершыню — калі падчас вандроўкі ў Каліфорнію я паспрабаваў тое, што тады называлася сярод людзей майго ўзросту «aunty Mary» — з-за сугучнасці з забароненай ангельскай назвай. Час запаволіўся, а потым, пасля трэцяй глыбокай зацяжкі, зусім перастаў існаваць. Потым была яшчэ адна вечарынка ў Чыкага, падчас якой я так наклюкаўся (чатыры куфлі чырвонага каліфарнійскага!), што адчуў асалоду развітання са штодзённымі маркотнымі катэгорыямі, такімі, як час, пачуццё адказнасці (раніцай былі запланаваныя перамовы з кліентам у скайпе), ці, трохі пазней, з Мэры Лідлэй — чалавечая мараль.
Тут, з Настай, усё тое, што дагэтуль адбывалася са свядомасцю пад уплывам хімічных рэчываў, раптоўна сышло без усялякай знешняй дапамогі, як асаблівы ўзрушаны стан, у які я ўваходзіў ад яе неспакойнага знаходжання побач. Кантакт з гадзіннікам выканаў тую ролю, якую для п’янага грае спроба выгаварыць складанае слова ці рэзка ўзняцца, ці прайсці не хістаючыся. І з той менавіта механікай, з якой п’яны кажа сабе: о… як жа я нахлябтаўся…, я сказаў — о, як ж я… Як жа я прывязаўся да яе… Яна спыніла мой час і вымусіла мяне забыцца пра гадзіннік.
Месца, дзе трамвай выпусціў нас са сваіх набокаўскіх нетраў, знаходзілася на памежжы святла і ценю. Бейёглу тут сканчаўся, далей ішла цемрадзь ды смурод пачарнелых ад часу звычайных дамоў, што адмаўляюць геаметрычнасць ды прамыя лініі. Гэта азначала, што нам трэба развітвацца з ёй.
— Ужо час нам…, — сказаў я самотна. — Табе ляцець праз тры гадзіны.
Яна маўчала. Я працягнуў.
— Зноў prabach miane… Хаця б за тое, за што можаш прабачыць ты… З астатнім я паспрабую разабрацца. І яшчэ, я хацеў сказаць: дабро заўсёды перамагае зло. Заўсёды. Гэта фізічны закон. І нават калі цяпер, пасля той крыві на снезе, усё выглядае на тое, што зло перамагло, так не будзе, Наста…
— Дабро заўсёды перамагае зло, кажаш? — яна ўсміхнулася. — Толькі не ў гэтай краіне, Джон Вілаў. Толькі не ў ёй! Успомні свой маёнтак. Хто каго перамог?
Яна прайшла некалькі яшчэ крокаў, спыніўшыся на самай мяжы цемры. За яе спінай была бездань ды безвыходнасць расстання, немагчымасці майго існавання без яе. Бейёглу з яго трамвайчыкам ды начным натоўпам пад парасонамі адсюль нагадваў знакамітую перспектыву Манмартру, напісаную Манэ.
— Ты добры чалавек, Джон Вілаў, — звярнулася яна да мяне. — Ты наіўны, дурны, непісьменны, які забыўся на сваю мову, ты абыякавы ды напаўадукаваны пасля свайго Гарварду. Ты баязлівы, ты забабонны, ты маеш схільнасць да лішняе вагі і не ведаеш пра пакт Молатава-Рыбентропа. Але ж — ты добры чалавек. Таму ніколі. Ніколі не спрабуй патрапіць у гэтую краіну, у Беларусь. Ты там загінеш. Таму што калі дабро спрабуе перамагчы ў сумленнай бойцы зло ды хлусню, яно гіне. А што да мяне, дык я прыняла рашэнне. Я вяртаюся.
— Ты што?
— Вяртаюся. Здам білет заўтра і паеду ў зваротны шлях.
— Ты ў росшуку!
— Я пакуль пасялюся ў Вільні, сорак кіламетраў да мяжы! Побач, зусім побач. Жыць у Вільні для беларуса — усё адно, што жыць у Менску. Мова. Вёска. Вільня. Вільня — сталіца без краіны, Беларусь — краіна без сталіцы. Ты б зразумеў, калі б трохі ведаў гісторыю… Там усё такое ж. Да болю такое ж. Я пасялюся там і буду чакаць. Нават калі чакаць давядзецца дзесяць год. Пры першай магчымасці — паеду дадому…
— Чаму, Наста? Навошта? Ты ж вырашыла — і файна абгрунтавала! Што радзіма ўнутры! Што ты будзеш гадаваць яе ў ЗША!