Выбрать главу

— Вырашыла. План сапраўды быў добры. Але я сустрэла вельмі добрую ілюстрацыю таго, чым усё гэта скончыцца. Я сустрэла цябе. Твой дзед таксама, мусіць, вывозіў частку роднай «Польшчы» ў эмігранцкім клунку. Каб захаваць на чужыне. І што? Захаваў? Унук ані слоўца не разумее на яго мове! Дык гэта ўнук! Што будзе яшчэ праз тры калены? Што? Яшчэ адзін радавод «карэнных амерыканцаў», што забыліся на продкаў?

Я вінавата маўчаў. Я зразумеў, што стаў для яе нагодай, падставай для прыняцця рашэння, якое можа яе згубіць. Я пакутліва падбіраў словы, каб запэўніць яе, што я — выключэнне, аднак па ўсім выходзіла, што ніякае я не выключэнне, бо сапраўды большасць маіх сяброў называлі сябе карэннымі North Americans, нават маючы цёмную скуру…

— Viraj, Наста, — нагадаў я слова, якое цудам запомніў па-беларуску. — Ты імкнулася ў viraj. І амаль што даляцела!

— Вырай? — перапытала яна. — Дык гэта для птушак вырай там, дзе цёпла. Для чалавека вырай — там, дзе ягоны дом! А дом у мяне на поўначы, скаваны ільдамі. Мне туды! Да таго ж, выявілася, што на нябёсах таксама ёсць страх і кашмары. І што калі ты застрашаны, ты будзеш баяцца і ў Стамбуле, і ў Амерыцы… Ты не зразумеў, Джон, — дадала яна светла. — Адбыўшы свой тэрмін тут, у чысцяцы, я цяпер лячу не ў зваротны шлях, не на зямлю. Гэта іншая вандроўка. Гэтая вандроўка не назад, а наперад. Я ўзнагароджана выраем, узнагароджана нашай сустрэчай. Я лячу ў вырай, у свой заснежаны, сцюдзены вырай…

Я прачула абняў яе. Абняў, нібы збіраюся затрымаць у сваіх абдымках назаўжды, не пусціць на пагібель, на зняволенне, на вар’яцтва. І сапраўды, хто сказаў, што мы павінны зараз разысціся назаўсёды? Хто абвесціў гэты прысуд? І нават калі ён абвешчаны на нябёсах, я яшчэ магу яго абскардзіць, затрымаць яе побач і запэўніць (прыклаўшы ўсё ўласнае красамоўе) не ехаць у тую Вільню, якая мне падавалася невялічкім мілітарызаваным мястэчкам побач з уваходам у памежны падземны тунэль, які доўжыцца да самай Беларусі (тут перад кожным аўтобусам ці аўто са скрыгатам адчыняецца падобная да гільяціны жалезная заслона, якая аддзяляе цывілізаваны свет ад краіны, дзе абвешчана ў пошук Наста).

— Слухай, калі ты нікуды не ляціш з раніцы, дык чаму б нам не сустрэцца яшчэ раз? Напрыклад, апоўдні?

— Навошта? — запыталася яна.

Здаецца, Наста вырашыла, што я адыграў сваю ролю ў ейным жыцці і магу сысці ў непатрэбны цень успамінаў.

— Мы б маглі схадзіць на Шагала.

— Мы яго бачылі.

— Здалёк! Няўжо цябе не цікавіць, якое ўвасабленне на гэтым палатне набыў ягоны ўлюбёны Вібескц?

— Віцебск, дурачына!

Як я нахвальваў шагалаўскі жывапіс! Як апісваў каларыстыку і вобразнасць! Як пераконваў, што без мастацтвазнаўцы Шагала не зразумець, таму ёй трэба скарыстацца неверагоднай магчымасцю не проста паглядзець на палатно, але атрымаць грунтоўны аналіз, як на Discovery (гэтае параўнанне зноў яе павесяліла). Магчымасцю палюбіць жывапіс на ўсё астатняе жыццё. Карацей, яна здалася. Я прапанаваў забраць яе заўтра з гатэлю на таксоўцы, але ж яна катэгарычна адмовілася называць, дзе жыве. «Для тваёй жа бяспекі», — растлумачыла яна. Тады я прапанаваў сустрэцца ў цэнтры, мяркуючы, што яна жыве недзе побач, у гістарычнай частцы.

— Давай абярэм месцам сустрэчы блакітную мячэць, — прапанаваў я.

Кіраваўся я пры гэтым звычайнай турысцкай логікай, называючы самы буйны будынак у цэнтры. Да таго ж, я жыў у файным гатэльчыку зусім побач, у Султан-Ахмед і выгадваў колькі хвілін сну, якога заставалася не так і шмат.

— Блакітную што?

Тут высветлілася адна непажаданка: яна не ведае, што такое mosque (мячэць). Яе ангельская была даволі неблагой, яна часам валодала даволі спецыфічнай лексікай, здолела прыгадаць, напрыклад, што willow гэта вярба. Аднак, як у любога, хто не жыў доўга ў моўным асяродку, час ад час здараліся экзерсісы невыказнасці. Напрыклад, яна доўгі час не магла згадаць ангельскі аналаг «відэльца», калі мы праходзілі побач з той жанчынай, якая цыравала надзіманую лодку. Я не ведаю, як, у якім кантэксце вылез той відэлец побач з гумавым чаўном, аднак fork яна так і не прыгадала без дапамогі, тыкнуўшы мне ледзь не ў вока трохзубым рыбным відэльцам у «Бабушцы» ды запытаўшыся — «як завуць»?

— Blue Mosque, — цвердзіў я, але яна толькі рагатала.

Я так разумеў, што слова «моск» мае нейкія цікавыя канатацыі ў яе моўным асяродку. Яна нават узгадала «моск», прычым яе ўласны «моск» як аб’ект, які я намагаюся сімвалічна згвалціць.

— Mosque is a worshiping place for a muslims! — тлумачыў я, але слова muslim яна таксама не ведала.