Выбрать главу

Тады я зрабіў апошнюю спробу, апеляваўшы да мінарэтаў як прыкметы the mosque. Я сапраўды дурань, бо мне прыйшло ў галаву, што калі я выкарыстаю складанае слова minaret, дык яна яго дакладна не зразумее. Таму я выкарыстаў слова pillar — я працягваў казаць, што Blue Mosque гэта месца, дзе шэсць pillars. Звычайна ў mosques чатыры pillars, а тут — шэсць.

Яна зноў не разумела. Яна не ведала слова pillar, і не было ніякага рэлігійна карэктнага спосабу, каб гэтае слова паказаць (мая спроба зрабіць гэта з дапамогай пальца атрымалася непрыстойнай).

Заўвага рэдактара (Я. П.): «А як жа яна называла слуп ля твайго маёнтка, Джон»?

Адказ: «Янка, яна выкарыстоўвала слова column!»

У роспачы я палез у кішэню і намацаў там кіпу візітовак з гатэлю, якія з нахабнай колькасцю памылак прапаноўвалі спа-працэдуры, лазню ды іншыя паслугі, якія могуць спатрэбіцца адзінокаму іншаземцу ў чужой краіне. У другой кішэні знайшоўся аловак. Я хутка намаляваў сілуэт Blue Mosque, пазнавальны купал, слупы мінарэтаў. Прынамсі, маляваў я няблага. Працягнуў ёй (у яе застаўся мой малюнак).

— А! Дык гэта блю моск? — cа здзіўленнем здагадалася яна. — Я не ведала англамоўнай назвы! У нас яна зусім па-іншаму завецца!

— Ля галоўнага ўваходу, добра?

— Добра, — пагадзілася яна.

Яна ўжо збіралася сыходзіць, але замерла і павярнулася да мяне. Што, якая думка прыйшла ёй у галаву ды змусіла гэта зрабіць? Не даведаюся, мабыць, ніколі.

— Вось што, Джон Вілаў. Ты ўсё роўна марадзёр, дык у мяне ёсць для цябе марадзёрскі падарунак. Раптам мы заўтра палаемся з-за тваёй ваяўнічай непісьменнасці ды няўвагі да роднай мовы, дык я і раздумаю… Магу. Дык бяры хутчэй, пакуль даю!

Яна працягнула мне тую палатняную ёлачную цацку, якую я ўжо бачыў у тэчцы. Трусік са збянтэжанай мыскай, якога нібы мамкі пазбавілі. Лялька была цёплай, здаецца, увесь час Наста не выпускала яе з рук. Мільганула думка пра пацалунак, але ж зразумеў: пакуль не назаву яе lips вуснамі (я не памятаў vousni), яна не дазволіць да сябе дакрануцца, дык я і спрабаваць не буду, бо не маю права.

— Гэтая цацка — мой талісман. Ён са мной з самага дзяцінства. Заўсёды прыносіў шанцаванне ды пачуццё бяспекі.

— Дык трымай яго! Табе бяспека больш патрэбная, чым мне!

— Ад такіх падарункаў не адмаўляюцца, Джон Вілаў. Трымай, бо гэтая рэч належыць табе. Гэтая цацка з маёнтку. Адзінае, што засталося ад твайго магчымага дзяцінства, якое ты страціў з-за руплівасці твайго дзеда, які вывез тваю будучыню і твой лёс у Амерыку. Лялька старая, дарэвалюцыйная, на палотнах твайго «рускага мастака» Жукоўскага такія можна пабачыць. Трымай. Хай табе шанцуе. Заўтра ў дванаццаць.

Мы паглядзелі адно на аднога. Лямантавалі чайкі над нашымі галовамі. Ах, як жа яны лямантавалі! Ці не гэта было папярэджаннем? Чаму я не пачуў папярэджанне? Потым яна ступіла ў цемру, а я выклікаў таксоўку і паехаў да сябе ў загрувашчаны фальшывым антыкварыятам гатэль.

Я засынаў, ахоплены ўзрушанасцю ад нашага знаёмства, засынаў, працягваючы мармытаць тыя нязвыклыя словы на мове, якія Наста мне спрабавала ўкласці ў галаву: у сне яны хутка ўсплылі ў падсвядомасці ва ўсёй сваёй квяцістасці, ах, як добра я размаўляў па-беларуску з дапамогай тых пяці назоўнікаў, якія паспеў пачуць! Якія складаныя сказы з іх утвараў! Прачнуўся я з «вуснамі» на ўласных вуснах. Мне падалося, што ў летуценні я ўспомніў беларускі назоўнік для lips, і хуценька, тым жа алоўкам, запісаў на адвароце яшчэ адной візітоўкі, каб не забыцца: гэтае слова мне сёння магло спатрэбіцца. Я захаваў гэтую сваю колішнюю гукапераймальную здагадку, яна ляжыць побач з маім лэптопам зараз, і я ўсміхаюся, гледзячы на помслівую пагарду мовы: «ousli» накрэмзана на візітоўцы хуткім усхваляваным почыркам.

Я апранаўся, упэўнены ў сабе і сваіх моўных здольнасцях. Але начная зачараванасць пачынала развейвацца. І вось я ўжо не мог узгадаць, як гучаць «шыя», «вейкі», а дакладней як гучаць тыя субстраты, якімі іх падмяніла ў сне хітрая падсвядомасць. У роспачы ад уласнай няпамятлівасці я распахнуў цяжкія аксамітавыя запавесы (прыкмету «нятаннага» гатэля ў Стамбуле!), і на пакой абрынулася халоднае бязлітаснае святло, якое, здаецца, выпаліла мяне да самага донца. Упершыню і адразу вельмі моцна прыйшло прадчуванне таго, што яшчэ не здарылася. Там зноўку ліў дождж, намагаючыся патапіць мора ці хаця б змыць з палотнішча прасторы лінію далягляду, але бялявы характар святла, лёгкая дымка, якой былі кранутыя дахі навакольных дамоў, трывожныя траекторыі, якія пракрэслівалі ў паветры чайкі, як быццам сцвярджалі: усё, дружа! Старонка перагорнутая! Сёння будзе зусім іншы дзень, у якім няма месца вашым моўным практыкаванням!