Я вылецеў з гатэлю і пабег да мячэці. Я быў там на паўгадзіны раней прызначанага часу і прастаяў на гадзіну, на паўтары гадзіны, на дзве гадзіны пазней, і потым мокры, як трус у лесе падчас залевы ці той лялечны трусік у маёй кішэні (небарака пацярпеў не менш за мяне), сеў у кавярні, з якой была бачная пляцоўка ля ўваходу, сеў і чакаў яшчэ гадзіну — на той выпадак, калі яна праспала. «Ну як жа! Як жа ты можаш не прыйсці? — дакараў я яе. — Нават калі я недастаткова беларус, я ж жывая істота, май жа літасць! Я ж вывучуся, толькі дай мне шанец!». Але яе не было. Мае ціхія праклёны і малітвы не дапамаглі. Прайшло чатыры гадзіны. Усё было зразумела. Не, нічога не было зразумела, сэрца працягвала заходзіцца, калі здалёк набліжалася жаночая постаць, якая рухалася хуткімі, энергічнымі крокамі — так, як рухалася яна. Да мяне падышоў бармэн, паклаў руку на плячо, падаў чарговы (дванаццаты? Трынаццаты?) кілішак гарбаты і сказаў спачувальна: «Яна не прыйдзе. Не прыйдзе». У гэтым горадзе ўсе ўсё разумелі. Трэба было паклікаць таксоўку ў аэрапорт. Я выцягнуў стос візітовак, ператасаваў іх, як калоду карт, выбраў патрэбную і хутка, каб не змяніць рашэння, каб не застацца тут, каб не шукаць яе на рэгістрацыі флайтаў у Вільню (яшчэ чаго не хапала! Што яна мне скажа? Адчапіся ад мяне, вар’ят?) набраў нумар.
— Таксі «Святая Сафія», — павітаў мяне ветлівы жаночы голас.
І вось, пакуль замаўляў машыну, пакуль тлумачыў, да якога тэрмінала ехаць і ці шмат у мяне багажу, позірк сутыкнуўся з лагатыпам кампаніі «Святая Сафія», з лагатыпам, які быў ляпнуты акурат на тое самае месца, дзе я маляваў сілуэт блакітнай мячэці для Насты на візітоўцы, якую пакінуў ёй. Лагатып таксі «Святая Сафія» літаральна супадаў з абрысам blue mosque, ну канечне! Бо «Святая Сафія», «Hagia Sofia», была перабудаваная ў мячэць, а яе купал занадта ж нагадвае купал мячэці, бо архітэктурнага канону для вялікага хрысціянскага храму ў тыя гады, калі яе ўзводзілі, яшчэ не было. Ну канечне! Нават гэтая хвалёная blue mosque была пабудаваная адно для таго, каб пераўзысці веліч хрысціянскай святыні, якая была тут, зусім побач і з якой асацыяваўся гэты горад ужо колькі стагоддзяў! Я паклікаў Насту прыйсці да блакітнай мячэці, пазначыўшы ў якасці накіравальнага малюнка (dome and number of minarets) фактычнае запрашэнне да Святой Сафіі! І, вядома ж, яна пайшла да Сафіі — будынку з купалам, аточаннага слупамі. Будынку, які пазначаны на кожнай паштоўцы з выявай Стамбулу!
Сарваўся, пабег. На палове шляху спыніў таксоўку і скокнуў унутр, хаця будынкі мячэці ды галоўнай хрысціянскай святыні (як і нас з Настай усяго чатыры гадзіны таму!) падзяляла не такая вялікая дыстанцыя, дзесяць хвілін хуткага бегу, але, калі наканавана, — не сустрэнецеся, нават дамовіўшыся з дапамогай GPS-каардынат! Хутка знайшоў галоўны ўваход, прынамсі, тое, што можна было ўспрымаць як галоўны ўваход па надзвычайнай колькасці вулічных гандляроў, якія расставілі тут намёты. Насты не было. Ні яе самой, ні якога-небудзь следу яе прысутнасці (я быў упэўнены, што яна пакінула б след, я б адчуў, я б пабачыў!)
— Прабачце, а ці стаяла тут, ля ўваходу, такая дзяўчына? — звярнуўся я да гандляра і паспрабаваў яму як-небудзь паказаць Насту. Выйшла толькі некалькі разоў апантана ўзмахнуць рукамі. Ён адразу ж прапанаваў мне набыць маленькі керамічны сімвал майго клінічнага ідыятызму ўсяго за дваццаць баксаў. Я адмовіўся. «Тады хаця б за пяць», — прапанаваў ён. Я даў яму грошы, спадзеючыся, што ў яго будзе парада, як мне яе знайсці. Але атрымаўшы грошы, гандляр только шыроха ўсміхнуўся ды па-філасофску адзначыў: «Сябра, тут столькі дзяўчын ля ўваходу пасвіцца, што калі ты згубіў патрэбную, пачакай дзесяць хвілін, з’явіцца іншая!». Мой тэлефон званіў: таксоўка чакала мяне ля гатэля.
І тады адбыўся цуд. Ліпеньскі дождж, які ліў усе гэтыя дні і з-за якога я прапанаваў перайменаваць тутэйшы «снежань» у нешта больш рэлевантнае, раптам скончыўся. Стала вельмі ціха, нават чайкі прымоўклі, здзіўленыя. Кожны, хто быў у гэтым горадзе, узняў вочы дагары, да нябёсаў, дзівячыся кароткаму перадыху. І тут з вышыні павольна і ўрачыста, падкрэсліваючы выключнасць моманту, пасыпаўся бялюткі, як сукенка нявесты, снег…
Частка другая
THE ROUTE OF ROOTS
Заўвага рэдактара (Я. П.):
Джон, калі ты жадаеш пісаць па-беларуску, так ты і пішы па-беларуску. Я яшчэ магу вытрымаць мноства англамоўных словаў, якімі залатаны тэкст, але ж калі ангельская мова вынесена ў назву часткі, дык гэта ўжо нейкі Дыкенс атрымліваецца. Да таго ж, гэтая гульня «ou» «oo» у двух назоўніках, якая, магчыма, падаецца табе ўдалай знаходкай, выглядае практыкаваннем пачынаючага складальніка паэтызаваных радкоў, які паставіў побач два падобныя па гучанні словы і лічыць, што гэта і ёсць паэтыка тэксту, Шэкспір, бялявы Манблан натхнення. Карацей, Джон, я выпраўляю назву часткі на моўную знаходку, якую прыдумаў у якасці мілагучнага і куды больш паэтычнага заменніка тваіх roots, і пакідаю цябе ў маўклівым захапленні маім талентам.