Выбрать главу

Частка другая

ХАДОЮ КАРАНЁЎ

У той год, калі мы сустрэліся, адусюль у Стамбуле, літаральна з кожнага пірацкага кіёску «CD-DVD-MP3» даносіўся нервовы голас Брэндана Флаўэрса, які то ўзыходзіў у фальцэт, то абрынаўся ў прыемны бас. Брэндан, расцягваючы галосныя, выводзіў свой гімн Crossfires, і іншай падказкі пра тое, калі дакладна гэта адбылося, — не будзе. Зрэшты, калі мы бачым у кіно інтэр’ер у стылістыцы канца 70-х (шмат каляровага пластыка, які з-за Кубрыка і Карбюзье стаў прыкметай well-fashioned interior і хуценька пайшоў з моды праз нейкія пяць год); калі на сценцы пакоя вісіць каляндар на 1980-ты год, а пры ўсім гэтым аднекуль з вуліцы чутно «Ламбаду», нам адразу ж становіцца зразумела, што перад намі сцэна для дзеянняў, якія разгарнуцца ў 1989-ым. Бо да 1989-га не было ліпкай, як танная пахлава, набытая на рагу ў Лалэлі, «Ламбады», а пасля 1989-га «Ламбады» зноў не было, бо надта ж прыелася з-за бясконцай ратацыі. Такім чынам, адзіная падказка пра год: Crossfires.

Я ляцеў дадому, асветлены паловай сонца, якое ніяк не магло закаціцца, сысці, супакоіцца само ды пакінуць у спакоі мяне. Гадзіна, другая, шостая, а захад, да якога я рухаўся, усё яшчэ ўтрымліваў прыкметы блізкай прысутнасці сонца, бо хуткасць, з якой мы рвалі нябёсы, не давала часу бегчы наперад. Мне не спалося з-за гэтага захраслага на палове шляху свяціла, мяне падкалочвала ад каламутнага летуцення, падобнага да таго, што я адчуваў у папярэднюю ноч, але з тым істотным адрозненнем, якое набывае вобраз, напрыклад, лялечнага трусіка, калі ён перамяшчаецца са сну пра дзяцінства ў начны навязлівы кашмар, у якім трусікі абступаюць цябе, і робіцца млосна ад іх неверагоднай колькасці, ад іх маўклівасці, ад іх змрочнага сімвалізму.

Думалася найперш пра яе ўслі (ousli), пра іх гарачыню, якую я так і не зведаў, але быў да таго гатовы лінгвістычна (я так лічыў), пра тое, як успыхнулі б яе ягадкі пры пацалунку (тады я яшчэ не ведаў, што ў гэтай мове ёсць такія прыгожыя пяшчотныя словы, як «ягадка» — словы, якія азначаюць не проста cheek, але hill of the cheek). Я спадзяваўся, што калі апынуся дома, сярод маёй шведскай мэблі, храмаванай кухоннай тэхнікі і канцэптуальных фотаздымкаў, калі зраблю сабе мілк-шэйк, вяроза пройдзе, і ўсё стане па-ранейшаму. Па нейкім дзіўным супадзенні, а, можа, і не супадзенні, бо падобнае здаралася не толькі са мной, — сутыкненне з гэтай краінай, што знаходзіцца там, дзе некалі была мая радзіма, не пакінула мне майго камфортнага мінулага і магчымасцяў выкарыстання яго прафесійных дасягненняў для далейшага заможнага быцця. Я застаўся без працы і без рэпутацыі. Пра тое, каб працягваць адносіны з аўкцыённымі дамамі нельга было нават марыць, акуратны ліст з прапановамі, накіраваны кіраўніцтву аднаго з іх, выліўся ў з’едлівую навіну, змешчаную наступным вечарам на іх сайце. У навіне без узгадвання прозвішча паведамлялася, што «містэр „МакДональдз“ „жадае займацца жывапісам“», пры гэтым, мяркуючы па каментах, усе ўжо выдатна распазнаюць менавіта мяне пад гэтай мянушкай. З другога боку, свет, адкрыты мне Настай, клікаў да нязведанага. Падобна да таго, як калі б я знайшоў у сябе ў шафе вялізны казачны свет. І, зазірнуўшы туды аднойчы, апынуўся адразу ў віры падзеяў, зразумеўшы, што я ў гэтым свеце — не апошняя асоба і гэты свет сканае без мяне. Зрэшты, кім я быў у ЗША? Звычайным лузерам без гісторыі, якому ў лепшым выпадку можна было спадзявацца калі-небудзь адкрыць уласную антыкварную краму. Там, у гэтай загадкавай Беларусі ці побач з ёй (у любой суаднесенасці!) я ператвараўся ў загадкавага прынца ў выгнанні. Прынца са страчаным каралеўствам ды зруйнаваным палацам, краіна якога забылася ў маркотным людажэрным сне, але ж як прыемна было цешыць сябе датычнасцю да яе гісторыі, да яе культуры! Як прыемна было адчуваць — не, не карані! Не карані! Аднак геральдыку, якая падмацоўвае твае гены! Як прыемна было, стоячы ў чарзе за кубачкам эспрэса ў «Старбаксе» — у шэрагу такіх жа аднолькавых (не па выглядзе, а па класавай прыналежнасці, бо ў ЗША рознасць у класах засталася хіба што ў самалётах — пры тым, што і «бізнес», і «эканом» ляцяць у адной махіне «Боінгу»), адчуваць уласную высакароднасць, выключнасць! Як прыемна было, трымаючы ў руках русальчаты папяровы кубачак з кавай, уяўляць посуд, з якога пілі мае продкі, ды інтэр’еры, у якіх яны бавілі час!