Выбрать главу

Ну і, да таго ж, Наста. Наста. Мая каралеўна. Мне трэба было расшукаць яе.

Першае, што я зрабіў, — загугліў арганізацыю «палякаў» у Бостане. «Палякі» трапілі ў сеткі Сеціва даволі хутка, некалькі мэйлаў, і я атрымаў стракатае запрашэнне на іх сход. Саюзу належаў урачысты будынак у стылі ўсходнебярэжнага класіцызму, у якім я з хваляваннем пазнаў прыкметы падабенства да экстэр’ераў Жукоўскага, дзядуліных баек ды майго клавесінна-рамантычнага ўяўлення пра страчанае каралеўства.

Мяне ветліва павіталі і, пільна аглядаючы новых сяброў, я адчуў лёгкую занепакоенасць: занадта яны былі падобнымі да звычайных амерыканцаў. Ніякіх адметнасцяў не было ні ў выразах твараў, ні ў вачах, ні ў тым, як яны былі апранутыя. Рухаліся спакойна ды ўзважана. Не мелі нічога агульнага з гіпертрафіраванай энергічнасцю Насты, яе імпэтам (менавіта тут я падсвядома зразумеў, што да самага скону буду шукаць рысы Насты ў любым напатканым беларусе і менавіта Настаю буду вымяраць яго «беларускасць»: падобны да Насты — значыць, беларус. Непадобны — трэба яшчэ памацаць, які ты там беларус!).

Да таго ж, сама атмасфера гэтай грамады, гэтага сходу, што адбываўся на састаўленых колам крэслах пад сцэнай, на якой самавіта месціўся раяль, больш нагадвала атмасферу гуртка аматараў тэатральнай самадзейнасці, чым тайны сход прадстаўнікоў спакутаванай нацыі, сама прыналежнасць да якой лічылася высакароднасцю. Яны сказалі, што павінны для пачатку спець, і на сцэну ўзышоў не менш самавіты за раяль дзядзечка, які пачаў граць і спяваць, а ўсе хорам яму падпявалі. Я намагаўся падцягваць, старанна ляпаў ротам, чакаючы, калі мяне ўжо перапоўніць адчуванне выбітнай нацыянальнай прыналежнасці.

Але адчуванне не йшло. Далей пачалося штосьці кшталту цырымоніі прыняцця ў «палякі», старэйшы запытаўся, адкуль я паходжу, і я распавёў пра Навагрудак, маёнтак, дзеда. Яны ўхвалілі мае карані і запыталі, ці я не з Вярбіцкіх. Я пацвердзіў, з Вярбіцкіх. Сакратар пачаў выпісваць мне цыдулку аб чалецтве ў «Boston’s union of Poles», а я ўсё ўслухоўваўся ў іх мову. Яна была падобнай да той мовы, якой спрабавала вучыць мяне Наста, але падобнай адно ў яе адрозненні ад ангельскай. Іх мова была цвыркатай ды шапаткой, як слова «pshimislovitsa» (не ведаю, што яно значыць і ці існуе такое слова наогул, вось захавалася з той сусрэчы…). І тады я вырашыў іх праверыць.

— Прабачце, калі ласка, за пытанне, — звярнуўся я да старэйшага. — Яно можа падацца дзіўным, але ж як на нашай мове завецца вось гэта? — я паказаў на ўласную lip.

— Warga, — адказала адразу некалькі галасоў.

Людзі навокал ветла заўсміхаліся: чалавек цікавіцца ўласнай мовай!

— Warga? — збянтэжана перапытаў я. — А ці ёсць яшчэ якія-небудзь словы?

— Usta, — крыкнулі ззаду.

— Usta, — паўтарыў старэйшы. І дадаў: — «Warga» means one lip, «usta» means two lips.

Я быў здзіўлены тым, што ў гэтай мове дзве вусны мелі асобнае слова, але куды больш я быў узрушаны абсалютным непадабенствам «warga», «usta» (яны вымаўлялі апошняе з моцным націскам на першы склад), да вуркатлівага слоўца, якому навучыла мяне Наста.

— Зноў прабачце за пытанне, але яно надта прынцыповае для мяне, — працягнуў я. — А ці ёсць у нашай мове нешта падобнае да «ousli»? Для абазначэння lips.

Талака сцішылася, усе напружана шукалі адказ. Урэшце кагосьці азарыла:

— Ды не «ўслі»! А «вусны»! «Вусны»?

Я пачырванеў, зразумеўшы ўласную памылку і шалёна заківаў: так, так! Вось гэтае слова!

— Дык гэта не па-польску! Тое па-беларуску! — растлумачыў мой выратавальнік.

Ён быў караценькі ды надта ўжо ружовенькі, як немаўлятка. Я быў гатовы яго расцалаваць.

— Адкуль ты ведаеш, Войцех? — запыталі ў яго.

— У мяне бацька з Біяластоку, а там так кажуць.

— А ці гэта азначае, што ў беларусаў уласная мова, уласнае камьюніці тут? — запытаўся я.

— Ну, кшталту таго, — адказалі суразмоўцы. — Але ж яны вельмі закрытыя, хлопча! Да іх проста так не трапіш!

Як бачна, мой шлях да Насты складаўся з памылак. Спачатку я памыліўся ў назве раёна Стамбулу, дзе праходзіла выстава Марка Шагала. Потым памыліўся, запрасіўшы яе ў Блакітную мячэць, намаляваўшы сілуэт, які мог быць распазнаны як Святая Сафія. У рэшце рэшт, у пошуках яе я памыліўся, прыняўшы палякаў за «палякаў» у пошуках беларусаў. І я не буду слухаць рэдактара, які працуе з гэтым тэкстам і кажа, што Наста не прыйшла, бо не жадала мяне бачыць, бо ён, Янка, рэдактар, быў у Стамбуле і памятае, што ад Святой Сафіі вельмі ж добра бачная блакітная мячэць, і калі б Наста сапраўды хацела мяне сустрэць, яна б зразумела маю памылку, не, не, Янка, не ўсе такія разумныя, як ты, там было шмат гандлёвых намётаў, з-за намётаў яна не здольная была, не здольная…