Выбрать главу

Заўвага рэдактара: Джон, пачытай кнігу Акудовіча «Архіпелаг Беларусь» ды пазбягай гэтага калейдаскопу відавочнасцяў, якімі стракаціць твой тэкст!

Адказ аўтара: Янка! Але той, хто спрабуе ўвайсці ў культуру без ведання кантэксту, толькі праз мову, праз артыкуляванне ўласнай суаднесенасці з гэтай культурай, асуджаны на такія паўторы! Бо ён вымушаны ненаўмысна напісаць усе тыя тэксты, якія былі напісаныя да яго, ці, як мінімум, сам дайсці да ўсіх тых думак, што вядомыя нават школьніку, бо выкладзеныя ў падручніках!

Ужо праз тры месяцы я быў здольны разумець (са слоўнікам, вядома ж!) навіны, якія з’яўляліся на сайтах. Так я даведаўся, што з ёй усё добра, што яна «на свабодзе», у «краіне, якая знаходзіцца побач з Радзімай». А больш мне нічога і не трэба было.

Я адразу зразумеў, што згадваць імя Насты ў размовах з любымі беларусамі бессэнсоўна: тыя, хто ведаюць яе, нічым не дапамогуць. Болей за тое, зробяцца падазронымі: чаму шукаеш? Што табе ад яе патрэбна? А што я адкажу? Распавяду пра нашае знаёмства ў Стамбуле?

Таму я расказваў адно пра ўласныя карані ды дзедаў маёнтак. Праз колькі часу атрымаў ліст з сакральнай скрыні info@belarus.сom. У лісце ад імя беларусаў Амерыкі выражалася падзяка за цікавасць да ўласных каранеў. Мне «ад усяго сэрца» жадалі поспехаў. «Ад усяго сэрца» ананімны аўтар пераклаў як «from all my heart», і гэта адразу вымусіла мяне ўзгадаць пра Франачка, які два дні таму «from all his heart» дзякаваў за кубачак макіята, ад якога з пачатку думаў быў адмовіцца. «Як твае суайчыннікі» было перакладзена тут — «how your fellow-countrymen», — нехта быў няздольны адрозніць «як» сцвярджальнае, якое перакладаецца «as…», «as your friend Belarussian» ад «як» пытальнага, якое сапраўды перакладаецца «how» — «how is your friend’s Belarussian?». Роўна ж тая хвароба была ў Франака. Калі наступным вечарам, пасля чарговай порцыі моўных тлумачэнняў ды ягоных адказаў на мае наіўныя пытанні (займаючыся па падручніках, я пазначаў «незразумелкі» на паперках), я запрасіў яго ў кавярню, асабліва падкрэсліў, што хачу аддзячыць кавай, «how his friend» «and from all my heart». Ён добра расчырванеўся, але на прамое пытанне, ці не ён накіраваў мне ліст ад беларусаў Амерыкі, адказаў упэўненым (дарэчы, занадта ўпэўненым, нават не перапытаў) — «не». А вось другое ўдакладненне вымусіла яго скапыціцца: я нахабна спытаў, ці не ўся арганізацыя беларусаў Амерыкі змяшчаецца ў ягонай френд-стужцы? Ён вельмі сумна патлумачыў, што нас сапраўды мала. Дакладней, беларусаў у ЗША даволі многа, аднак яны не зарганізаваныя і не маюць моцных сувязяў адно з адным у эміграцыі. Архіпелаг складаўся з надта ж маленькіх выспачак.

Я працягваў штудзіраваць мову. Нехта значна пазней зрабіў вельмі слушнае назіранне: мая прафесійная арыентацыя на рускае мастацтва не вымусіла мяне зацікавіцца рускай мовай. А карані, цікавасць да ўласнага роду (ён думаў, справа ў каранях!) прывялі да сапраўднай лінгвістычнай ліхаманкі! Праз год інтэнсіўных заняткаў я зразумеў, што Амерыка для мяне скончылася. Цікава, ці не тое ж адчуванне было ў майго дзеда, калі ён прымаў рашэнне з’язджаць з камуністычнай Польшчы сюды? Што краіна быццам паблякла ў параўнанні з тымі думкамі ды памкненнямі, якімі поўняцца грудзі? Ці адчуванне смяротнай небяспекі не давала ўсвядоміць усе гэтыя адценні пачуццяў, робячы асноўным матывам ад’езду смяротны страх, у якім патаналі ўсе астатнія эмоцыі?

Якім, дарэчы, шляхам ён ехаў? Ці не праз Стамбул? Адказаў на гэтыя пытанні ў мяне не было, як не было нікога, хто здольны быў бы мне дапамагчы. Але ж заставацца не было моцы: працы тут ў мяне няма, а заняткі мовай моцна абмежаваныя панаваннем навокал роднага лінгвістычнага асяродку. Выкарыстаць беларускую для хуткай самарыцянскай размовы з іншаземным турыстам не выпадала, я адчуваў сябе чалавекам, які вучыць мёртвую граматыку, кшталту старажытнагрэцкай. І я вырашыў ляцець. Ляцець да яе. У яе Вільню.

На гэтым этапе я здольны быў сфармуляваць простыя выразы, расказаць пра сябе, аднак жа ў моўным плане ўяўляў сабой дакладную кланаваную копію Франачка. Я пераняў яго маўленне, яго словы, яго манеры змякчэння зычных. Мне было цікава, наколькі, напрыклад, утварэнне фрыкатыўнага «г» дыхніцай уласціва ўсім беларусам, але ў мяне не было іншага чалавека, каб запытацца. Я быў на моўнай выспе, а ён з’яўляўся маім Пятніцай. Нават не, не так. Ён быў на моўнай выспе, а Пятніцай быў я! Я прапанаваў правесці сустрэчу некалькіх беларусаў з кола ягоных знаёмых, аднак ён, па-першае, спужаўся, па-другое, растлумачыў, што да бліжэйшага фрэнда са спісу ў яго стужцы ехаць 540 міль. Можа, і брахаў, не выключаю. У любым разе, яго павінна была цешыць сітуацыя наяўнасці ўласнага моўнага раба, які гаварыў яго словамі ды і размаўляць мог на гэтай мове выключна з ім. Часткова гэта было падобна да перададзенай настаўнікам кун-фу пэўнай школы рухаў, але мяне вельмі бянтэжыла, што мой настаўнік казаў «from all my heart» па-ангельску ды блытаў «how» з «as». Ніхто не мог гарантаваць, што ён не такі ж неахайны ў беларускай. Прынамсі, было непрыемна, што калі мы сустрэнемся з Настай, яна будзе размаўляць не са мной, але з моўным адлюстраваннем жывога ды наяўнага фізічна дзесьці хлопца. Гэта было як запрасіць трэцяга ў ложак.