За цяжкой сярэдневечнай брамай (вось і зразумела, як мяне знайсці!), адчыняўся круглы панадворак, па якім ганарлівая, як пава, хадзіла стракатая курыца, асноўным колерам якой быў конскі бронзавы. Пад вечар на прыступках пад’езду з’яўляўся маўклівы мужчына з тварам філосафа і кубачкам кавы. Мужчына паліў, піў каву ды глядзеў на курыцу. Існаванне курыцы адразу рабілася абгрунтаваным. Калі да гэтага яна соўгалася па двары без усялякага сэнсу, цяпер яна шкрэбла лапамі, сакатала ды коўзалася ў пяску для таго, каб за ёй назіраў мужчына. Але большую частку дня курыца ўсё ж не мела аніякага апраўдання ўласнай нікчэмнасці.
Вядома ж, я паклапаціўся аб тым, каб у кватэры было два туалетныя пакоі. Першы — унізе: трэба прайсці па калідоры, мінаваць гардэробную, нырнуць у нішу направа ды апынешся ў авальным пакойчыку з нізкай шчарбатай столлю. Тут ёсць душавая кабінка, унітаз, маленькае вакенца ды нешта зусім недарэчнае: замкнёныя ды абклееныя шпалерамі дзверцы з каванай старажытнай зашчапкай. Чутно было, як за імі, на адлегласці, якую складае таўшчыня двюх дошак, носяцца машыны, тупаюць пешаходы, буркуюць галубы, галубы — якія, у адрозненне ад астатніх, чуюць, што ты тут, ды могуць палахліва схамянуцца, калі ты занадта рэзка пстрыкнеш, адкрываючы шампунь. Вядома ж, дзверцы выходзяць не на падворак, дзе адзінымі гукамі ёсць сакатанне курыцы ды сёрбанне кавы мужчынам, а вось куды?.. Аднойчы я паўгадзіны соўгаўся па лабірынце навакольных вузенькіх вулачак з мэтай раскрыцця «ўнітазнае таямніцы»: заўважыў выпадкова і не вачамі, а, хутчэй, вушамі, бо ў нейкі момант карціна гукавой рэчаіснасці супала з ужо чутым адтуль, знутры. Я пачаў даследаваць сцены дамоў і знайшоў прыхаваныя пад старой фарбай драўляныя дзверцы, форма якіх супадала: знайшоў, дарэчы, зусім не на тым доме і нават не з таго боку вулачкі, дзе шукаў. У агенцыі, якая дапамагла мне зняць кватэру, растлумачылі, што такі другі выхад — звычайная з’ява ў старажытнай архітэктуры, а што да яго прызначэння, дык яно празаічнае: у сямнаццатым стагоддзі ў Вільні ўнітазаў Roca не было нават у самых заможных дамах. А характар патрэбаў, якія напаткалі чалавека ў туалетным пакоі, збольшага адпавядаў сённяшняму. Таму бедныя людзі хадзілі да ветра, у драўляныя нужнікі на падворках, а заможныя маглі дазволіць асобны пакой у хаце, карысталіся, прабачце, гаршчкамі. А каб не трымаць смурод у хаце, выносілі іх праз спецыяльныя дзверы, не, не, каналізацыя тут з’явілася толькі ў мінулым стагоддзі! Я пажаліўся на тое, што дзверы не замкнёныя нічым, акрамя зашчапкі, што яны хістаюцца, калі на іх націснуць, і прапанаваў забіць іх з таго боку дошкамі. На што мне весела заўважылі, што каб не хісталася, лепей не ціснуць, а забіваць дошкамі яны не маюць права, бо гэта сапсуе гістарычны выгляд архітэктурнага помніка. Карацей, нічога ты тут не зробіш. Калі што, я магу забраць гэты ніжні туалет сабе, тым больш тут даволі холадна ўзімку і, да таго ж, я ўжо прызвычаіўся да знешніх гукаў, якія спачатку вельмі перашкаджалі дасягненню тых мэтаў, для якіх прызначаны гэты пакойчык. Другі туалет — наверсе. Ён абсталяваны ваннай, шафай, у якой можа змясціцца адразу дзесяць жаночых халатаў: на палічках гадавы запас духмяных пенак, крэмаў, скрабаў ды шампуняў — прыходзь і жыві. Кухня, гардэробная ды гасцёўня на першым паверсе, дзве спальні — на другім. Чаму я так падрабязна апісваю гэтае жытло? І сапраўды, чаму? Для каго?
На другі год вывучэння мовы і першы год жыцця ў Вільні, калі я стаў заўважаць ды выпраўляць нават памылкі, якія робіць беларуска-ангельскі Belazar, я вырашыў завесці котку. Назваў, вядома ж, Крысцінай. Вучыў склоны: «Крысціна, Крысціны, Крысціне, Крысціну». На другім месяцы суіснавання з кошкай, якая стала другой істотай, якая апраўдвала анталагічную нікчэмнасць штодзённых праменадаў курыцы па двары, высветлілася адна непрыемная дэталь. Крысціна апынулася не зусім дзяўчынкай. Я, мабыць, усё ж-такі памыліўся з полам, ці то ў котак ёсць уласцівасць яго змяняць, але літаральна на тым месцы, дзе зусім нядаўна нічога не было, з’явіліся два пухлявыя камячкі, якія падкрэслівалі прыкрую маскуліннасць кацяняці. Хутка пасля гэтага Крысціна пачаў дэманстраваць уласную маскуліннасць не толькі двума маўклівымі пухлявымі камячкамі, і ў такія дні менавіта маўклівасць была чымсьці, чаго я прагнуў больш за ўсе. Я вучыў склоны: «Крысцін, Крысціна, Крысціну, Крысціна» пакуль хтосьці не растлумачыў, што ў беларускай мове няма падвойнасці мужчынскага і жаночага радоў, імя Крысціна бывае толькі ў дзяўчат. Так, на моўным узроўні, кот застаўся Крысцінай з усімі наступствамі, якія галоўным чынам увасабляліся ў склонах.