І вось кожны раз, калі я бачыў, напрыклад, як трое падлеткаў б’юць дзеда ля тралейбуснага прыпынку, на якім чакаюць другога прышэсця засяроджаныя на ўласных думках волаты, і ніхто не заступіцца, бо ўсім усё роўна; калі назіраў, як бясплённа сядзяць на вуліцах жабракі; калі чуў чарговую прапанову вывучыць літоўскую мову ў адказ на спробу ўдакладніць, з чым гэтыя crepes у кавярні па-беларуску, ува мне нешта памірала. Аднак потым здаралася нешта невыбітнае, але такое прыгожае па сваёй сутнасці — ну як гэтая моладзевая пара, якая праходзіла хвіліну таму побач з кавярняй, у якой я ніяк не скончу гэты такі цяжкі для мяне тэкст, яны праходзілі ды раптам пачулі музыку, якая грала тут, у памяшканні, і гэта была Crossfires Брэндана Флаўэрса (сціплы, але балючы напамін пра іншы горад ды іншую гісторыю), дык вось хлопец вельмі далікатна абхапіў сваю сяброўку ды на хадзе яны зрабілі некалькі вытанчаных, адрэпетаваных «па» ў стылістыцы бі-бопу; два крокі ўбок, пераварот, два крокі назад — ды пабеглі наперад! Выключным было тое, што гэтыя двое не дамаўляліся спецыяльна, але зрабілі ўсё сінхронна, як на сцэне, быццам бы ў іх грала адна і тая ж музыка: бачна было, што гэта сапраўднае пачуццё, бачна па тым, якімі былі іх вочы — такое пачуццё здараецца толькі раз за ўсё жыццё і то не з усімі, і яны танчылі, яны дарылі сябе ды сваё шчасце, ім было не шкада. І ўсе навокал усміхаліся. Ну, як жа не любіць такі горад ды такіх людзей?
Час майго чакання, маіх пошукаў ішоў. Наваколле амаль што не змянялася: здаецца, чым старэйшы ўзрост мае любы горад, тым менш шанцаў пабачыць перамены ў ім цягам твайго кароткага жыцця. Занадта ж маленькі чалавечы век у параўнанні са стагоддзямі, якія адведзеныя мураваным дамам, сярэднявечнаму шчарбатаму бруку, па якім я хаджу штодня. Толькі камяні заўважаць, што на месцы, дзе некалі стаяў дом, цяпер нарасла кардонная Maxima, якая параджае людзей з аднолькавымі пластыкавымі пакетамі. Змяненне ландшафту адбывалася тут вельмі павольна і нават будоўлі цягнуліся пад наглядам клапатлівых кранаў гадамі, каб камяні паспелі пабачыць, адчуць, бо ў камянёў час ідзе вельмі павольна. Аднак у жніўні другога году жыцця ў Вільні адбыўся скандал. Курыца знікла. Так, знікла курыца, дарэчы знікла ў строгай адпаведнасці з законамі філасофскай суб’ект-аб’ектнасці — разам з мужчынам, які маўкліва паліў на прыступках. Я хадзіў па двары, намагаючыся знайсці якое-небудзь тлумачэнне феномену адсутнасці, але бачыў толькі скамянелыя кропачкі лайна, якое непазбежна пакідае пасля сябе любая прысутнасць. На дзвярах, якія некалі падпіраў уласнай спінай маўклівы суб’ект курынага існавання, вісела шматслоўная аб’ява па-літоўску, і ніводнага слова не пераклікалася ў ёй з тымі мовамі, якімі я цяпер валодаў. У сваіх спробах распазнаць у шчацінні літоўскіх літараў хоць які-небудзь рэлевантны для мяне сэнс, я наблізіўся да самых дзвярэй. І тут яны праваліліся ўнутр, і ў праёме апынуўся зухаваты, занадта шпаркі, каб не канфліктаваць з рэчаіснасцю, стары. Абставіны ўзросту на ягоным твары пасавалі перад абставінамі ягоных паводзінаў: яго складана было назваць дзядком, дзедам, дзядулем, хутчэй — другім «дз»: дзіваком. Дзівацтва не ведае ўзросту ды ператварае істоту любых гадоў у нешта пазаўзроставае.
Нос дзівака быў апрануты ў цяжкія акуляры, якія, у выніку сваёй масіўнасці, прэтэндавалі апроч аптычнай, яшчэ і на энерга- ды цеплазберагальную функцыі. Такімі акулярамі можна было накрывацца ўначы, як коўдрай. Ён хуценька выляцеў, аббег мяне вакол ды працягнуў мне сваю спрытненькую сухую пяцярню. Сказаў штосьці па-літоўску, мабыць, нейкае тлумачэнне пра курыцу ды таго астранома, што назіраў сузор’і яе рухаў. Я перапытаў па-ангельску, і акуляры просценька перайшоў на ангельскую, сказаўшы, што ён — палкоўнік, але пайшоў ужо са службы. Не жадаючы, каб суседзі мяне ўспрымалі як амерыканца, я падкрэсліў прыемнасць нашага знаёмства па-беларуску. «Хадземце хутчэй унутр!» — адрэагаваў ён на чысцюткай беларускай мове. «Вы беларус?» — захоплена перапытаў я. «Не, расеец! З Калугі», — катэгарычна ляпнуў ён, як быццам гэта вельмі натуральная з’ява — адстаўны расейкі colonel, які валодае ангельскай ды беларускай. Ён не палічыў уласнае паходжанне чымсьці вартым удакладнення, а замест гэтага зацягнуў мяне ў пакой, які ўсё яшчэ ўтрымліваў сляды папярэднікаў: вялікая клетка стаяла побач з ложкам, які суседнічаў з поўнай цыгарэтных недапалкаў попельніцай. Я запытаўся, дзе папярэднік, але той растлумачыў, з прыкметай ганарлівасці: «Я не палю!». «Іваноў», — прэзентаваў ён сябе (пазней следчы растлумачыў мне, што да чалавека, які называецца пры знаёмстве «Івановым», заўсёды трэба ставіцца з засцярогай, бо гэта настолькі распаўсюджанае ў Літве прозвішча, што не ўтрымлівае ў сабе ніякай адметнасці, як містэр Сміт у ангельскай, але ж я не ведаў). «Ян Вярбіцкі», — адгукнуўся я. Пасля Стамбулу я адчуваў сябе Вярбіцкім, не Вілаў. «А дзе твая дзяўчына?» — запытаўся ён. Я не здолеў нічога адказаць. Сапраўды, дзе мая дзяўчына?