Выбрать главу

«Дык ты адзін жывеш? Ніхто да цябе не прыходзіць?» — вельмі ж яго цікавіў мой сямейны статус. «А дзе вы так мову вывучылі»? — паспрабаваў я памяняць тэму, але ён ужо кудысьці збег, вярнуўся з пухірыстым зялёным сакваяжыкам, у якім былі малюнкі, яго малюнкі, ён іх зрабіў на флоце — шматслоўна тлумачыў ён — бо ён служыў на флоце, спачатку на флоце, а потым — не на флоце.

Ён вымаў акварэлі з марскімі тэмамі (чайкі, хвалі, камяні, скалы, зоркі, караблі) і з хуткасцю калейдаскопу тыкаў мне ў вочы, нібыта штосьці даказваючы. Мне было дзіўна, бо частка з іх была напісана даволі дасканала ды, здаецца, жанчынай (чуллівасць і празмерная ўзрушанасць у кожным каляровым дотыку паперы), іншыя сапраўды былі падобныя да малюнкаў самавука-марака (тут былі ваенныя лінкоры з эрэктыльна ўзнятымі гарматамі, пяшчотна быў схоплены сюжэт «Пуск ПЗРК-300 у святле поўні»), трэцюю групу складалі акварэлі, зробленыя дзіцячай ці падлеткавай рукой ды не адной — тут была цэлая выстава твораў мастацкай школы сярэдніх памераў (гэтых можна было вылучыць па празмерна рамантычных адносінах да мора, якое перадавалася некалькімі шырокімі каляровымі палосамі з градацыяй ад вохравага плыткаводдзя да ўльтрамарынавых глыбіняў з абавязковым ветразем на гарызонце, геаметрычнасць якога была сапсаваная некалькімі неасцярожнымі рухамі пэндзля). Мой хуткі да ўспрымання жывапісу позірк выхопліваў у гэтым мігаценні акуратна заштрыхаваныя падобнымі колерамі подпісы ў правым ніжнім кутку — усім пачаткоўцам так прыемна адчуваць сябе саўрасавымі: памеры ды працягласць плямаў былі розныя, а значыць, рознымі былі і подпісы. Я запытаўся: «Гэта не вашыя акварэлі, ці не так?». Ён аслупянеў, сунуў малюнкі ў сакваяжык, клацнуў зашчапкамі ды хуценька схаваў калекцыю некуды. Я паспрабаў высветліць, дзе ён усё ж вывучыў мову і навошта мне паказваў гэтыя малюнкі, бо склалася ўражанне, быццам ягоным планам было пачаць сяброўства, а мая нахабная адукаванасць гэты план сапсавала. Але дзівачок у акулярах на пытанні не адказваў.

«Хадземце на кухню», — прапанаваў ён мне. Не, мне не было боязна, бо не выглядаў ён на небяспечнага. «Хочаце цукру?» — прапанаваў на кухні, у якой было даволі цёмна, бо вокны былі завешаныя. Там, за фіранкамі, шугалі ластаўкі ды даносіліся па-летняму ўтульныя выкрыкі дзетак. Я здзівіўся: «Цукру?». «Цукру?» — пацвердзіў ён, гасцінна зняў вечку з цукарніцы і сам набраў паўнюткую лыжку белага пяску. Паўза зацягвалася, я пачаставаўся ягоным цукрам і не заўважыў у ім нічога адметнага. «Файна, скажы?» — задаволена варкатнуў гаспадар. Я не ведаў, што сказаць і пацвердзіў, што цукар смачны. «Чаго ў прыцемках сяджу?» — працягнуў ён размову хіба што з самім сабой, бо я нічога на гэты конт не пытаў. «А вось глядзі», — ён шчоўкнуў нейкай кнопкай і на шафіку запалілася гірлянда, якая файна б пасавала для прыдання святочнай атмасферы якому-небудзь оруэлаўскаму савецка-каляднаму інтэр’еру, аднак да Калядаў было далёка, а выказваць захапленне святлом ды каларыстыкай гірляндаў неяк няёмка.

Заўвага рэдактара (Я. П.): Джон, у СССР не святкаваліся Каляды, толькі Новы год, таму «савецка-калядны інтэр’ер» так не выглядае!.

Дзівак чакаў ад мяне ўхвалення, і я прамармытаў нешта пра адценне лямпачак, пра дзіўныя спалучэнні колераў. «Яна кітайская, — працягнуў тлумачэнні акуляры. — Раней такіх не рабілі. Паглядзіце, якія дробненькія лямпачкі!».