Выбрать главу

І тут здзіўленне ды няёмкасць дасягнулі той канцэнтрацыі, што мне зрабілася ніякавата. Я рушыў да дзвярэй, а ён скакаў за мной, як чорт, скакаў і ўсё спрабаваў пасябраваць. Тут, калі дзверы ўжо былі адчыненыя, дзівак зрабіў апошнюю недарэчнасць — ён уціснуў мне ў далонь склізкую бутэль гарэлкі «Russki Shtandar»: «За знаёмства!». Я пільна паглядзеў яму ў твар, толькі тут заўважыўшы асаблівасць ягонага позірку: вочы як быццам глядзелі не на свет, а былі сфакусаваныя на шкле акуляраў. Стары нібыта лавіў на іх унутранай паверхні адлюстраванні і менавіта адсюль чэрпаў уласныя ўяўленні аб тым, дзе жыве. Ён глядзеў на цябе і не бачыў. З іншага боку, ты мог утаропіцца ў ягоныя вочы і нічога не заўважыць у іх, бо яны скіраваныя выключна на паверхню шкла і непранікальныя звонку. Ад гэтага нечалавечага позірку зведзеных да носу вачэй я адчуў ледзяненне ў страўніку, жаданне хутчэй пайсці да сябе і вельмі-вельмі шчыльна зачыніць дзверы. Я ўжо ступіў колькі крокаў, калі ён раптам спыніў мяне: «Паслухай, калі да цябе прыйдзе твая сяброўка, калі ласачка, запрасі мяне. Я вельмі люблю з моладдзю пабалбатаць!». Я паціснуў плячыма ды развітаўся.

У свеце падворка Іваноў заняў тое месца, што раней займаў маўклівы мужчына. Часцяком сусед сядзеў на прыступках, глядзеў на шкло сваіх акуляраў ды хрумсцеў цукрам. Час ад часу я заспяваў яго за соўганнем па двары з той жа бессэнсоўнасцю, з якой да яго соўгалася курыца. Такім чынам, Іваноў замяніў абаіх.

Аднаго дня ён зрабіў яшчэ адну спробу пазнаёміцца. Вярнуўшыся дадому, я заўважыў суседа за няўдала раскладзеным мальбертам — ён рабіў выгляд, што спрабуе намаляваць адну з жывапісна раскудлачаных часам частак дому. Падсвядома я заўважыў, што адзінае, у чым ён дасягнуў поспехаў — дык гэта ў выцісканні алею на палітру. На палатне было пакінута некалькі нерашучых мазкоў, якія сведчылі толькі аб тым, што асоба, за іх адказная, ніколі не трымала ў руках пэндзля. «Я вось якраз хацеў пагутарыць з вамі пра мастацтва», — пачаў Іваноў, на галаве якога быў ужо абрынданы свежым кобальтам (яшчэ адна прыкмета непрывучанасці да жывапісных заняткаў) берэт. Я зрабіў грэблівы выраз твару і кінуў, што нічога пра мастацтва не ведаю і ніколі не цікавіўся.

Я апішу свой тыповы дзень тут. Я прачынаюся а восьмай гадзіне, да дзевяці соўгаюся па хаце, у дзевяць пятнаццаць выходжу, здароўкаюся з Івановым, які звычайна назірае за маім сыходам (можа, вядзе нейкі дзённік ці штосьці накшталт?), апынаюся на вулачцы, запоўненай турыстамі, ківаю анёлу, іду направа. Праходжу побач з вылепленым са снегу праваслаўным храмам ды кідаю якар у кавярні, масткі якой знаходзяцца над хуткай плынню (насупраць — помнік русалцы, вы не заблытаецеся). Тут я праводжу час да адзінаццаці: узімку, калі лавы над здранцвелым струмянём засцеленыя снегавымі пярынамі, мяне можна знайсці ўнутры з якім-небудзь са слоўнікаў, са сшыткам граматычных практыкаванняў. Я працую тут да адзінаццатай, і калі б мяне хтосьці спрабаваў знайсці, гэта лепшае месца і час. Пасля гэтага ў мяне пачынаюцца лекцыі, якія доўжацца па-рознаму, таму перайду адразу да шасці гадзінаў, калі кожны вечар я пачынаю свой мацыён, які праходзіць па адным і тым жа маршруце: па Піліес я ўздымаюся да бульвара Вакечу, пасля чаго скіроўваюся да цэнтру праз клубкі вулачак, прапітаных тутэйшым вэнджаным паветрам. Я памятаю, як намагаўся зразумець, што за дзіўны водар лунае тут штовечар, што за смалены прыпах ловяць ноздры, і толькі потым, пабачыўшы павойны дымок з труб, зразумеў, што тут топяць каміны, што амаль увесь цэнтр на драўняным паліве. На рагу Гедыміна і Вільняус я займаю месца ў кавярні, урослай у кнігарню і да васьмі вечара гляджу ў акварыюм заваконня.

Мае адносіны з Беларуссю тут, у Вільні, пазбавіліся галівудскай спрошчанасці. Радзіма, ці тое, што ад яе засталося, ці тое, што з ёй здарылася, ці тое, што яе зжэрла, — карацей, тая пачвара ды тая прыгажуня, якая звалася Беларуссю, была цяпер настолькі шчыльна побач, што нічога пэўнага ўжо не было бачна: так, плямы на скуры, неідэнтыфікаваная лагчына, далікатны выгін ды павольны ўздым грудзёў пры дыханні. Тут лавілася тэлевізія той дзяржавы, якая нарасла вакол маёнтка майго дзеда. Я разумеў не ўсё, што паказвалі там, бо час ад часу навіны чамусьці начытваліся не па-беларуску, а па-руску. У нейкім сэнсе, гэтая тэлевізія была падобнай да ўсёй тэлевізіі свету, усхваляючы неверагодную прыгажосць (ці захапляльную неахайнасць) нечага, што ў лепшым выпадку з’яўляецца таннай каляднай гірляндай, не вартай ніякай увагі псіхічна ўстойлівага гледача. Аднак з іншага боку, менавіта гэтая тэлевізія, пры пільным яе праглядзе, утрымлівала прыкметы той бездані, якая працягнулася па межах Беларусі і надзейна аддзяляла яе ад свету людзей. Не, гэта таксама былі людзі, ніякіх адрозненняў у колеры скуры, форме насоў ці памерах ілбоў. Нават надброўныя дугі былі звычайнымі. Але ж куды лепей было б, калі б ТВ-вешчуны былі салатавага адценню са шчупальцамі: гэта адразу б дазваляла разумець, што тут мы маем справу з нейкай выбітнай формай жыцця, ад якой не трэба чакаць павагі да нашых каштоўнасцяў ды светапогляду, усяго таго, што завецца чалавечнасцю.