Яго рэакцыя была аслупяняльнай (if I can use it, Janka!). Ён спыняў сваё мармытанне, паварочваўся да мяне і пільна прыслухоўваўся, як быццам бы доктар да вар’ята. Запэўніўшыся ў тым, што гэты «Chagall» нічога яму не гаворыць, што гэта нейкая англа-саксонская бязглуздзіца (каб зрабіць гэтае слова турэцкім, трэба было б дадаць у яго якую-небудзь гукавую нечаканасць, кшталту «йю» перад «г», каб ён стаў «Chaugal»), кіроўца вяртаўся да стырна і зноў рабіўся сканцэнтраваным на сваім каштоўным унутраным свеце, з яго ўпэўненасцю ў тым, што ўсё незразумелае проста не мае значэння.
Але ж усё мае свой канец, нават вандроўка, скіраваная наўпрост у лёс, не ў прастору, а ў жыццёвую геаграфію, your future self, I do not know, how to express it (maybe, cut it out?).
— Гюстэпа, — пляснуў у далоні кіроўца.
— Дзе? Where? — здзівіўся я.
— All around, — усміхнуўся ён. — Паўсюль.
Апынулася, што яму было ўласціва нават пачуццё гумару. А хто б мог здагадацца!
Навокал з выглядам грозным ды смурным значыліся акурат усе тыя даміны, якія напужалі мяне па дарозе. Думка аб тым, што зараз прыйдзецца выйсці з адносна бяспечнай таксоўкі ды ўступіць з імі ў экзістэнцыйны кантакт, нагадала мне пра той выпадак ў каледжы, калі пасля адной асабліва яскравай перамогі нашай каманды ў футбол я знянацку апынуўся ў O’Donnels, дзе якраз сумавалі над Guinness усе 11 гульцоў, што пацярпелі паразу.
— Тут ёсць якая-небудзь плочша? — у роспачы запытаўся я, і гэта было падобна да закліку па дапамогу.
Не выключаю, што Майсей прыкладна такім тонам удакладняў, ці няма навокал зямлі запаветнай — перад тым, як выправіцца ў тую самую вандроўку. Пасля такога пытання, нават калі плошчы няма, яе трэба ўзвесці. І кіроўца пакаціў, паспеўшы хуценька нагадаць асноўную думку свайго жыцця:
— Нічога няма ў Гюстэпа!
Плошча, на якую мне прыйшлося скокнуць з таксоўкі з неспакойным страўнікам ды слабымі нагамі, была такой маленькай і такой няплошчай, што неяк адразу стала відавочна: ніякага Chagall я тут не знайду. Я намацаў у кішэні запрашальнік — глянцавая расчырванелая паперка з неверагодным шагалаўскім букетам — і пачаў чапляцца да людзей, памятаючы пра тое, што мой guidebook назваў раёны далёка ад цэнтра Стамбулу месцамі, дзе рыхтуюць тэрарыстаў, а белы чалавек можа быць спрытна захоплены ў закладнікі.
Жанчыны, да якіх я падскокваў, працягваючы выратавальны запрашальнік, не адказывалі наогул нічога, шарахаючыся ў бакі маўклівымі чорнымі ценямі, мужчыны спыняліся, выслухоўвалі маё пытанне «дзе тут выстава Шагала?!!?» ды вельмі ветліва казалі, нават з нейкім оксвардзкім пранонсам: «Не, дзякуй». Першая ідэя — спыніць таксоўку ды ірваць адсюль куды-небудзь на Султанахмед — апынулася невыканальнай: таксовак тут не было наогул. Толькі аднолькавыя будынкі, аднатыпнасць якіх кампенсавала занадта вялікую (нерацыянальна вялікую, немагчыма вялікую) колькасць насельніцтва гэтага клятага горада. У Сусвета не было дастаткова адрозненняў, каб запаланіць імі гэтую частку Стамбула, і таму ўсё тут, як на задворках нейкай глабальнай сцэны, як у RPG з вялікай колькасцю NPC, было аднолькавым, нават ветлівыя незнаёмцы, нават жанчыны ў аднатыпных чорных страшных бурках.
З неба ліло, трэба было ўспароць мой утульненькі заплечнік, які не ведаў прыгод большых, чым на дзве гадзіны адкладзены рэйс Бостан-Стамбул, ды знайсці ў ім парасон… Але ж як гэта зрабіць? Калі ў галаве ўсё блытаецца. Чаму той, у чорным, як мазут, шчацінні, спыніўся і вылупіўся на мяне? Аблічча, як у прусака. Пра што кажа дзіця таму дзядзьку? «Ці не паскубці нам тую вунь мокрую малпу»? Чаму ўсе абмінаюць мяне, як праклятага? Якія чароўныя ласункі ў той краме, вось бы пакаштаваць пахлаву…
І раптам, ужо на самае вяршыні гістэрыкі, калі хацелася бегчы — бегчы, куды заўгодна, абы не стаяць на месцы маўклівай зданню, ценем ахвяры, закатаванай ў чаканні выкупу — у момант унутранай цішыні, калі час спыніў свой бег, а сэрца сур’ёзна ўзважвала, ці варта працягваць біцца ў грудзях такога небаракі — я пабачыў дзяўчыну. Нават не так: я пабачыў не яе твар, не яе постаць, нават не хуткую ды энергічную хаду, а тое, што яна трымала ў руках. Пунсовы запрашальнік з раскошай кветак, напісаных так, быццам бы яны былі анталагічна больш важнымі за тую аголеную самку, што прысутнічала на кампазіцыі ў другаснай ролі (нібы ў ролі вазы, для якой кветкі прызначаліся). Неасэнсавана ды ненаўмысна я раскрыў тут сакрэт магіі гэтай шагалаўскай карціны, якая звяла нас разам: канечне, сэнс быў у гульні вобразаў, у тым, што кветкі сапраўды могуць быць больш важнымі за жанчыну, якой яны прызначаныя, жанчыну, што стаіць побач з імі аголеная. І гэта не пагарда да жанчыны. Гэта адзіная натуральная сітуацыя для таго, хто ўжо кахае кагосьці і таму не бачыць чужых цыцак, выключна чужыя ружы. І калі побач апынаюцца прыгажуня (не твая) ды букет (букет прыгажуні), дык цікавіць цябе толькі тое, як гэтае хараство (букет) зрабіць здабыткам той, хто для цябе — сэнс ды выратаванне. А факт належнасці аднаго хараства (букета) другому хараству (прыгажуне) для цябе не больш відавочны, чым прыналежнасць кветак вазону, у якім яны захоўваюцца.