У адзін з першых вечароў назірання за гэтай краінай праз тэлескоп «Беларусь-ТВ», калі я ўжо гатовы быў падзівіцца Настынаму ўспрыманню той рэчаіснасці, ад якой яна ў такой збянтэжанасці збегла, я натрапіў на жывадзёрны сюжэт, які прымусіў мяне ўсё зразумець і адчуць, бо ўспрымаўся праз мае ўласныя вочы: нават у пераказе я б не ўцяміў, у чым там быў цымес. Гэта быў караценькі расповед пра зверагадоўлю для вечаровых навін, ён ішоў адразу пасля паведамлення пра нафтаперапрацоўку і належаў у логіцы выпуску да аднаго з ім струменю навінаў — атрымання грошай.
Адразу адзначу, што зроблена ўсё было ў яркіх, аптымістычных колерах, ад якіх так хацелася жыць: свяціла сонца, па рыпучым снезе хадзіла апранутая ў навюткую ватоўку (Сяргей называе гэты тып адзення «Воркута», мабыць, па характары малюнка на ім) залатазубая жанчына, якая трашчала пра тое, якія файныя ў іх атрымаліся «экземпляры». Далей гледачу дэманстравалі клеткі, у якіх гулялі раскошныя, трапяткія норыцы. Камера спынялася на іх вусаценькіх мысках з паўкруглымі вушкамі, і ты адчуваў сябе шаснаццацігадовай прыхільніцай Брытні Спірз, асноўнае слова ў лексіконе якой гэта «adorable». У іх былі adorable выцягнутыя, гнуткія цельцы, adorable вочкі-кропачкі, adorable лапкі, якімі яны adorable чапляліся за пруты клетак. Цётачка брала звяркоў на рукі, песціла іх, гладзіла па бліскучай поўсці, і тыя ласціліся ды ўсё наравілі тыкнуць носам у камеру. Потым гэтая ж цётачка без усялякага пераходу апынулася ў нейкім памяшканні, яна працягвала гладзіць ды песціць бліскучую поўсць, але яна належала не жывой істоце — не, гэта была поўсць доўгага, да падлогі, футра, па ім ішлі шырокія праштабнаваныя палосы, і ў гэтых палосах яшчэ можна было пазнаць іх цельцы — была бачная шырыня, супастаўляльная са спінкай той істоты, якая хвіліну таму тыцкалася носам у камеру. Закальцаванасць двух дзеянняў, немагчымая, неміласэрная метанімічнасць, выклікала здранцвенне.
Далей нейкі чыноўнік з ведамства, ад чалавечых словаў у назве якога былі хіба шурпатыя абцінкі, злепленыя абы як («Бел-кооп-торг-нешта там»!) казаў пра «паказнікі», пра «перавыкананне плану па норыцах», пра тое, што дзякуючы «прыдбанню белай норыцы», прадпрыемству за год удалося павялічыць прыбытак да трох мільёнаў еўра. Паказалі белую норыцу — зноў яе трымала цётачка, зноў механічна песціла яе бачок, але аналогія з футрам, у якое праз год ператворыцца маленькая, трохі збянтэжаная, даверлівая істота, ужо працавала з успрыманнем: было бачна, што звярка жанчына трымае роўна так, як трымала б нежывую істоту. Так, для яе гэта было некалькі дэцыметраў (яны вымяралі футра гэтых краляў дэцыметрамі) грошай. І рабілася ніякавата за прыметнік «раскошныя», ужыты абзацам вышэй, побач з прыметнікам «трапяткія», бо бачыць «раскошу» ў поўсці жывой істоты можа толькі бяздушны кат, прабачце мяне, норыцы, прабачце, што пазайздросціў вашай прыгажосці, якую гэтая залатазубая цётачка за кадрам злупвала з вашых яшчэ не астылых цельцаў тымі ж рукамі, якімі песцілі вас…
Праз якую хвіліну пасля таго, як белую норыцу засадзілі ў яе камеру, залатазубая тыкала ў экран пукамі «апрацаваных» (так яна казала), падрыхтаваных для пашыву, шкурак белага, белага, белага колеру. А вочы міжволі глядзелі на яе гумавыя боты, ліпка счарнелыя знізу, счарнелыя ад таго, чым так складана, мабыць не запэцкаць гэтую чароўную беласць, бо чырвонае на белым гэта так балюча — я памятаў па колішнім сюжэце «Еўраньюз».
Справа была не ў тым, што ў Беларусі забівалі норыцаў — у Вільні яшчэ захоўвалася крама з натуральным футрам, вітрыну якой рэгулярна білі ці пэцкалі зялёнай фарбай абаронцы жывёлаў. Справа была нават не ў тым, што аб гэтым расказвалі па тэлебачанні без скалананняў ад жудасці і жалю. Галоўнай тут была інтанацыя. Тоеснасць жывога і мёртвага, якую выяўляла гэтая інтанацыя. Гэтае, курва, сонейка ды блакітныя нябесы. Гэтая ўпэўненасць у тым, што пануючая істота можа ўспрымаць слабую істоту як нафту, газ, вугаль: як крыніцу грошай. Але ж і проста: іх мыскі, вочкі, вусікі…. Футра, якое мяшалася з жывымі норыцамі, бо галоўнай была якасць ды мяккасць поўсці.