Выбрать главу

Хтосьці, скаланаючыся ад нянавісці, распавядаў мне пра неверагодную чысціню на вуліцах, пра тое, што гэта нежывая чысціня, але ж чысціня хірургічнага пакою, другі праз дзень казаў, што адзінае, па чым баліць ягоная душа — гэта тая прыбранасць на вуліцах, тыя пабеленыя бардзюры ды пафарбаваныя камяні на ўскрайках лясоў. Адзін казаў, што ніколі-ніколі не вернецца, і назаўтра з’язджаў, і сувязь з ім, як заўсёды, знікала, і мы, па завядзёнцы, збіраліся ў доме міласэрнасці ды ўздымалі кілішкі грамадой. Другі ўсё ехаў, ужо заўтра, менавіта заўтра, на ранішнім цягніку, бо калі ў шэсць сорак на цягнік, ужо ў адзінаццаць будзеш у Менску («Хто ж цябе да Менску пусціць! На мяжы здымуць», — падказвалі побач), а яму хаця б пабачыць адзін раз тыя вежы на прывакзальнай, адным вокам, ну хай сабе здымуць, але ўсё роўна потым этапуюць у Менск, праз чыгунку, а там размеркавальнік побач, маленькі непрыкметны будынак на Дружнай, а адтуль вежы бачныя, і яшчэ кілішак, за вежы, і яшчэ, вежы, вежы, ажно да самага наступлення Менску тут, пасярод дому міласэрнасці, і калі яго выносяць, ён шэпча пра Менск. Як пасля гэтага не ўзрушыцца? Як не памкнуцца туды, нават калі ўсё, што там ёсць — касы будынак размеркавання ЗК?

Я не ведаю, ці сапраўды ўсё было настолькі непазбежна, што іх забіралі на мяжы. Камунікацыйнае знікненне тых, хто вяртаўся, магло быць абумоўлена зразумелым жаданнем абрубіць усе сувязі з віленскім асяродкам, выкрасліць эміграцыю з жыцця. Трэба ж разумець, што тыя, хто жыў тут, штодня блыталіся ў путах уласных страхаў, выдуманых ды невыдуманых жудасцяў, прымалі ўласныя начныя летуценні за рэальнасць: у большасці выпадкаў яны збеглі з краіны пасля нават не допыту, але ўласнага дапушчэння, што на допыт могуць выклікаць. Неасцярожнае інтэрв’ю, занадта смелы допіс у блогах — усё астатняе рабіла іх уласная падсвядомасць, якая выдумляла дэманаў, што жэрлі іх душы. Аднак жа было і іншае… Той, што да сутаргаў заікаўся. Ці той, што распавёў, як пасля затрымання ў тую самую ноч, калі было шмат чырвонага на белым снезе, яго і іншых распранулі ў закрацці, паставілі басанож на зледзянелы бетон ды доўга здымалі на відэа, і ніхто не ведае, што далей сталася з тым відэа, але сам факт яго існавання турбуе гэтаксама, як той сонечны сюжэт пра зверагадоўлю, турбуе на ўзроўні канфлікту з чалавечнасцю, вычварэння, якое робіцца нейкім маніякальным пачаткам суб’екта, які недзе побач пакладзены ў аснову існавання дзяржавы.

Аднак праз гэты смурод ды чарнату праглядала чысцюткае, незапэцканае жудасцю, некранутае дэманамі, і яно вабіла тым больш, чым больш страшныя расповеды я чуў: напрыклад, тая частка Менску ля праспекту Пераможцаў, тое ўзбярэжжа, якое ператварылася ў мой уласны вырай, да якога імкнулася птушка ўва мне падчас душэўных халадоў. Першапачаткова я пабачыў гэтае ўзбярэжжа з белым будынкам басейна на паштоўках савецкіх часоў, якія ўвалаклі з сабой эмігранты хвалі 1990-х: з тае пары нішто істотнае, вартае любові, там не змянілася. Перш за ўсё я кажу пра від на Траецкае, які адкрываўся з боку Свіслачы. Я не вельмі дакладна ўяўляю сабе, якога адценню там вада, я дамысліваю асветленасць і вецер, пах і гукі гораду, я ўяўляю сабе нават стамбульскіх чаек тут (не ведаю, ці ёсць яны ў Менску насамрэч). Але ж па начах мне сняцца сны, у якіх я іду ўздоўж узбярэжжа, там, дзе пад нагамі — загнаная ў трубы Няміга, і ў маёй далоні — яе палаючая далонь. Вядома ж, я падаў на візу і, вядома ж, атрымаў адмову, бо пашпарт у мяне амерыканскі.

Я шукаў яе, ах, як жа я шукаў яе! Яна патрэбная была мне не проста таму, што чалавек не можа адзін, чалавек існуе толькі тады, калі яму ёсць, каму сказаць пра сябе, і тым адрозніваецца ад жывёлы. Але тут было іншае: у пэўны момант Наста для мяне стала ўвасабленнем маёй новай існасці. Я выракся сваёй краіны, сваёй (ангельскай) мовы, я адмовіўся ад гісторыі, у якой Поўнач ваявала з Поўднем у імя гісторыі, у якой п’яны Пётр забіваў базільянскіх святароў у полацкай Святой Сафіі. Там у мяне ўжо не было каранёў, тут маёй сувяззю з каранямі была нават не мова, а Наста. Мова ж дапамагала выключна паразумецца з Настай, калі я яе знайду. Калі я яе знайду… Без Насты я быў чалавекам без краіны, без дома, без мовы, без мінулага, напаўбамжом. Без Насты было так пуста, як не было ніколі, і з гэтай пустатой суіснаваць было немагчыма.