Выбрать главу

Яна зацягнула мяне ў неасветлены правулак шырынёй з бальнічны калідор. «Adress», — запытала яна з націскам не першы склад: я назваў, і яна пацягнула мяне праз тую Вільню, якой я яшчэ не бачыў. Гэтая Вільня была падобнай да Стамбулу, праз які аднойчы правалакла мяне Наста: завулкі, падворкі, занадта інтымныя, каб на іх можна было ўявіць турыста: бялізна на лінах, падлеткі, якія, згурбіўшыся, слухаюць «Рамштайн» з мабілаў, пакінутыя канапы, backstage рэальнасці. Я патаемна пазіраў на яе — пазнавальнай была яе мэтанакіраванасць, лёгкасць, нават рост ды постаць, але ж бракавала Настынай моцы ды энергіі ў кожным руху. Кажу ж, Наста без адной (можа — самай галоўнай, а можа — не!) літары.

Мы выпархнулі на адну з пешаходных магістраляў, і яна адыйшла ўбок, дазволіўшы чалавечай плыні рассекчы нашае «мы» на «м» і «ы», дзве незнаёмыя літары, праз нас ішлі людзі, гэта былі пераважна замежнікі, «z», «x», «l» паміж нашым «мы» («мzы» — дзіўная фігура маўлення), але вось і дом з імбрыкамі на Піліес, вось і бясконцая сцяна, вось і анёл, мой анёл — мы прашмыгнулі ў вароты, як два прусакі, узляцелі па сходах, і я замкнуў дзверы. «We with nobody?» — удакладніла яна і, пачуўшы станоўчы адказ, пазбаўляючы дыхання, хутка, прагна, неверагодна, немагчыма, клапатліва, не, як гэта? як можа? як можна? схапіла вуснамі, сваімі вуснамі, вуснамі, мае вусны ды пяшчотна абхапіла патыліцу, сплялася пальцамі ў валасах, трымаючы, трымаючы… Усё, што было далей… Як мы апынуліся ў гасцёўні, як пад намі ўтварылася канапа, як… Тут мне трохі не хапае маёй беларускай, я проста не ведаю выразаў, якія б стылістычна дакладна перадавалі б сітуацыю — у ангельскай ёсць файная форма I found myself: I found myself with her naked, found myself kissing her as we were kissing last time before the dead of the sun, яе скаланала ад дрыжыкаў, яе далоні былі халоднымі ды вільготнымі, яны разгублена вандравалі па маёй спіне, як быццам бы заблукаўшы, ці, можа, у пошуках выратавання, нейкай кнопкі, якая б усё зрабіла меней недарэчным — ператварыла яе ў Насту, а мяне — я не ведаю, каго яна бачыла ці жадала б пабачыць у маім абліччы. Неяк так атрымалася, што на мне ўжо не было сподняга, а яе ногі — ледзяныя, дрыготкія, трымцелі ад нервовага напружання, а паміж іх было пякуча ды вільготна (вільгаць непажаданага пацалунка), мы ж не ведалі адно аднога, не ведалі, што далей, і не жадалі (прынамсі — я), каб гэтае «далей» было, але «далей» наставала, як настае дзень пасля бяссонай ночы, як развідняе тады, калі ты, зняможаны, яшчэ спадзяешся на цемру, на тое, што яна дапаможа забыцца, і вось развіднела, і трэба жыць да вечара, жыць паловай сябе, паловай сваёй сутнасці — жыць, нягледзячы на тое, што быць у прытомнасці няма ніякай моцы, нягледзячы на тое, што кожная клетачка мозгу патрабуе сну, я разумеў, што гэта — не трэба, што так — не трэба, але ж што разуменне патрэбы можа зрабіць з астраноміяй дня і ночы, іх узаемнага чаргавання, і я не ведаў, што наставала — дзень ці ноч, бясконцая, бяссонная, непазбыўная ноч, і вось, калі я ў ачмурэнні хапаў дурнымі вуснамі ейныя смочкі, з сумессю гідлівасці ды жадання, вось у гэты немагчымы, вар’яцкі момант у дзверы пагрукалі. Яна выслізнула з-пад мяне ды па-змяінаму сыкнула: «Хто?». А я не ведаў, хто, я шукаў гузікі на маіх такіх доўгіх, немагчыма доўгіх, значна, здаецца, даўжэйшых за мае анучныя ногі, штанах, я зашпільваўся, я бег да дзвярэй, гатовы да таго, каб пабачыць там, у прывідзе вітальні, якая зрабілася непазнавальнай, Мікі Маўса ці Мобі ў касцюме касманаўта (кліп We all made of stars), я цягнуў на сябе дзверы, цягнуў, падрыхтаваны да ўсяго, але там стаяў толькі Іваноў, зухаваты дзядок Іваноў, акуляры якога цяпер былі падобныя да нейкай вычварнай прылады з фільму жахаў з удзелам Джоні Дэпа.

— Дзень добры, — бадзёра пачаў ён. — У цябе зараз дзяўчына.

Ён не запытваўся, ён сцвярджаў, і гэтае сцвярджэнне збольшага адпавядала рэчаіснасці, пры ўсёй яго немагчымасці, і я пацвердзіў, так, дзяўчына…