Не, усё гэта — пурга, бо перада мной стаяла, нагадаю, дзяўчына, а ў руцэ ў гэтай дзяўчыны быў буклет, буклет з букетам з аголенай, той буклет, з-за якога я панікаваў тут пад дажджом, уяуляючы сабе ўласны лёс у пячорах сярод закладнікаў дзе-небудзь у Іярданіі (якое недакладнае беларускае слоўца! Гучыць амаль як Данія! Не тое, што нашае пагрозлівае Jordan, якое клацае ў вуха як засаўка АКМ-47, а ў сямейцы ўласных сэнсаў мае спасылку на хатні жоран для перамолвання кавы, якім так проста параніцца да крыві…). Калі я здолеў адляпіць погляд ад гэтага буклета ды хутка вывучыць тую, што яго несла, першым кінуўся ў вочы яе неверагодны спакой. Яна паводзіла сябе так, як быццам бы заблыталася на рагу 58-й ды 35-й вуліцаў ды разважала: варта звярнуцца да паліцэйскага ці лепей пачытаць шыльды на дамах і зрахавацца з мапай.
Я кінуўся да яе, кінуўся праз плошчу, па якой колам ішлі машыны — забыўшыся на ўсё, акрамя палаючага буклета з букетам. Зараўлі клаксоны, шмарганулі шыны па вільгаці асфальта, я ледзьве не загінуў, аднак Космас неяк так вывернуўся вакол уласнай восі, што абмінула.
— Прабачце, — гарлапаніў я здалёк, жэстыкулюючы ўсімі канечнасцямі, што апынуліся на маім целе дзякуючы ласцы Божай.
Яна спынілася і паглядзела на мяне з прыязнай цікавасцю, як на аўтамат для жэтонаў, што спрабуе камунікаваць на санскрыце.
— Калі ласачка! Вы не падкажаце, дзе тут зала, у якой выставілі Шагала? — я неяк не надта паклапаціўся аб правільнасці сказа, палову фразы памовіўшы ў present continuous (are you going to say me?), палову — у simple past.
Дзяўчына была вымушаная клапатліва запытацца, ці не прасцей мне будзе пабалбатаць па-французску, яна ведае трохі, але ж я запэўніў яе, што я native, but little bit overwhelmed English speaker. Не ведаю, ці вартыя былі мае словы даверу пасля прадэманстраванай шызоіднай граматыкі, аднак яна канчаткова перайшла на ангельскую, з’едліва адзначыўшы, што ў гэтым горадзе прыкметай добрага густу ў самагубцы з’яўляецца элегантны скок з маста праз Басфор. І што шукаць смерці пад коламі аўто ўжо даўно тут пайшло з моды.
Я быў настолькі ўзрушаны, што нават не адрэагаваў на сарказм, зрабіўшы кволы жэст далонню, які сігніфікаваў, што не, нармуль, так таксама нядрэнна. На фізічным узроўні я дзейнічаў у адпаведнасці з паўночнаамерыканскім канонам, згодна з якім, першае, што трэба спытаць у чалавека, калі той падляціць да цябе з такой мінай, як была ў мяне, гэта «are you ok?». І жэст мой, такім чынам, быў адказам на пытанне, якое яна не задала. Яна кпіла, а я яе супакойваў — yes, I’m ok, don’t you worry! Яшчэ адной акалічнасцю, што спрычынілася да дысанансу ў гэтай уверцюры нашага знаёмства, быў выраз яе твару. Так, дзяўчына была спакойнай. Яна была і сур’ёзнай, нават не проста сур’ёзнай, урачыста сур’ёзнай. Вусны агучвалі гэтую лухту пра лепшае месца для самазабойства, а вочы пільна вывучалі, і ніводнай прыкметы жартаўлівасці, нават проста добрага настрою ў іх не было.
Прастадушна запытаўся:
— Вы таксама згубіліся, як і я?
Яна зноў тыкнула шпількай:
— Я заблукала. Але ж не так, як вы. Не, не так. Трохі незразумела, дзе тут што знаходзіцца.
І зноў я не адрэагаваў. Дарэчы, гэта назаўсёды засталося таямніцай: ці з’яўляюцца для вас, беларусаў, здзекі стандартнай методай знаёмства, ці тое быў выключна яе фірмовы стыль.
— Тут ніхто не размаўляе па-ангельску! — паскардзіўся я ёй.
— А вы што хочаце? Мы ж у самай дупе Стамбула, — пацепнула яна плячыма.
— Нават кіроўца таксоўкі не ведаў, дзе тут той Шагал! — працягваў я енчыць.
— А дзе вы тут бачылі таксоўку?
— Я на ёй прыехаў.
Яна змоўкла на палове пытання, якое рыхтавалася задаць (мяркуючы па ўсім, пытанне павінна было быць не менш з’едлівым). І задала іншае:
— Сюды? На таксоўцы? І ў вас не ўзнікла думкі, што тут робіць мастацкая галерея, дастаткова вялікая для таго, каб экспанаваць у ёй Шагала?
— А што… — я разгубіўся, але зразумеў, што адзіны спосаб размовы з гэтай дамачкай — узяць яе тон. — Паслухайце, вы так кажаце, нібыта самі сюды дабраліся на пархатым дыване з мульфільма Aladdin!