Выбрать главу

— What the fuck? What time is it now? — скарыстаўся я ад здзіўлення ангельскай.

Навошта яму солька ў такую рань?

Ён няўпэўнена пасміхнуўся («супчыку наварыць. Я кожную раніцу раблю суп ра-та-туй!»). Я зразумеў, што маё ўчорашняе здзіўленне ягонай рацыянальнасцю было залішнім: так, ён паводзіў сябе з прыкметамі разумнасці, мог абгрунтава выказаць зацікаўленасць чымсьці, не быў апранутым у кайзераўскі шлем. Але сам харатар таго, што ён рабіў, быў вар’яцкім. Іваноў тымчасам зноў вярнуўся да блазнавання на сваю ўлюбёную тэму:

— Дзяўчына твая дзе? Абяцаў жа пазнаёміць!

— Сышла ўжо, — пахмурна абарваў я.

— Як сышла? Яна ж не выходзіла!

Па ўсім відаць, шпалераў ды патаемнага ходу ён усё ж не заўважыў.

— Іваноў, ідзіце спаць, — стомлена прапанаваў я яму.

— З сяброўкай пазнаёмь, нелюдзь! Дзе ты яе схаваў? Ёй жа абшчацца трэба! — гэтае з-за двярэй, у якасці жарту (жарты ў яго былі такія ж дзіўныя, як і сам).

Я вярнуўся ў ложак, у абдымкі араматычнага прывіду Асты — яна надзейна пасялілася ў коўдры, тая аўрападобная частка яе, якая належала ўсім насатым, аднак і не належала нікому (пазней я зразумеў, што ёсць жанчыны, уладанне якімі такое ж немагчымае, як уладанне пахамі). Я спрабаваў падхапіць тую ж псіхічную плынь, якая так удала завяла мяне ў глыбіні падсвядомасці, але ж з плыні збівалі акуляры Іванова: па законах фізікі той, хто сапсаваў табе жыццё двойчы, абавязкова зробіць гэта і ў трэці раз, і гэтая навязлівая думка непазбежна адносіла мяне на берагі бессані. У рэшце рэшт Іваноў зноў абверг законы ўспрымання сябе ж, бо не з’явіўся, можна было спаць.

Я прыйшоў на лекцыі напаўпразрысты ад недасыпу, блытаў Эдуара Мане з Клодам Мане, а Клода Мане блытаў з Бертай Марызо — у той час, як блытаць Берту Марызо можна выключна з Эдуарам Мане. Калі пасярод другой лекцыі за спінай грукнулі дзверы і пачулася цоканне абцасаў, сэрца прыпынілася, а Берта Марызо раптам ператварылася ў сяброўку Тулуза Латрэка з ліку легкадумных наведвальніц «Мулен Руж» — дзеля таго, каб падхапіць думку, якая ляцела ў бездань з ультрафіялетавым адценнем скандалу (хтосьці ўжо ўзняў пратэстна руку) мне трэба было толькі павярнуцца ды паглядзець, хто ж там цокае, так доўга, так невыносна доўга цокае да мяне, чые гэта настойлівыя ножкі, апранутыя… Але паварочвацца нельга, я ж на трыбуне, я ж прафесар, я не магу круціць галавой, адно знюхаўшы прысутнасць спадніцы побач, толькі вось узгадаць бы, што там я ляпнуў пра Марызо і што побач з Марызо рабіў алканаўт Латрэк? Я змоўк, і ўсталявалася паўза, яна расла ды разбухала, як флюс на надта ж далікатным месцы: у кодаксе гонару прафесараў трэба абавязкова прапісаць немагчымасць рабіць паўзы большыя за дзесяць секунд, нават абцасікі спыніліся, усвядоміўшы, што спынілі працэс мыслення, што прывялі да глабальнага катаклізму і — чорт з ім — я павярнуўся, гэта была не Аста, а Гедрэ Расічуне, метадыст, наконт часу для вуснага іспыту.

Я боўтаўся па горадзе, заходзіў у кавярні і зразумеў, што незваротнасць наступлення дня ў напаўсвядомым пасля кароткага сну стане мае і прыемны бок, бо яе блізніцай з’яўляецца незваротнасць наступлення ночы: вечарэла, прычым вечарэла без усялякіх маіх высілкаў, можна было проста сядзець у кнігакавярне (чакаць яе), глядзець на жыццё фаўны за вокнамі (чакаць яе), штосьці замаўляць (чакаць яе), а стрэлкі на гадзінніку рухаліся, і іх незалежнасць ад мяне была з’явай прыемнай. У рэшце рэшт, я апынуўся на парозе дома, у салодкім прадчуванні сну. Адамкнуўшы дзверы, я заўважыў адну непрыемную дэталь: мяне абкралі. Усё тут было перавёрнута дагары нагамі: нават гадзіннік, які лунаў за спінай, быў сарваны са сцяны. Змесціва гардэробнай шафы было вытрасена на падлогу, і асаблівы жаль працяў пры поглядзе на зімнюю куртку Jack and Jones, якая была раздзеленая на часткі, як парася ў вёсцы: вантробы сінтыпону былі складзены побач, капюшон — аддзелены ды пазбаўлены скальпу.