Выбрать главу

Я зноў боўтаўся па горадзе ў пошуках дзяўчыны, толькі на гэты раз імя дзяўчыны было на адну літару карацейшым (можна здагадацца, што наступная, трэцяя, будзе звацца Стай). Мне чамусьці здавалася, што Аста не прыйдзе да мяне ў Friday, што яна кінула мяне назаўсёды, і адзіны шанец тут — фізічна знайсці яе, адарваць ад тых спраў, якімі яна заняла свае вечары і якія паставіла бар’ерам паміж намі, прадэманстраваць, што ёсць пачуцці больш сур’ёзныя, чым лянотная асалода ад хлябтання шампані пасля злучкі. На другі дзень я скасаваў заняткі і заняўся пошукамі сістэмна: зноў Вільня была падзеленая на квадраты, зноў я зігзагамі рушыў па знаёмых, ужо шмат разоў прачасаных вуліцах, візуальна кантралюючы адразу абодва бакі, пільна ўглядаючыся ў спіны, твары, вочы, ногі.

Я патрапіў на яе ў першы ж вечар, пасля таго, як прачасаў дзелавыя кварталы ды павольна рушыў праз цэнтр. Наша сустрэча была пацвярджэннем таго, што калі б Наста была ў Вільні, я б яе знайшоў: гэтая, другая, гэтая неда-Наста, рухалася да ўваходу ў кафедральны касцёл у побытавым натоўпе прагных веры, і было бачна, што тут мы маем справу з грамадой яшчэ больш шчыльнай, чым талака палякаў у Бостане: усе каталікі былі апранутыя ў строгія гарнітуры, валасы ў жанчын убраныя пад капялюшыкі ды шалькі, над прыходам панавала прыстойнасць і адмаўленне любой заганы, нават такой нязначнай, як, напрыклад, смех ці моцная эмоцыя кшталту радасці. Аста была апранутая ў шэрага колеру строй з ангельскай воўны, высокія (занадта высокія для гэтай пары году) боты пад даўгой (занадта даўгой) чорнай спадніцай — іх узаемапранікненне пакідала ўражанне пэўнай празмернасці, як быццам уладальнік хацеў падкрэсліць, што душыць уласную цялеснасць нават на ўзроўні адзення. Эх, якой прыгожай яна была! Як пасавала ёй строгая кашуля, зашпіленая на ўсе гузікі, да самага падбароддзя, каб Бог выпадкова не пабачыў нават сантыметру яе шыі!

На правай яе далоні дамінаваў шырачэзны, агромністы шлюбны пярсцёнак — яго памеры, здаецца, павінны былі адпудзіць усіх іншых самцоў (дзіўна, што яна яго здымала). Побач з ёй крочыў суворы і масіўны гарылоід: левая далонька Асты была зняволеная ў яго пад локцем, ён крыў яе ўласнай пяцярнёй, і нешта жывёльнае было ў гэтым руху, нешта, ад чаго ўва мне варухнуўся трапяткі ўспамін аб той ночы: мая поза, мая вывернутасць, яе калені і немагчымае, скандальнае ў дадзеным кантэксце дапушчэнне аб тым, як гэта адбываецца ў іх.

Трэба было бегчы ці праваліцца ў пекла, вось тут, на гэтым месцы, уніз, адразу ў зямныя нетры, абы не сутыкнуцца, але ж я апынуўся занадта побач з маршрутам натоўпу — яна ўзняла вочы і ўпёрлася ў той саляны слуп, у які ператварыўся я. Секунду мы глядзелі адно на аднога. Для мяне зноў гэта было «андантэ»: развітанне і прыкрасць, і боль, але ж ў яе вачах я пабачыў «скерца» шампанскага — яна смяялася, бо гэта ж так смешна: яна ідзе ў касцёл з мужам, а я застукаў! Яна ў шлюбе, а я й не ведаў! Ха-ха-ха! Потым яна заўважыла мой настрой, зразумела, адчула і зрабілася сур’ёзнай: кароткая сутарга па вуснах, яны надламаліся, іх куткі абрынуліся ўніз — я яе вельмі расчараваў, так гэта выглядала. Расчараваў уласнай сур’ёзнасцю, я што, на ёй жаніцца планаваў? Дык вось, ужо побач крочыць адзін шлюб, нельга на ёй жаніцца: яна не для гэтага, яна лёгкая і сатканая з паветра, як бурбалка ў шампанскім. У апошнюю дзесятую той секунды мы развіталіся — характар і нават колер яе позірку змяніўся, спахмурнеў, як неба ў надмагіллі сонца пасля таго, як свята заходу скончылася і настала проза ночы. Я зразумеў, што больш ніколі не пабачу таго персікавага адцення, якое набывала яе аголеная спіна ў святле майго таршэра. Дзесьці далёка з грукатам абрыналіся ў пыл бялюткія шматвежавыя замкі той сумеснай будучыні, якую я нам паспеў наўяўляць, руйнаваліся галерэі ды порцікі, ламаліся, як вясельны ажурны торт пад нажом, шпілі ды флюгеры: гэта было далёка, далёка, бо тут і цяпер рэальнымі былі выключна яе крокі да ўваходу ў касцёл, крокі і пільны позірк яе суджанага, які паспеў адчуць гэтую секунду, ужо матляў галавой у пошуках выкліку і адчуў мяне, і быў, здаецца, гатовы раздзерці мае цягліцы ўласнымі драпежнымі ікламі, але ж не, гэта падалося: яны ступілі ў будынак, адкуль ужо несліся анёльныя акорды аргану, і варожасць яго магутнай спіны была пераканаўчай кропкай у гісторыі нашага выпадковага спаткання і такога ж выпадковага развітання. Пасля такой кропкі ўсё недасказанае — у сметніцу.