Выбрать главу

Я памыліўся і пішу пра гэтую памылку ў такіх падрабязнасцях выключна таму, што калі гэты тэкст спрацуе так, як ён мае спрацаваць, чалавек, на якога накіравана кожнае беларускае слова з напісаных тут, меў бы на ўвазе маю здраду і прыняў мае прабачэнні яшчэ да таго, як што-небудзь вырашыць. «У тутэйшых каталікоў норавы горшыя, чым у ісламскіх фундаменталістаў, — рагатнуў Сяргей, калі я недастаткова агульна адказаў на ягонае пытанне, чаму такі маркотны. — Жанчыне пра affaire не прыходзіцца нават марыць, яна заручаная яшчэ з каталіцкага дзіцячага садка. Усё жыцце яна ходзіць з офісу, дзе працуюць браты і сёстры, — у касцёл, дзе тыя ж браты і сёстры ўхваляюць Бога, зіркаючы па баках, ці не аскандаліўся хто, праігнараваўшы вечаровы збор. Усё, што паміж касцёлам і офісам (хата, фітнес, спа), праходзіць пад такім пільным наглядам прыходу, што няма чаго і варушыцца, бо тут схапіць можа не толькі муж, але ж яшчэ тысяча ягоных братоў, якія побач штовечар пяюць псалмы па-літоўску. Пра тое, каб заляцацца да якога Гедымінаса з офісу, нават не думай — адразу ж даведаецца ўся грамада, а гадзінай пазней — яшчэ і ксёндз. І я нават не ведаю, што горш — калі ксёндз даведаецца, ці калі даведаецца муж. Таму такія іншаземныя небаракі, як ты, — адзінае выйсце. На мове ні паўслова, цымесу ўсяго гэтага не разумеюць, іх можна з загадкавым выглядам зацягнуць куды ў завуголле і там таропка выкарыстаць». (Маё сэрца маўчала). «Бадай, валакла цябе па падваротнях, каб не пабачыў ніхто, а ты думаў: якая яна загадкавая!» — ён падміргнуў, але ж хутка ягоная бадзёрасць паблякла, ды ён, мабыць, нешта ўзгадаўшы, безвыходна працягнуў з дзіўным вымаўленнем: «Все бабы — ссукі». Ён быў адзін, як і ўсе тыя беларусы, якіх я напаткаў у Вільні: мабыць, надта добра разумелі «цымес».

Аста была маёй памылкай, балотным агеньчыкам, які ледзь не зацягнуў мяне ў дрыгву пазашлюбных адносінаў з асобай, мову якой мне вучыць бы не спатрэбілася, бо вельмі ж няшмат чаго ў нас было сказаць на ёй адно адному. Як я мог з-за дурнушы выракчыся каранёў, адмовіцца ад уласнай культуры і радзімы? Няўжо ўсё святое ўва мне, усе вартыя памкненніі завязаныя на адносінах паміж поламі? Няўжо справа не ў даляглядзе з палатна Жукоўскага, не ў страчаным выраі, а выключна ў жаданні не быць адному ў тым узросце, у якім адным застаўся Сяргей? І што я за небарака, які не змог заўважыць пустазелле? Што за ёлупень, якому так хранічна не фарціць? З-за Насты я пачаў сваю вандроўку, з-за Асты ледзь яе не скончыў. Не хачу болей узгадваць пра яе! Не хачу ўспамінаць! Млосна!

Прайшло яшчэ паўгады, самай значнай падзеяй за гэты час стала замена шпалераў, якія надзейна схавалі пад сабой нават прывід дзвярэй: цяпер тут не засталося нават зашчапкі, якую я нахабна схаваў за палічкай, а на яе ўладкаваў вялікае люстэрка. Усё, як у жыцці: шукаеш выйсця, а бачыш выключна сваю дакучлівую ўсюдыісную пысу. Пагадзіцеся, цікава, куды завядуць гэтыя залепленыя дзверы напрыканцы гэтага сюжэту?

Мая паўсядзённасць стала нагадваць схімай ды адданасцю навуцы побыт тых манахаў картузіянцаў з Бярозы, пра якіх мне распавёў аднойчы Сяргей. Насельнікі кляштара прымалі зарок пустэльніцтва ды не маглі пабачыць нават далоняў тых людзей, якія прыносілі ім ежу: сістэма дзвярэй была пабудаваная такім чынам, каб не было ніякага кантакту з жывой істотай. Ці не копіяй маёй бесталковасці выглядае вычварнасць гісторыі: насельнікі сучаснае Бярозы, побач з якімі знаходзяцца парэшткі адзінага ва ўсходняй Еўропе картузіянскага кляштару (вельмі рэдкі помнік дойлідства і культуры!), лічаць, што іх мясціна празваная «Картуз-Бярозай» з-за таго, што некалі рускі людажэр Сувораў павесіў на тамтэйшую бярозу «картуз». Як яно так перакруцілася, як пераблыталася? Хто іх так загіпнатызаваў, якая прапаганда, якія ўласныя дурасць ды непісьменства?

І чаму я, Джон Вілаў, Ян Вярбіцкі, які блытае Blue Mosque з Hagia Sofia, а Насту — з яе абяздушнай гумавай копіяй, адчуваю сябе трапнай метафарай Беларусі? Чаму ў тым, як яна выракалася свабоды ды прыстойнасці, як год за годам, стагоддзе за стагоддзем абірала самы нядбайны шлях з усіх, я адчуваю ўвасабленне маёй уласнай няўклюднасці?

Яна, Беларусь, якая калісьці звалася Літвою, якая калісьці ўваходзіла ў ВКЛ ад мора да мора, а скончыла тым, што ВКЛ ператварылася для яе ў Рэч Паспалітую, дзе было занадта шмат дэмакратыі, а ў гэтага народа што ў 1991-м, што ў 1994-м, што раней, значна раней, не ладзілася з дэмакратыяй, бо кожны — шляхціч ды кожны — арыстакрат з liberum veto, і вось Рэч Паспалітую пілавалі адзін, два, тры разы і неяк так распілавалі, што зямля адышла да Расеі, у складзе якой гаротнічала ажно да самага 1917 года, і пасля мітусні з БНР зноў апынулася там жа, і потым быў 1991-ы, калі, здаецца, быў шанец, каб усе астатнія паўсталі, набылі годнасць, але ж тут скончылася так, як сканчалася ўсе гэтыя стагоддзі з 1385 года, нібы праклён нейкі на цэлым народзе.