Выбрать главу

— Я прыехала на метро. Выйшла на святло, а тут такая дупа.

— Тут ёсць метро? — хутчэй гэта было пытанне «і вы не баіцеся на ім ездзіць»?

— Не, вось мне цікава: вы выехалі з прыстойных раёнаў, чухалі па гэтым аднастайным найтмэры, і нішто ў вас не заварушылася запытацца ў кіроўцы, ці туды ён вас вязе?

— Не. Ну вось неяк не варушылася, — яе пытанні былі такімі лагічнымі, што мне нават сорамна зрабілася за ўласную няўклюднасць. — Ведаеце, у мяне быў проста складаны дзень. Нават не так (я адчуў, наколькі ад гэтага тлумачэння смярдзіць нашым фірмовым моўным шаблонам). У мяне была дупа, а не дзень, — я з задавальненнем працытаваў ужо двойчы згаданы ёй ass

І нават тут застаўся незадаволеным, бо дупападобны дзень не здольны быў апраўдаць маю нязграбнасць, і няма ў свеце дупы тых памераў, з якой можна было б параўнаць тое, што здарылася. Я зразумеў, што каб сказаць пра гэта, трэба ўзяць іншы тэмбр і падабраць іншыя словы: «У мяне здарылася вялікая бяда», — я падкрэсліў, што не жартую, глянуўшы ёй у вочы.

Яна толькі здрыганула плячом: пазней я зразумеў, што гэта азначала — «што ты ведаеш пра бяду, хлопча», а тады ўспрыняў як нежаданне слухаць лухту.

— Хадзем! — яна схапіла мяне за далонь і рашуча павалакла па адной з геаметрычна сумных, шэрых ва ўласным бязліччы вулачак.

Я павінен быў спытацца, куды, які план, аднак гэтая дзяўчына дабралася да Гюстэпа на турэцкім метро, што азначала, што яе IQ і здольнасць да сацыяльнага survival куды вышэйшыя за мае. Не, не тое: проста яна схапіла маю далонь, разумееце. Вы гэта разумееце? Я яе нават разгледзець не паспеў, а яе распаленая рука ўжо вяла мяне наперад, прэч з Гюстэпа, яна нібы з Гестапа мяне выводзіла патаемнымі калідорамі, і гэты выраз твару, і гэтая адданасць…

Мы беглі па ходніках, і ўся мая існасць у гэты момант перацякла ў далонь, я адчуваў гарачыню яе скуры, хуткія дрыготкія сцісканні, якія нараджаліся, калі ёй здавалася, што я рушу недастаткова жвава, і яна жадала мяне паскорыць; ведаеце, у адной яе далоні было больш жыцця, больш кіпучай дзейнасці, чым ва ўсіх асобах жаночага полу горада Бостан і штата Массачусетс разам узятых. Мяне валаклі за сабой, як дзіця, і я раптам узгадаў, што гэта такое — блаславёная дзіцячая безадказнасць, бяспека, бяздумнасць, і які вялікі і загадкавы свет паўстае навокал, калі адзіная твая роля — бегчы за мамкай, ні пра што не думаць, а проста глядзець, глядзець з раскрытым ротам! Міма несліся машыны, мінакі ківалі адзін адному, указваючы на дзівосны малюнак гендэрнага скажэння, на змену традыцыйных (ды непарушных) роляў мужчыны і жанчыны ў Стамбуле.

Бег запаволіўся — мы апынуліся ля вялікай кніжнай крамы. Дзяўчына спрытненька завярнула туды, рыпнуўшы дзвярыма, я застаўся на вуліцы, не адразу зразумеўшы, што мне таксама ўнутр, мне за мамкай, што яна не завалакла мяне за сабой, каб не траўмаваць хісткую псіхіку турэцкіх кніжных гандляроў, падарваную працай з літаратурай, якая наогул няшмат каго шкадуе.

Я ступіў за ёй і адразу ж апынуўся сярод разнастайных памукаў. Тут былі памукі турэцкамоўныя, англамоўныя і нават рускамоўныя. Тут былі чорныя кнігі памукаў, былі мяне завуць чырвоны памукаў, быў музей цнатлівасці памукаў і нават снег памукаў. Здаецца, нічога іншага ў гэтай кнігарні не было, хаця ў завуголлях корпалася трохі акуніных ды яшчэ раскінуў свае прагныя лапы Дэн Браўн. Паміж вежай са слоўнікаў (адзінай функцыяй якіх было дапамагаць чытачу перакладаць памукаў з адной мовы на іншую) і малым узгоркам з літаратуры Турэччыны (адзінай функцыяй якой было падвесці чытача да Памука), месцілася ўтульнае гнездішча, у якім сядзеў дробненькі чалавек з пазнавальнымі слядамі літаратуры на твары. Чалавек трымаў у руках даволі тлустага памука, па ўсім было бачна, што чытаць гэта ў яго больш няма ніякай моцы. Дзяўчына сунула чалавеку пад нос запрашальнік і штосьці спытала. Чалавек шырока ўсміхнуўся, сказаў «айн момент» і кудысьці знік. Памука ён пакінуў на лаве, вартаваць, каб мы нічога не спёрлі.

— Што здарылася? Куды ён? — непакоіўся я, але ж мая спадарожніца была спакойнай, а гэта азначала, што ўсё ў яе пад кантролем.

Хвілін праз дзесяць мужчына нетаропка прамаршаваў у пакой, і гэтым разам ягонай кампаніяй быў пузаты імбрычак і тры шкляныя кубачкі, падобныя да рускіх кілішкаў для гарэлкі.

— Дык вы ведаеце ці не, як нам знайсці гэты музей? — запытала дзяўчына, па ўсім, відаць, пачынаючы падазраваць, што літаратура дэфармавала чалавека больш, чым паказалася спачатку.

— Sit down, please, — прапанаваў ёй.

У яго ангельскай адчуваўся істотны прысмак памука.