Выбрать главу

Далей у тэксце нас сустракае «віленская частка», у якой занадта ж шмат словаў. Калі б тут не казалася пра рэчы, балючыя для кожнага свядомага беларуса (прызнаюся, што спрычыніўся тут не толькі да рэдагавання, але ж і ўласнаруч дапісаў трохі, з-за чаго тэкст заззяў прыгажосцямі, якія былі слушна адзначаныя на цырымоніі), яе б трэба было скараціць утрая. Асноўнай інтрыгай гэтай часткі з’яўляецца расповед пра збродлівую Асту, якая ледзь не сапсавала ўласным цынізмам ды жывёльнасцю нашага блакітнавокага беларускага хлопчыка. «Аўтар» сцвярджае, што ўключыў гісторыю пра другую дзяўчыну ў тэкст дзеля таго, каб папрасіць прабачэння ў Насты, каб, прымаючы рашэнне, сустракацца ці не, яна ўзважыла ў тым ліку і ягоную загану.

Насамрэч, паверце чалавеку, у жыцці якога было шмат дзяўчын, прычым большасць з іх я спакусіў менавіта маімі літаратурнымі талентамі: друкаваў у «Ахрэме» апавяданне пра каханне, атрымоўваў стос лістоў ад прыхільніц, абіраў найбольш пекных, спакушаў дасціпнасцю ў «скайпе», сустракаўся, ну і далей тарам-парам. Дык вось, паверце казанове са стажам, не будзе мужык шматслоўна апісваць секс з іншай жанчынай для таго, каб прывабіць каханую. Калі б сапраўды Вілаў быў чалавекам, а не тэрмінатарам, запраграмаваным на пошук Насты, ён бы распавёў пра Асту пры асабістай сустрэчы, напаўшэптам, пасля таго, як яны ўжо тарам-парам ды ляжалі ў заслужаным адпачынку (як я гэта называю). Такі падыход мо і падаўся б ёй занадта цынічным, мо і скончыўся б аплявухай, але б гарантаваў тарам-парам (я заўсёды раблю так і заўсёды дамагаўся свайго. А тыя лайдакі, якія кажуць праўду, застаюцца ні з чым, бо да дзяўчыны, як і да кабылы, патрэбны падыход: сунься не адтуль ды атрымаеш базыля капытамі).

Зноў жа, паверце знаўцу ўсяго жаноцкага: Астай у тэксце дасягаліся дзве мэты. Першая. «Аўтар» намагаўся выклікаць пякучую рэўнасць, зрабіць наяўнасць канкурэнткі (і шмат якіх іншых магчымых канкурэнтак) чыннікам абавязковай сустрэчы. Ну не можа баба, тым больш такая баявітая, як Наста, даведацца, што «яе» хлопца, ці нават напаўзнаёмага хлопца, які яе нібыта «кахае», спакушае нейкая іншая дзеўка, а яна тымчасам сядзіць на печы ды боўтае ножкамі. Ну не можа баба не заўважыць, што сцэна расстання з Настай — галоўнай гераіняй гэтага тэксту, уладальніцай манапольнага права на Вілаў, прапісаная з меншай пяшчотай ды болем, чым сцэна страты Асты. Перачытайце тое, як сціпленька яны развіталіся ў Стамбуле — толькі што чайкі крычалі, гэта адзіная прыкмета ўзрушанасці нашага «аўтара». Ён з нейкай аслупянеласцю ідзе да сябе ў гатэль, а потым усё п’е гарбату, чакаючы яе ля Блакітнай мячэці. Звернемся ж да сцэны расстання з Астай і тут пабачым, як ён прагна аглядаў яе спіну, калі тая апраналася, як ён каштаваў шампанскае яе вуснаў, як абрыналіся «белыя шматвежавыя замкі супольнай будучыні», калі ён застукаў яе з мужам. Дык пра каго гэтая аповесць? Пра Насту ці пра Асту? І калі ўсё ж пра Насту, дык навошта рабіць яе незаўважным ценем, які герой, здаецца, і ўспамінае выключна ў кантэксце высокіх пачуццяў да радзімы? Уяўляеце, да якога вар’яцтва гэта павінна было давесці нашую баявітую гераіню?

Яшчэ адна цікавая абставіна: усім нам вядома, як рупяцца дзяўчыны пра сваю знешнасць. Калі жадаеце якую з іх зачапіць, убіць у галаву кол думкі, якая будзе ўсплываць у ейных размовах ажно пакуль Хрыстос сапраўды не прызямліцца ў Гародні, дык скажыце штосьці добрае пра знешнасць сяброўкі, забыўшыся адзначыць, што вашая суразмоўца ўсё ж прыгажэйшая. І «Вілаў» гэта ведае: у першай частцы тэкста мы наогул не знойдзем ніякіх узрушаных апісанняў знешнасці Насты. Мы ведаем пра яе выключна тое, што яна «чарнявая» (ну і што?), што яе далонькі «распаленыя», хуткія ды нервовыя (хутчэй непрыемная акалічнасць — нейкі злодзей-кішэннік, а не дзеўка). Мы пабачым тут таксама «сціснутыя вусны» (ці прыгожа гэта? Здаецца, не), вострае ды ганарліва ўзнятае падбароддзе, «моц» у далікатным стане. Карацей, не баба, а нейкі мужык-гімнаст-клептаман. Пра Асту ён піша, захлынаючыся ад захаплення, ён «жарэ» яе вачамі, бо яна падаецца яму «прыгожай, вельмі прыгожай». Супрацьпастаўленне Асты ды Насты — гэта супрацьпастаўленне прыгажосці ды моцы. Супастаўце радкі пра прыгажосць літоўскай калабродкі з характарыстыкай Насты — «колькі неверагоднай моцы адчувалася ў яе постаці! Колькі свавольнай энергіі!» Якой жа дзяўчыне не захацелася б пратэставаць, бараніць уласную феміннасць? Тут не трэба было мець на руках падрабязнага псіхалагічнага партрэту Насты, падрыхтаванага спецамі выведкі (а зразумела, што такі партрэт у аўтара гэтага тэксту быў), каб зразумець, што такое неахайнае да яе стаўленне, у звязцы з палкімі прызнаннямі Вілаў, яе завабіць. Яна прыедзе на спатканне, хаця б для таго, каб даказаць (самой сабе), што прыгажэйшая за ўсіх. Хай пры гэтым будзе раз’юшаная ды з’едлівая, але ж прыедзе.