Выбрать главу

Ён зубаскаліць са смешнага выразу ў біяграфіі Івана Анісімавіча Зайчыкава, мастака з рускай глыбінкі, высцёбвае «крыэйціў пафф», якім недарэчна перакладзены «творчаскі шлях». Але ж зноўку: няма ў беларускай ідыёмы «творчаскі шлях». Пабачыўшы creative path у тэксце сапраўдны амерыканец павінен быў здзівіцца ды не зразумець, да якога ўстойлівага выразу тут адсылае пераклад. Адкуль у Вілаў веды аб «творчым шляху» (заўважце — не «творчым шляху», а менавіта «творчаскім» — суфікс не беларускі!)?

Прыгожы момант, дзе ў кнігакавярні Вілаў кажа, што вымушаны быў карыстацца «ангельскай мовай», каб паразумецца з афіцыянтамі, якія ні бельмеса не разумелі па-беларуску. Ён усклікае: «Толькі беларуская надавала майму роднаму маўленню (ангельскаму) анёльнасць, нябёснасць», бо сапраўды можна заўважыць цень «ангела». Але ж «ангел» — рускае слоўца. Рускае, не беларускае! Як ён зразумеў гэтую «анёльнасць» ангельскай? Адкуль даведаўся пра «ангела»? Гэты момант, дзе ў імя стылістыкі адмаўляецца папярэдняя легенда пра «адно беларускамоўнага Вілаў» — першы трывожны званочак, у якім ужо дакладна чуваць бразгат сталёвых дзвярэй Лубянкі.

Яшчэ адзін званочак — Астын нос. Памятаеце, як Вілаў, каб пазначыць правільнасць носу, узгадвае «па-гогалеўску агромністыя гіпсавыя макеты», якія ён нібы маляваў на анатоміі ў каледжы? «Па-гогалеўску агромністыя» гэта ўзгадка пра «Нос», значны твор у рускай культуры. Нават не пра сам «Нос», але пра ягоную апошнюю частку, дзе герой бачыць нос, які самавіта блукае па горадзе. Упэўненасць, з якой узгаданы гэты нос, выкрывае адчуванні аўтара. Што да распаўсюджанасці гэтага вобразу з рускай культуры ў беларускамоўным асяродку. Не буду пытацца, дзе ён прачытаў той «Нос», запытаюся, дзе ён узяў уяўленні пра таго чытача, які можа свабодна зразумець рэферэнцыю.

«Я нагадваў сабе чароўнага прынца, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, забіў качку, выцягнуў з яе яйка, з яйка дастаў іголку, праз агонь і дрыгву прыскакаў да каралеўны…» — гэты фрагмент пераказвае сюжэт казкі, галоўнага ліхадзея якой некалі на беларускую перакладалі як «здыхліка неўміручага» (Кощей Бессмертный) — дробная помста першых лінгвістаў незалежнай Беларусі за культурнае дамінаванне ўсяго рускага. «Кощей бессмертный» — руская, а не беларуская казка. Я не надта абазнаны ў этна-лінгвістыцы, але ў Сеціве вы знойдзеце шмат узгадак пра тое, што казкі, на якіх гадаваўся ў дзяцінстве, назаўсёды фармуюць успрыманне суб’екта (пачытайце хаця б Леві-Строса). «Здыхлік неўміручы» — відавочная прыкмета нацыянальнасці тых, хто стварыў пастку для Насты. Яны — маскалі, яны гадаваліся на казках пра Івана-дурня, лайдака, якому нават птушкі вымушаныя былі дапамагаць зрабіць уласную працу.

І зусім ужо не пакідае сумневаў ягонае прызнанне, што каб знайсці каханую, ён распрацаваў «спецаперацыю». Слоўца, якое часцяком можна пачуць у ФСБшным этэры суседняй краіны, якой заўсёды ёсць справа да маленькай ды незалежнай суседкі са старажытнай гісторыяй і прыгожай мовай.

«Спецаперацыю» па пошуках Насты зладзілі менавіта нашыя рускія сябры, бо ні ў адной спецслужбы маленькай Беларусі не ставала б грошай, каб здзейсніць нешта падобнае па амбітнасці ды размаху. Планавалася аперацыя на Лубянцы, менавіта там, у цішы велічных ды страшных пакояў, якія шмат для каго з дзеячаў беларускага адраджэння былі апошнім колам Дантавага пекла, адбылося Настына лёсавызначэнне. Менавіта тут, пад вялікімі, ва ўсю сцену, партрэтамі катаў, мечаных россыпамі залатых пентаграм — таўра іх адданасці справе нячысціка, выдумляліся вясёлкавыя поплававы, што натхнялі на вывучэнне мовы няіснага Вілаў, выкліканага з глыбіняў вычварэнскага ўяўлення. Навошта яны дапамаглі беларусам захапіць дзяўчо (відавочна, што ўтрымліваюць яе цяпер дзе-небудзь у аддаленай ад Менску лясной установе, замаскіраванай пад дом адпачынку з бетоннай агароджай, шэрая шурпатасць якой адпудзіць выпадковага грыбніка ўласным дысанансам з лагодай навакольных краявідаў)? Не толькі з-за пачуцця карпаратыўнай салідарнасці, разумення, што мэты ў іх адны, апісаныя, здаецца, тады яшчэ, калі стваралася Пісанне… Не, тут быў цвярозы разлік, прадбачлівасць, уласцівая тым, хто вось ужо трыста гадоў не дазваляе нашай зямлі прачнуцца. Трэба было прыбраць Насту, як апошнюю надзею Беларусі на не залежную ад пякельнай барвовасці будучыню. Трэба было пазбавіць магчымасці гаварыць тую, каму хапіла смеласці называць белае — белым, чорнае — чорным. У тым жа і ёсць справа Вельзевула: зблытаць дабрадзейнасць і загану ды не даваць людзям ачуняць. У гэтай зграі хапае вопыту па вярбоўцы выканаўцаў за мяжой ды здзяйсненню эфектных спецаперацыяў там, дзе шануюць зусім іншых багоў. Згадаем хаця б Троцкага ці Ліцвіненку.