Выбрать главу

І я, Янка Пільняк, свядомы беларус, міжволі адыграў уласную ролю ў дэбэшным спектаклі, што быў зрэжысіраваны Масквой. Я рэдагаваў гэты тэкст, я дамаўляўся аб ягонай публікацыі. Няма мне прабачэння! Што магу сказаць у абарону (голасам няўпэўненым ды вінаватым)? Што прадбачыў нейкую неспадзяванку ды намагаўся дапамагчы хаця б намёкам. Першая частка напісанага Вілаў тэкста называлася «Снег у выраі» — з-за тых не ўласцівых Турэччыне ападкаў, якія нібыта пабачыў Джон пасля таго, як не дачакаўся каханай. І вось, калі я дасылаў карэктуру на вычытку «аўтару», літаральна ў апошні момант, я вырашыў трохі змяніць сцэну, у якой герой уцямлівае, што спрычыніўся да Настынага вяртання. Там, дзе Вілаў «вінавата маўчаў», дзе ён нібы падбіраў словы, каб яна ўсё ж не адмаўлялася ад мэты знайсці супакаенне ў Штатах (пагана падбіраў!), я дапісаў ад яго імя тое, што вы ўжо прачыталі ў «Ахрэме»: «я зразумеў, што стаў для яе нагодай, падставай для прыняцця рашэння, якое можа яе згубіць». Першапачаткова тут не было слоўца «падстава», якое ў беларускай з’яўляецца кшталту сіноніму да нагоды. У суправаджальным лісце я прапанаваў Вілаў выкарыстаць гэты фрагмент, каб назваць гэтую частку як «Падстава». Ён трохі здзівіўся ды адзначыў, што па ягоным адчуванні «Снег у выраі» лепей за «Падставу». Але ж я запярэчыў, падкрэсліўшы, што «сцюжа» ды «вырай» ужо прысутнічаюць у назве, і нам не варта рабіць паўтор. Тым больш, што назва першай часткі ідзе ў тэксце адразу ж пасля назвы ўсяго твора. У рэшце рэшт Вілаў са скрыгатам пагадзіўся, бо мой аўтарытэт у стылістыцы тэкстаў лічыцца бясспрэчным.

Чаго я дамагаўся гэтым перанайменнем? Сапраўды, у беларускай «падстава» ёсць сінонімам «нагоды». Але ж рускі кантэкст, а няма сумневу, што Наста, як і ўсе мы, адной нагой ці паловай адной нагі стаіць у гэтым рускім кантэксце, дык вось, рускі кантэкст мае яшчэ адну канатацыю «падставы» — тое, што па-ангельску можна вызначыць як «set up», а па-беларуску — «пасткай» (я ж тады быў упэўнены, што Вілаў не можа прачуць шматзначнасці «падставы»). І вось тэкст выйшаў з «падставай» у шапцы. Чаму Наста не заўважыла гэтага майго засцерагальнага шэпта, які прагучаў на тле чужога тэкста? Эх, каб я ведаў, чым скончыцца!

І апошняя сумная рыса. Два тыдні прайшло пасля таго, як з Вільні дайшлі супярэчлівыя звесткі аб тым, што Насту ўзялі. Уся беларуская дыяспара, усе ўзгаданыя ў тэксце «сяргеі», у якіх мы з лёгкасцю пазнаем сапраўды існых беларусаў, яскравых прадстаўнікоў нашае эліты ў выгнанні, што сябравалі з мярзотнікам, спрабуюць расшукаць таго Вілаў. Ён жа нібы выканаў запланаванае побач з (выдуманай) Астай ды (выдуманым) мужам Асты і праваліўся пад зямлю ў пекла (туды яму і дарога). Хата ля анёла спусцела, спусцелі і пакоі, якія займаў «Іваноў». У агенцыі кажуць, што сапраўды нерухомасць была ў доўгатэрміновай арэндзе, але ж пашпартных дадзеных гасцей у іх не захавалася (а калі б захаваліся — што гэта б дало? На Лубянцы маглі зрабіць пашпарт на імя не толькі грамадзяніна ЗША Вілаў, але ж нават на адказнага карыстальніка жылплошчы «Дэмана Іванавіча Рагатага»). Дык вось, у гэтай мітусні, калі яшчэ не было зразумела, якіх памераў пастка была падрыхтаваная для Насты, на маю хатнюю скрыню прыйшла пульхная бандэроль з ЗША. Без зваротнай адрэсы, штэмпель «П. О. боксу» з Бостана ды стракатыя налепкі авіяцыйнай пошты. Адпраўніком быў заяўлены той самы Джон Вілаў, які ўбіўся ў ласку палове беларускай Вільні.

Дрыготкімі рукамі рву паперу, адчыняю кардонную скрынку ды бачу там ёлачную ляльку: палатняны трусік у клецістай сукенцы ды франтаватым паліто з адарванай у параксізме юнага садызму нагой. Ні ліста, ні якіх іншых тлумачэнняў. Перад тым, як знікнуць назаўжды, знікнуць без следу, Вілаў даслаў мне цацку, падараваную яму дзяўчынай, якая з-за яго скончыла ў астрозе. Не ведаю, ці то былі сентыментальныя пачуцці (калі падобныя пачвары здатныя на пачуцці), якія вымусілі яго напрыканцы «здаць інвентар». Бо можна ж было тую ляльку змясціць у якім-небудзь «пакоі славы» на Лубянцы, пакоі, у якім можна знайсці артэфакты, здабытыя цягам паспяховых аперацыяў, сімвалы пераможнасці дзяржбяспекі: ледасек, якім праламілі галаву Троцкаму, кубачак з кавярні, у якой атрымаў дозу палонію Ліцвіненка… Але ж вось выракся, даслаў тое, што яму не належала, бо не яго гэта спадчына — асабістыя рэчы зніклага маёнтка. Можа, не хацеў гнявіць здані, што яшчэ лётаюць там, над поплавамі ля Навагрудку? Ці кіраваўся спецыфічнымі службовымі забабонамі, згодна з якімі — дужа дрэнная прыкмета захоўваць маёмасць тых, чый лёс паламаны дзякуючы табе? А можа, гэта быў знак таго, што Вілаў назаўсёды выходзіць з гульні, знікае, раствараецца ў паветры? Каб мы яго не шукалі? Вось апошняе, што звязвала яго з Настай, пекнай прыгажуняй са станам далікатным, нібы вітая калона часоў барока, лялька, лялька з адарванай нагой…