Наста, я ведаю, што ты не прачытаеш гэтыя словы, але я бяру гэтага трусіка — твайго трусіка, кампаньёна па бестурботнаму дзяцінству, я бяру яго ў далоні, скручаны адчуваннем уласнай віны перад табой, я бяру гэтую маленькую палатняную істоту са збянтэжанай мыскай — яго сапраўды пазбавілі мамкі, бо ты ж гуляла з ім, была для яго як маці, я захоўваю яго ў доміку ўласных рук, я кранаю яго за лапку ды паводжу ёй з боку ў бок, гэта такое вітанне — ён не ведае, дзе ты, але ж вітае цябе, вітае, небарака, у якога няма душы і які з-за гэтага ніколі — ніколі, Наста, не здрадзіць. Не здрадзіць табе, як гэта зрабілі людзі, здаецца, усе людзі, усе да аднаго, якія цябе атачалі, і я — я ў іх ліку… Ён памятае пра вашыя гульні, пра тыя пяшчотныя словы, якімі ты яго клікала, ён нудзіцца, яму дрэнна без цябе, але ж ён маша лапкай, і мы з ім — мы ўдвух — спадзяемся, што там, дзе ты зараз, табе зрабілася трохі цяплей.
Як бралі Насту
Хай, піпл! З-за таго, пра што я тут сабралася казаць, гэты ўтульненькі бложак наведае процьма народу, большасць пра мяне і не чула, дык прадстаўлюся. Я — Крэйзі, тая чувіха з зялёнымі валасамі, якую можна пабачыць на ўсіх асабістых фотах Насты апошніх пяці гадоў. Мы з Настачкай, як бы тут пацнатлівей выказацца, карацей, мы з ёй людзі, якія добра, вельмі добра, ведаюць адна адну. Пазнаёміліся пяць год як, падчас адсідкі за нейкую там акцыю салідарнасці, Наста туды папёрлася, бо ёй балела, я — таму, што шукала драйву, потым была бойка з АМАПам насупраць магаза «Паляўнічы», вясёлая такая — цемень, выбліскі фотаапаратаў, народ раве — ну натуральна дыскатэка! Вы павінныя былі бачыць той ролік, дзе я ўскочыла на плечы «касманаўта» ды катался на ім з бел-чырвона-белачкай. Калі пачалі пакаваць у аўтазак, гэта я прыдумала спяваць «Зеленаглазае таксі» — здаецца, тым і здабыла сімпатыі Настулі. Потым прысуд, 15 сутак, дзяўчачая камера, ну і неяк ужо там з намі шмат чаго адбылося, і прыкальней за ўсё было цалавацца, калі ў вочка пяліўся канваір: яны там кансіліумы збіралі, мабыць, каля нашых дзвярэй, не ведаю, што там рабілі, але сапенне было чутно тое яшчэ.
Калі выйшлі, адразу паехалі да мяне і там ужо далі дусту, больш не развітваліся, толькі тады, калі мая дарагая бзднула ў Стамбул, ды так хутка, што нават я за ёй не паспела — дамаўляліся сустрэцца ўжо ў Штатах, там яна казала ў Каліфорніі аднаполыя шлюбы дазволеныя. Дык я ёй нават у Брусэлі ў ювелірцы на самым галоўным пляцы пярсцёнак стырыла, з дыяменцікам, збіралася ўрачыста ўручыць на свабоднай зямлі. Але ў Стамбуле мая Наста дала слабіну ды сказала, што не едзем нікуды, што застаецца яна ў Еўропе. Ну застаемся дык застаемся. Пажылі трохі ў Вільні, потым маханулі ў Нямеччыну, потым перасунуліся ў Прагу, і мне там больш за ўсё спадабалася, бо ніхто на дзявочыя абдымкі не азіраецца ды можна шмаль паліць, пазычыўшы запальніцу ў паліцыянта. Потым быў Берлін, Амстэрдам — добры гарадок, але ж надта тлусты: кава каштуе, як прастытутка ў Вільні — я за тыя дзесяць еўра сама ў бэхе на Шоду задавальняла аднаго прыстойнага каталіка, каб Настачцы было чым павячэраць. Усе сквоты кішаць мажорамі, якім шкада за гатэль дзве соткі еўра пакідаць, карацей, не спадабаўся нам Амстэрдам. Пабоўтала нас апошнім часам як след. Настунька змучылася ад параноі — яе зноў абвесцілі ў вышук, ды сябры з Беларусі пісалі, што шукаюць, як некалі Сталін Троцкага. «Што я такога зрабіла?» — не вытрымлівала яна, я ж яе песціла, гладзіла па валасах, ды мая бэйбі патроху супакойвалася.
Потым мая каханая трохі папусцілася на тэму прывязанасці да бацькаўшчыны, бо яе ў Стамбуле неяк моцна торкнула, ды пачасалі мы на Усход. «Там кошты на жытло таннейшыя», — сказала яна, як быццам бы мы здымалі жытло ўсе гэтыя гады, а не бадзяліся па бамжатнях ды падобных да бамжатняў свабодных майстэрнях мастакоў-авангардыстаў. Я пагадзілася, бо з дзяцінства было цікава пабачыць, як малпы трахаюцца, у заапарках іх трымаюць у розных клетках, дык не пазырыш. Да таго ж, у Бангкоку прасцей знайсці якога рускамоўнага свінтуса, якому сто баксаў за секс з белай дзяўчынкай — не грошы, бо навокал выключна азіяткі, —падумала я, але Насце нічога не сказала. Яна ўзяла моду мяне раўнаваць да кожнага, хто ў мяне засоўваў гэтую штуку — нібы з мужыком у дзяўчыны са сфармаваным унутраным светам могуць быць нейкія пачуцці, акрамя прагматычнага жадання вычапіць як мага больш грошай за як мага менш сексуальных высілкаў у ложку (ці не так было выдумана гетэрасексуальнае каханне?).