Павандравалі па Тайландзе, не спадабалася, у групе жаночага суправаджэння нейкага сярэдніх памераў (23 см) нафтавіка пераляцелі ў Індыю, там адразу ж збеглі з гэтага гарэму. Індыя была ўжо лепей, аднак брудненька. Наста тым часам валакла мяне на Поўнач, скончылі ў Чайне, у Тыбеце, трохі там пагойсалі па гарах, падражнілі маладжавых прыгожых, нібы дзяўчынкі, будысцкіх манахаў, ды Наста раптам зноў засмуткавала. Я кажу ёй — хэй, паглядзі, якое ў нас жыццё цікавае, вандруем, як чалюскіны, а яна ў адказ нешта пра радзіму, далася ёй тая радзіма з касымі хібарамі ды раскіданымі стрэхамі. Але ж я ў нас здабытчыца, яна — стратэг, таму павалакліся ў Еўропу, зачапіліся ў Ваве, бо ў Польшчы тыя ж бярозкі, і мова ёй нагадвала беларускую. Вось тут і здарыўся прыкол. Хтосьці ёй падсунуў інфу аб пераможцы «Глінянага хуя», нейкі амерыканец, які накрэмзаў раманчык па-беларуску. Апынулася, што яна таго амерыканца напаткала ў Стамбуле, ды ён выклаў «рамантычную» гісторыю іхняга кахання, за што і быў узнагароджаны галоўным беларускім літаратурным чэлесам. Яе трохі гэта ўразіла, яна ўсю ноч чытала ягонае сачыненне, недзе нават хлюпнула носам. Мне тэкст совала, я адкрыла на выпадковай старонцы, чытнула тры радкі ды зарагатала. «Ну, кажу, Наста, ты тут пава! Нібы тыя цёткі з куксамі з іспалкомаў! Размаўляеш тут так мудрагеліста, як у Набокава. Ты што, каб яго завабіць, вырашыла сур’ёзку ўключыць?». Яна нічога не адказвала, нібы сапраўды прасякнулася сімпатыяй да гібона — а ўсе ж мужчыны ў плане пачуццяў ды інтымных адносінаў натуральна гібоны. Я яшчэ доўга кпіла з недарэчнасцяў гэтага фрагмента. Адзінае, што там да Насты падобна — сцэна, дзе яна турку мозг калупае, каб ён з амерыканца тры шкуры за вячэру не лупіў. Вось тут — так, Наста. Усё астатняе — трызненне, апісанае мовай пазамінулага стагоддзя.
Я яшчэ выпадковую старонку прачытала, каб было, чым маю каханую дражніць, натрапіла на момант, дзе яна гібону кажа, што збіраецца ў Штатах мужа завесці, «мужа-беларуса». Я спачатку думала пакрыўдзіцца, але потым зразумела, што яна, мабыць, пра мяне кажа як пра «мужа» — мы з ёй час ад часу дурачыліся, розныя ролі выдумлялі. Так, сапраўды планавалі дзіця ўсынавіць у Штатах, выгадаваць яго беларусам. Карацей, праехалі. Ну не адразу праехалі, пабілі посуду, прычым не ўласнага, уласнага посуду ў нас ніколі не было, у кавярні я неяк не вытрымала, на наступны дзень, бо прыкра было за гэтае хлюпанне носам. Вызверылася на яе гэтыя «гетэрныя» замарочкі, кажу, бля, калі ты бісэксуалка, дык ты мне так і скажы, а то і з тымі, і з тымі, — так не робяць, Наста! І зразумела, чаму ты мяне да гібонаў падраўноўваеш! Бразнула кубкам аб сцену, мы збеглі, грошай за каву забашляць у нас палюбэ не было. Дык вось, пасля гэтага яна мяне прылашчыла, я супакоілася. А яна кажа — слухай, давай у Вільню рванем, патусім там троху. Ну ў Вільню, дык у Вільню, выправіліся ў Вільню. Спачатку на «сабаках», потым як заўсёды ссадзілі, як заўсёды, драпалі ад паліцыі ды далей паціхеньку, стопікам. Дзве дзяўчынкі-прыгажунькі, хто ж нас абміне: дачэпалі да трасы, там знялі нейкага маўклівага харвата, які толькі вочкамі зірк-зірк на мае каленкі, але ж маўчаў, паспрабаваў бы пры Настушы, яна б яму паказала айкідо.
Давалок ажно да самых Фабіёнішак, я з аўтамата дзынькнула Вальдэмару, але ж ён сказаў цяпер на Шоду кліентаў няма, а тыя што былі — усіх пабралі, лёгкіх пянёндзаў з каталікоў не навышмандоўваеш, дык выправіліся ў сквот, там былі студэнты з нейкага беларускага універу, ЕБУ ці штосьці, добрыя рабяты, вясёлыя, спачатку ляснулі папяровую паўтараху чырвоненькага, думалі мяне даслаць у «Максіму» яшчэ за палівам, але ж тут Настачка пачала выкабельвацца, кажа, ёй патрэбныя грошыкі, бо заўтра ж аўторак, у яе «сустрэча», кажа, з сямнаццаці да васемнаццаці нуль-нуль. Я кажу, чэсь, сябровачка, што за прыкол, чаму я не ведаю, з кім гэтая сустрэча, ці не з той Светачкай, з якой мы абяцаліся больш не важдацца. Яна кажа, не твая справа, я кажу не мая справа, ах не мая справа, дык я зараз хуценька, толькі нумарок знайду, то будзеш мяне потым па ўсёй Жамойці шукаць, ды знойдзеш у нечым ложку ў Паланзе, дык як не мая справа. Ну трохі паразмаўлялі, з кіпцюркамі, ажно пакуль тамашні галоўны гіпан не паўстаў, кажа, дзевачкі, ідзіце сварыцца ва Ужупіс, у нас тут ціхенькая камуна, не трэба тут Лісістрату ў двух дзеях закочваць, я кажу, ты каго Лісістратай назваў, сам ты Лісістрата, але ж тут Наста мяне прылашчыла, кажа, не псіхуй, дурында, ну і карацей зашыліся мы ў куток ды пачалі ўсё ціхенька так высвятляць. Кажа, трэба ёй. Я пагаджаюся: ну трэба і трэба, але ж я з табой, каханая, бо ў цябе ж сэрца чуллівае, спакусіць які-небудзь гарылоід, не, не, разам ідзем. Яна кажа, не можна разам, ёй адной трэба пытанне адно закрыць. Я кажу, што за пытанне такое. Я цябе кармлю, я танчу, я пытанні павінна вырашаць. І што за пытанне такое патаемнае наогул. Ніколі таямніц паміж намі не было, ты ведаеш, калі ў мяне пачынаецца, я ведаю, калі ў цябе, разам цацкі набываем у крамах, у якіх некаторыя каталікі тут за ўсё жыццё ні разу не былі, разам такое робім. А тут нейкая «сустрэча» ў яе.