У імбрыку была гарбата. Я ў захапленні шапнуў дзяўчыне, што шукаць англамоўнага суразмоўцу ў кніжнай краме было вельмі разумнай ідэяй.
— Вы заўсёды кудысьці спяшаецеся, — з дакорам сказаў мужчына, працягваючы кожнаму з нас па кілішку с духмяным пітвом. — Таму ніколі не трапляеце, куды трэба.
Дзяўчына зноў збіралася штосьці спытаць, але ён узняў далонь, паказваючы, што яшчэ не скончыў:
— Месца, дзе вы зараз знаходзіцеся, называецца Gustepa. Навошта ехаць у Gustepa, калі шукаеш Goztepe? А? Растлумачце, я не разумею.
Ён сербануў гарбаты. Ён медытатыўна ўсміхаўся.
— І далёка адсюль да Goztepe? — запыталася дзяўчына.
— Вядома ж. Гэта на другім беразе. Трэба браць паром. А да яго яшчэ ехаць. Таму давайце лепей вып’ем гарбаты ды паразмаўляем.
Нас хапіла роўна на тры хвіліны. Праз тры хвіліны дзяўчына ўжо цягнула мяне ўздоўж вуліцы да метро. Можа быць, мы ўсе сапраўды занадта спяшаемся?
— Gustepa не тое самае, што Goztepe? — гучна абуралася яна. — У Стамбуле? Дзе логіка? Ды тут нават у тры літары разыходжанне павінна лічыцца карэктным!
Я адзначыў пра сябе, як блізка гэтая думка да таго, што круцілася ў маёй галаве.
Тут моцна пашанцавала. Праз сотню крокаў мы пабачылі сапраўдную таксоўку, у сваёй нехарактэрнасці, непрызначанасці агульнаму пейзажу падобную да субмарыны, якая загразла ў звычайным аўтамабільным корку. Нават руку не спратрэбілася ўзнімаць: яна драпежна кінулася да нас, на хадзе адчыняючы дзверы.
Ехалі моўчкі. Стамбул занадта вялікі горад для таго, каб два чалавекі маглі праехаць праз яго ў адной таксоўцы, не зблізіўшыся той часткай душы, якая ніколі не маўчыць, нават калі вусны не размыкае ніхто з суразмоўцаў. Мы ехалі і набліжаліся адно да аднога, я ўпотай падглядаў за маёй спадарожніцай. Гэта — адзінае месца ў тэксце, дзе я паспрабую яе апісаць. Не, я не буду казаць пра чорныя валасы, пра высакародныя рысы твару, пра доўгія вузкія далоні — усё гэта вы пабачыце ў тэкстах, якія нас вымушалі чытаць у школе. А калі не пабачыце, злавіце якога-небудзь памука. Чым яна была адметнай, адрознай ад усіх тых жанчын, якіх я бачыў дагэтуль і якіх бачыў апасля? Перш за ўсё — упартыя, сціснутыя вусны. Я не бачыў іх формы, аднак магу здагадацца, што калі яна засынала і яе заўсёдная напруга спадала, вусны размыкаліся, і апыналася, што ў верхняй цікавая, нават экзатычная кромка, з падвоенай вяршынькай ды маленькай лагчынай пасярэдзіне, у падноссі. Гэтая раскоша — толькі для тых, хто быў узнагароджаны хаця б раз у сваім жыцці пабачыць яе ў ціхамірным сне. Я не бачыў.
Па другое — падбароддзе. Вострае ды ганарліва ўзнятае, як у той каляровай Неферціці, што мілуецца сабой у цішыні берлінскага музея. Некалькі разоў быў там пасля нашай сустрэчы — заўсёды заходзіў у егіпецкую залу, каб адчуць той імгненны ўкол пазнавання, які заўсёды змяняўся расчараваннем больш пільнага погляду — не! Не яна!
Ну і трэцяе, што варта адзначыць абыякаваму чытачу, які ніяк не ўцяміць, пра што наогул гэты аповед, дзе ягоны нерв? Зараз, зараз, міленькі! Зараз будзе табе нерв! Дык вось, трэцяе. Яна была вельмі далікатная асоба. Гнуткая і нібы бязважкая. Там, у таксоўцы, я шустрыў вачыма па тонкім стане, па шыі, якая была настолькі вытанчаная, што яе з прычыны эканоміі прыгажосці, якую дэвальвуюць занадта частыя погляды, заматалі ў чорны шалік. Шыя была схаваная ад агрэсіўнага наваколля так, як хаваецца за шэрай тканінай помнік, якому яшчэ не час быць прэзентаваным гледачу. Але! Колькі неверагоднай моцы адчувалася ў яе постаці! Колькі свавольнай энергіі! Колькі годнасці! У гэтым пяшчотным целе жыў такі дух, што побач з ёй я адчуваў сябе непаўнагадовым ёлупнем, застуканым дарослай прыгажуняй-сяброўкай за спампоўваннем парнухі з Сеціва.
Яна маўчала, яна назірала за горадам, бачным праз шкло ды вільгаць бясконцага дажджу. Я адчуваў сябе побач з ёй, нібы на цудоўнай субмарыне капітана Нэма, адна яе прысутнасць гарантавала магію нават самым пазаштатным момантам быцця. Я не быў бы ёлупнем, калі б не сапсаваў чысціню нашай агульнай цішыні пратакольным пытаннем:
— А як цябе завуць?
— А цябе? — узнялася яна на паверхню з тых дзіўных светаў самасці, у якіх была хвіліну таму.
— Мяне завуць Джон.
— А мяне Гартэнзія.
— Вельмі прыемна, Гартэнзія, — я працягнуў руку і быў узнагароджаны правам патрымацца за яе палкую далонь.
І вось, мабыць, тая рытуальная сур’ёзнасць, з якой я выканаў гэты абмен пазыўнымі, вымусіла яе пырснуць: у першы раз за ўвесь час яна не проста ўсміхнулася, яна зарагатала ўголас! Смех у яе быў вельмі зазыўны, як пах вакол KFC для таго, хто нічога не еў увесь дзень.