Выбрать главу

Ну і тут яна выдала споведзь, кажа, амерыканец той, Вілаў, са Стамбулу. Ён карацей зямлячына ейная, мову вось вывучыў. Я кажу, мову ён вывучыў? А ў бэхе на Шоду ён за цябе ногі рассоўваў? У Таіландзе дупай да ўсякай свалаты паварочваўся? Выдумала подзвіг, мову! Ну я зноў на кабылу, кіпцюры ёй у валасы, расчырванелася, а яна супакойвае словамі нашымі спецыяльнымі. Карацей, дыспутавалі шэптам ажно да самага світанку, бо я ж дурная, у мяне даведка. Урэшце, і яна пагадзілася. Кажа, добра, Крэйзічка, ніводзін гібон тваіх пяшчотных пальчыкаў не варты, я з ім не збіралася нічога, проста сустрэцца. Каб непаразуменняў не засталося. Каб уцяміў хлопчык, што яна не па гэтай справе, што яе мальчыкі, карацей, не таго… Ну і калі я такое лайно раўнівае, дык пойдзем разам, буду ціхенька побач сядзець, лапкі на каленях трымаць ды ні ў якім разе не паспрабую яму вочкі выдрапаць. Я яшчэ высвятляла, як так: яна заўсёды побач, як ён наогул свіданку здолеў прызначыць, што я не даведалася, Наста растлумачыла, што кантакт у іх неяк праз тэкст адбыўся — праз гэтае ягонае літаратурства, якое я прачытаць не здолела. Ну, карацей, паэт азвярыцельны, мацней за Быкава ці Скарыну.

Дачакаліся вечара, яна прыхарошвалася пад маё шыпенне, спадніцу апранула такую кароткую, задзірлівую, ды пайшлі. Я да яе прыляпілася, абняла так шчыльненька, на той выпадак, калі гарылоід пабачыць, як мы набліжаемся, каб адразу зразумеў, чыя мая Настачка. Прыйшлі ў палове на шостую. Піцэрыя «Кан Кан», белыя столікі, насупраць — будыніна з мужыкамі, у якіх гаўбец на плячах. Усё, як напісана, кажа, «дом пад балванамі». І тут Настулька ўпершыню знервавалася. Кажа, дзіўна, ён тут павінен быў з пяці вечара сядзець, як так можа быць, што яго няма. Але ж яна не параноілася, хутчэй перажывала, што малпа ўсё наблытала, ён не надта разумны, як усе мужчынкі, у Стамбуле ёй сустрэчу прызначыў, зблытаўшы месца, але ж Наста і не пайшла тады, бо кахае толькі мяне.

Яна зазірнула ўнутр — нікога, а афіцыянты замітусіліся, нібы пачэсныя кліенты якія прыйшлі. Паселі за столік, чакаем. Я гундошу, што калі не прыйшоў, дык і трасца з ім, хадзем пляшык чырвонага цяпнем ды на Нярыс, там зараз можна на траве паваляцца, памілавацца, ну! Але яна ні ў якую, сядзіць, толькі вусны сціснула. Замовілі кавы, бо грошай толькі на адну каву было, для нашае каралеўны, мне як заўсёды не хапіла, але ж мне і не трэба, мне б толькі з каханай побач быць. Прыйшоў афіцыянт, такі хуценькі каржакаваты дзядун, у мяне яшчэ потым пыталі, ці былі на ім акуляры, не, акуляраў не было. Дзядочак каву перад Настачкай паставіў, на ногі ёй зірнуў, падла, ды шась кудысьці. Настачка каву п’е, на гадзіннік вулічны лупіцца, я кажу на мяне лупіся, бо зараз твар раздзяру, не будзеш цікавая свайму гібончыку.

І тут раптам Настуля мая бах, усхапілася, крэсла грымнула за спінай, а яна стаіць ды перад сабой глядзіць. Я кажу, што здарылася, ластавачка? А яна вочы то заплюшчыць, то расплюшчыць, ды далонямі па стале водзіць, безабаронна так. Раток раскрыты, уся збянтэжаная, нібы згвалцілі яе. Я кажу, што ж такое, ну? А Наста, задушаным голасам: Крэйзі, што з маімі вачамі? Я ўсхапілася, гляджу — нічога, нармальныя вочы, не чырвоныя, няма ў іх нічога, ну і абняла яе, абхапіла, адчуваю, што калоціць, нібы яна жабу ў ложку знайшла. Настулечка пачала сабе твар далонькамі чапаць, дала некалькі аплявухаў сама, і вочкі — то заплюшчыць, то расплюшчыць. І кажа, так ціхенька, Крэйзічка, а што ў мяне за вадкасць на далонях? Уздымае ручкі, а яны ўсе ў чырвона-чорных пісягах. А з-пад валасоў дзве танюткія нітачкі — па шыі, на плечы, я зараўла, бля, Наста, у цябе з вушэй кроў хвошча, чаму ў цябе з вушэй кроў? А яна так жаласна: «Крэйзічка, я нічога не бачу!».