Выбрать главу

Тут зараўлі мы абедзве, зноў прыбег дзядун з кавярні, кажа, трэба «хуткую» выклікаць, а як яе выклічаш, у нас жа мабілаў няма, мы ж не мажоркі нейкія, трэба бегчы ў кіёск за жэтонам ды потым шукаць аўтамат, зараз я, Настачка, дык ён са свайго тэлефона нумарок наляпаў — я яшчэ думаю, якая неўласцівая літоўцам ды мужыкам сардэчнасць, праз хвіліну літаральна спыняецца тачка, адтуль вывальваюць два бугаі ды доктарка, такая спрытненькая, прыгожая, вочы ў яе добрыя, а грудкі высокія, цвёрдыя, нібы няспелыя слівы. Я да яе як да анёлу: дапамажыце, цётухна! Бугаі Настаньку на асфальт паклалі, не чапаць яе, не чапаць, кажуць, не падыходзіць ды не віскатаць, тут такое, што ад хваляванняў можа сканаць дзяўчо. Доктарка ціск змерыла, кажа, трэба везці ў клініку, бо, мабыць, крываносны сасуд у галаве Настынай кокнуўся, а дзе ваша страхоўка, а няма страхоўкі, але ж я ўсё для яе зраблю, усё аддам, вось бярыце мой айпод з калекцыяй ліцэнзійнага Брэндана Флаўэрса, цётачка кажа, не трэба ёй айпод, паспрабуем дапамагчы, а ў самой вочы добрыя і грудкі цвёрдыя, карацей, асоба, вартая даверу.

Кажа, добра, мы яе зараз у шпіталь, у той, што на Антакальніс, там агледзім ды калі трэба прааперуем — а бугаі каханую маю ўжо ў «хуткую» піхаюць. Я за ёй, яны мне: «Не суйся! Не раві! Не панікуй! Толькі замінаеш, памрэ зараз!» Наста ўжо зусім знепрытомнела, вусны мае любыя ссінелі, а доктарка, анёл гэты гнуткі, ну як жа яе не паслухацца, супакойвае: кажа, едзь сваёй хадой на Антакальніс, таксоўку вазьмі ці вось тут на двойку скокні, яна прамком давязе, прыпынак «Антакальніс», едзь туды, запытаешся там у рэгістратуры, куды яе змясцілі, як, дарэчы, прозвішча, імя, год нараджэння пацярпелай, чамусьці пацярпелай, не хворай запыталася, ну і ў картку дадзеныя ўнесла, сказала яшчэ «добра, вельмі добра», гэта цяпер зразумела, што яны так правяралі, што ўзялі патрэбную ім, а не каго выпадковага, а тады я думала, што «добра» значыць, што з ёй не надта дрэнна, што ўзрост ці яшчэ што падае надзею. Потым «хуткая» замільгацела блакітнымі ліхтарыкамі ды ірванула (я яшчэ здзівілася, што ірванула зусім не ў бок «Антакальнісу», а да хуткаснай трасы, ну ды ў іх свае рэзоны, можа па аб’ездзе хутчэй).

Падбегла да таксоўшчыка, такі ладны мужык, аж ільсніцца ад таго, як добра жыццё складаецца, і тачка ў яго такая вылізаная, кажу, бля, хутка, паехалі, толькі грошай у мяне няма — дура, трэба было потым сказаць, што грошай няма. Ён такі, гоп-стоп, малая, у Вільні без грошай не возяць, валі адсюль адкуль звалілася. Я яму давай дамовімся, братэла, я табе потым у ляску чупа-чупс зраблю, я не сарамлівая, а ён скрывіўся і кажа, а ну гэць з маёй тачкі, потым сядушкі ад мандавошак дэзінфікаваць, блядзіна зялёнавалосая, страхалюдзіна іншапланетная. Я і з аднаго, і з другога боку, ужо слёзкі пацяклі, бо Наста ж там здохне без мяне, і пра сяброўку паспрабавала, але ж не разжаліць, і пра Вальдэмара, які называўся аўтарытэтам, казаў, яго ўсе кіроўцы таксовак ведаюць, а гэты слухаць не стаў, дзверы адчыніў ды волакам мяне за цішотку з тачкі выкінуў. Я галавой аб бардзюр трэснулася, так, што ажно ў вачах пацямнела, ну, думаю, падла, а ён зматвацца, дык я каменьчык пацяжэй на асфальце намацала ды з усёй радасці ў ягоную тачку — шкада, па шкле не трапіла, недзе ў бок грукнула, дык, спадзяюся, хутка там з’явіцца пляма іржы, якая ўсю ягоную машыну зжарэ.

Скокнула ў трал, а ехаць жа праз усю Вільню ды па вечаровых корках, едзем, а я за вакно гляджу і спрабую вачамі горад назад, за спіну, штурхаць — так хутчэй едзем, калі гораду дапамагаць назад адступаць, тры прыпынкі, заходзяць кантралёры, прычым, бля, адразу нейкім табарам, тусняком чалавек у дзесяць, яшчэ б мядзведзя з сабой прывялі, «квіточкі», кажуць, тут я ўжо не вытрымала, раскрычалася ды расплакалася, што, бля, за горад, сяброўка аслепла, знепрытомнела, увезлі, таксоўка не ўзяла, а тут вы яшчэ, а яна там зараз здохне, дык яны кажуць, едзь сабе, нават цыгарэт на сядушцы побач пакінулі цэлы пук, хаця я не палю, навошта мне цыгарэты?

Цягнуўся трал у Антакальніс, я паспела вывучыць «кіта стукяліс» — «наступны прыпынак» па-літоўску, вывучыла і паўтарала разам з кіроўцай, якая абвяшчала прыпынкі, я паўтарала за ёй — «кіта стукяліс» і сканчала за яе: «Ан-та-каль-ніс»! Але ж замест «Антакальнісу» яна ўсё не тое выдавала: «кіта стукяліс»… далей такая шматабяцальная паўза, і я паспяваю грымнуць: «Антакальніс!», а тая сучка кажа: «Пятра ір Пуло бажніцэ». І валачэ трал далей, павольненька так, бо не спяшаецца, у яе ж расклад, у яе мабіла і страхоўка, у яе сяброўка не ляжыць пад нажамі мяснікоў-гібонаў з адчыненым чэрапам, ці пагалілі яе, калі пагалілі, як жа я буду без яе валасоў? І зноў «кіта стукяліс», і зноў паўза, я малюся Шыву — адзінаму богу, якога паважаю, але ж хуй, «кіта стукяліс… Нярыс». Ну я чалавек спакойны, але ж падбегла да яе тэрарыюма, крычу: «Давай, хутчэй Антакальніс абвяшчай!» А тая робіць выгляд, нібы па-руску не разумее.