Выбрать главу

Карацей, ну прыехалі мы ўрэшце рэшт, прыбылі да «Антакальнісу», вялікі будынак побач з прыпынкам, на сценцы напісана «Клінікас» крывавымі літарамі, тое, што трэба, — і натоўпы хворых ды скалечаных цягнуцца да ўваходу, бы зомбі, якія прагнуць Настыных мазгоў. Ля рэгістратуры чарга, як пры пасадцы на каўчэг, я адразу ў пачатак, расштурхоўваю балезных, крычу, дзе Наста, бля, дзе? Але ж тутэйшы Ной мяне не заўважае, бо трэба ў чаргу і станаўлюся ў чаргу, чакаю своеасаблівага «Антакальнісу» ўжо тут, у чарзе, у клініцы, крок у тры хвіліны — такая хуткасць, трэба супакоіцца, хутчэй не будзе, вось і акенца, схіляюся, тлумачу, трохі заікаюся, бо Настуленька мая — побач. Там сядзіць павольны сівы малпюк, які прапануе мне супакоіцца ды яшчэ раз усё растлумачыць, так, усё ж не зразумела, тлумач яшчэ, бо малпень не можа ўцяміць, якая «хуткая»? Сюды? І ў «хуткай» была дзяўчына? Беларуска? Не, тут малпыч прасвятляецца ды з усмешкай кажа, што адбылося непаразуменне: па-першае, такой не прывозілі, па-другое, «хуткія» сюды ніколі хворых не дастаўляюць — не той у нас профіль.

Яшчэ з паўгадзіны я лётала па раёне ў пошуках другога, «правільнага» шпіталя, бо не дала веры малпуку, які сказаў, што няма тут ніякага іншага шпіталя. Потым вярнулася ў рэгістратуру, зноў чарга, зноў Ной, але ж гэтым разам іншы — памаладзей ды пагібонісцей, я кажу яму, сяброўку забралі, звезлі некуды непрытомную, давай, тэлефануй у Міністэрства аховы здароўя, высвятляй, дзе яна, што значыць не твая справа, я зараз ўсё шкло ў будынку высаджу, я зараз табе аловак гэты ў вока засуну так, што толькі гумка з вачніцы тырчэць застанецца, ды можаш клікаць тую ахову, але ж ведай, бля, я праз пятнаццаць сутак выйду, тваю хатнюю адрэсу знайду, расшукаю, ды жыцця ў цябе болей не будзе, зразумеў? Бо станеш маім асабістым ворагам, зразумеў? У чарзе летувісы зашапталіся, што гэтыя рускія зусім ахуелі, што пагражаюць дактарам, але ж Нойчык адчуў, што з дзяўчынамі, у якіх зялёныя валасы, лепей не звязвацца, набраў нейкі нумарок, удакладніў дадзеныя маёй Настуні, дзынкнуў яшчэ некуды ды яшчэ і абвесціў, што не прывозілі маю каханую ні ў адзін са шпіталёў Вільні, што гэта дзіўна.

Я зноў пачала трохі буяніць, бо мне падалося, што гібон з мяне здзекуецца, як гэта не прывозілі, куды ж яе забралі, але тут і паліцыя падаспела, румяныя такія хлопцы, вясёлыя, пакуль вязалі нават пушкі падаставалі, бо надта я ўжо кусалася. Калі ў тачку валаклі, мужчынка з рэгістратуры побач бег ды тлумачыў мне, што паліцыю не ён выклікаў, а нехта з чаргі, і хай я яму, калі ласка, не помшчу, бо ён жа не адказвае за тое, што тыя з чаргі нарабілі, але ж мне не да яго было, плюнула яму на калашыну ды сказала, каб на хуй ішоў.

У пастарунку спачатку змясцілі ў пакоі, дзе быў вялікі штандар Літвы, стол, цяжкая шафа з дакументамі, але ж не было крэсла, я нервова гойсала па перыметры ды думала, ці не высадзіць шкло ў шафе ды ці не парэзаць вены, бо Наста, мабыць, ужо памерла, а жыць мне без яе немагчыма. Потым трохі супакоілася ды ўцяміла, што, мабыць, забрала яе не «хуткая», зусім не «хуткая», а злодзеі скралі, і цяпер яе непрытомную усім кагалам абыходжваюць, па чарзе, цікава толькі роля той прыгажуні с цвёрдзенькімі грудкамі: яна таксама падстаўляецца, ці яна там кшталту галоўная. І яшчэ прыгадаўся літаратар гэты стамбульскі, каб яму зрабілася зусім неспакойна.

Прыйшоў мянтоўскі следчы, прынёс два зэдлікі ды стос паперы. Сеў на зэдлік, прапанаваў мне таксама «прысаджвацца» ды пачаў складаць пратакол за тое, што я «лаялася матам» у грамадскай установе, я кажу, дзядзечка, вы што ж робіце, у мяне сяброўку скралі, амерыканец скраў: прызначыў спатканне, сука, атруціў яе, а зараз мабыць яе сэксуальна эксплуатуе з сябрукамі недзе ў лесе. Следчы выглядаў не надта разумным, як большасць мужыкоў, папрасіў «па парадку» выкласці ўсё, што адбылося, нібы з першага разу не зразумела яму. Я распявяла пра «Ахрэм», пра Насту маю прыгажуню, пра тое, што кавы сербанула, страціла прытомнасць і знікла пасля гэтага. Следчы запісаў прозвішча, год яе нараджэння, задумаўся, сказаў «адну хвіліну» і знік на некалькі гадзін. Пакой зачыніў, але ж зэдлікі не забіраў. Што можна было кваліфікаваць як прыкмету даверу да мяне, бо рашоткі на вакне былі хісткімі, я б за тры хвіліны зэдлікам іх вынесла.