Вітулькі, народ. Наста тута. Тая самая Наста. Хочаце верце, хочаце — не, ваша справа. Чаму пішу, калі пісаць не ўмею і не збіралася? Растлумачу. Некалькі тыдняў таму падчас сняданка я атрымала кубак, перавёрнуты донцам дагары. Прынеслі, як заўсёды, паднос з рудой пластмасы. На ім — лустачка батона, маргарын ды варанае яйка. Так выглядае тутэйшая штодзённая пайка. Без раскошы, аднак непараўнальна з тым «бігасам», якім, бывала, частавалі ў іншых месцах утрымання. Дык вось, побач з гэтым хараством быў алюміневы кубак для гарбаты, але без гарбаты. Да гэтага кубка звычайна дзесяць хвілін не дакрануцца з-за таго, што метал пераймае гарачыню вадкасці. Колькі разоў вусны апальвала. Але я не пра тое. Пра што? Блін, як пісаць? Нешта думкі блытаюцца, я ж не Дастаеўскі, гы гы.
Карацей, кубак. Гэтым разам гарбаты няма, кубак перавёрнуты дагары дупкай. Я спачатку думаю, нейкі сімвал ці што. Вальдэмар распавядаў, што калі ў Літувініі бандзюкі вырашаюць абвесціць калегу смяротны прысуд, дык дасылаюць таму пустую смску: усё, чувак, даскокаўся, чакай цяпер пяра ў бок. Дык спачатку загналася. Думаю, нейкая сімволіка. Нейкі Акудовіч пайшоў. Кубак, перавёрнуты донцам дагары! Афігець, ці хопіць маіх дзіравых мазгоў зразумець? Але ж потым уцяміла — сімволіка-сімволікай, мне ж батон няма чым запіць. Зараўла вертухаю: эээ, кажу, што за дзялы, дзе мая гарбата? Той плячамі моўчкі паціснуў: мая справа «пацыентам» пайку разносіць, што наклалі, тое і прынёс. Ну, лады, думаю, я табе, падлюка, адпомшчу, насру пасярод пакоя, што ты зробіш, я ж дэлірыюмная!
Узнімаю кубак — матухна! Пад кубкам сядзіць Сцяпанка, уласнай лінялай персонай! Колькі год яго ўжо не бачыла! Не, вы не падумайце, што я тут зусім дзяўбанулася! Сцяпанка гэта не які-небудь чатырохсантыметровы мужчынка, які ўдалбанай Насце падвязаўся выконваць любыя жаданні, гы гы, не, усё не настолькі дрэнна. Сцяпанка — мая цацка дзіцячая, палатняная, старая. Трусік у франтаватым паліто, кшталту тых, што насілі паны з маёнтка, дзецям якога Сцяпанка некалі належаў. Трусіку я ў сем гадоў адарвала нагу. Чаму адарвала? Бо ўпершыню задумалася пра таямніцу размнажэння. Запытваюся ў маці: «Як я з’явілася на свет?». Яна адказвае: «У капусце знайшлі». Я кажу, а што я там рабіла? Тая спачатку пра бусла пачала, але ж я зусім збянтэжылася, пры чым тут бусел, мамо? Што ён у капусце рабіў? І што такое секс, дарэчы? Ну, карацей, мамка пайшла па аграрным шляху ды растлумачыла, што дзяцей садзяць увесну ў глебу, а пад восень збіраюць на разорах. Мяне гэтая экспланацыя задаволіла, і я вырашыла зрабіць дзіцёнка і Сцяпану: адкруціла ў таго нагу, пайшла на грады з капустай і прыкапала там у якасці насення. Калі нага Сцяпана «не ўзышла», маці патлумачыла тым, што трэба было палоць, палоць, каб пустазелле не задушыла, ты ж буракі полеш, бульбу полеш, дзяцей таксама трэба палоць. Яна яшчэ доўга трымала мяне такімі гісторыйкамі ў поўным няведанні таямніц сусвету, за што ёй вялікі дзякуй. Прыводжу гэтую гісторыю проста каб адлюстраваць мысленне тых, на кім трымаецца наша бягучая «моц» ды «квітненне»: вітулі, мамо! Што ты зараз мне скажаш? «Патрывай трохі, доню»? «Так трэба»? «Не варта абурацца, дзяржава лепей ведае, што з табой рабіць»? Цьху, бля! Задушыцца! Вось прысудзяць мне аднойчы шыбеніцу, будзеш стаяць побач з катам ды поўраз на маёй шыйцы папраўляць. «Пацярпі, донька, спачатку будзе складана дыхаць, а потым зробіцца прасцей»…
Вядома ж, мне было прыемна пабачыць дзіцячую цацку тут, у цяперашніх маіх занадта белых і сонечных дэкарацыях. Але паколькі ў мяне зараз вельмі шмат вольнага часу і амаль што няма заняткаў, я пачала разважаць, а што б гэта значыла? Сцяпанку я некалі падарыла Джону Вілаў, якога, як сцвярджае Янка Пільняк, «не існавала». Вы бачыце, што я пільна сачу за падзеямі ў краіне і маю ўсе тэксты, у якіх узгадвалася маё імя. Потым трусік апынуўся ў Янкі, бо Вілаў такім чынам нібы «адмаўляўся ад маёй справы і прапанаваў больш яго не турбаваць». Бачыце, якія жарсці! Урэшце трусіка перадаюць мне за краты. Што вельмі, канечне, прыемна, я павінна запляскаць у далоні і напісаць удзячны ліст Пільняку. «Дзякуй, Яначка, збаўца мой! Дзякуй, што вярнуў маю ўлюбёную цацу ды прасануў злодзея, які спрычыніўся да майго захопу». Я нават магу сабе ўявіць, як ва ўводзінах да майго ліста, што Пільняк надрукаваў бы паўсюль, дзе толькі можа надрукаваць, гэты мудзіла напісаў бы нешта «душэўнае». Можна ўявіць гэты ягоны штыль… «Уся гэтая гісторыя» — ён прэцца ад абагульненняў, — «можа быць прачытаная» як гісторыя «прыгодаў палатнянага трусіка». Ён бы разводзіў соплі пра тое, што трусік, бачыце, быў падараваны не вартаму такога падарунку чалавеку, перададзены Янку і ў рэшце рэшт вернуты ўласнай «мамцы». І такім чынам мы маем справу амаль што з хэпі-эндам. Наста цалуе трусіка ў яго «збянтэжаную мыску», трусік «маша лапкай» гледачам, пакутніца ды звярушка зноў разам, яны ўз’ядналіся, слёзы, занавес, «Оскар».