Перачытала напісаны абзац ды ўразілася дакладнасцю ўжытага выразу: «пазбаўленая волі». Ужыла яго аўтаматам, а цяпер прыпухла ад таго, як дакладна ён апісвае мой стан: я не «пацыент», я не «арыштант», я менавіта «пазбаўленая» ўласнай псіхічнай «волі». Карацей, мастак ува мне памёр, і нарадзіўся складальнік лістоў, пісьмоўнік. На вялікі жаль, дарэчы, бо ўжо нешта атрымоўвалася з аловачкамі.
Неяк седзячы перад тым нацюрмортам, кожная рыса якога вывучаная, як зморшчынкі на ўласным твары, я нахерачыла па памяці копію шагалаўскага палатна з велізарнымі ўрачыстымі кветкамі ды неабавязковай аголенай дзяўчынай, прыгажосць якой блякла побач з адвечным хараством створанага прыродай цуду ружаў. Тут, гэтым доўгім эстэцкім сказам, наўмысна дражню Пільняка: менавіта так бы гэты паганец загнаў пра букеціну. Я нічога асаблівага ў ёй не заўважыла, а што Вілаў пра яе ціўкаў, дык зразумела — заляцаўся хлапчына. Я прымалявала аголенай чарнявыя валасы, і яна атрымалася падобнай да мяне. Памятаеце тую развагу пра хараство (не тваёй) жанчыны і хараство (не твайго) букета напачатку «Сцюдзёнага выраю»? Дык прыкладаю свой малюнак да ліста. Людцы добрыя, хто з вас будзе ў Штатах, сустрэньцеся з Вілаў, аддайце яму, хай узгадае пра нашае спатканне, хай усміхнецца ды запэўніцца, што лепей зырыць на чужыя кветкі, чым на чужых жанчын.
Заўвага рэд. «Ахрэм»: малюнак да ліста прычэплены не быў.
Я не надта здольная да красамоўнасцяў, больш маю досведу ў пісанні лаканічных пранумераваных планаў, кожны з пунктаў якіх багаты магчымасцямі зрынання канстытуцыйнага ладу, але ж сканчаецца заўсёды іншай пісанінай — тлумачэннямі ў пракурорскіх кабінетах. Ну дык не буду бурыць уласнае пачуццё стылістыкі і працягну ў сваёй нешматслоўнай манеры.
Далей я збіраюся адказаць на два пытанні. Першае: хто напісаў «Сцюдзёны вырай»? Другое: «Як я даведалася аб тым, што „Сцюдзёны вырай“ напісаў менавіта гэты чалавек?»
Дык вось, адказ на першае пытанне даю адразу ж. Гэты тэкст, які быў названы ў прыпадку калектыўнага ачмурэння «лепшым мастацкім творам беларускай літаратуры», тэкст, які атрымаў «Глінянага чэлеса» ды цэлы похапак гістэрычных рэцэнзіяў, што абвяшчалі складальніка Бэтменам, Мікі-Маўсам і Мерлін Манро адначасова, быў напісаны ад пачатку да канца Янам Пільняком. Пільняк запытваўся: «Як будзе „omnipresent“ па-беларуску?» І сам жа адказваў сабе, выконваючы ролю адначасова бездапаможнага амерыканца-аўтара і дасведчанага рэдактара-беларуса. Гэтаксама Пільняком была напісаная «спроба апраўдання», у якой ён даволі шчыра выкладаў некаторыя абставіны напісання «Вырая», прыпісваючы ўласныя вынаходніцтвы задвухкошанаму Вілаў, наяўнасць якога адмаўляў. Дарэчы, апраўданне не прынятае, сволач.
Далей я вымушаная ступіць на хісткую глебу літаратуразнаўства, у якой я не вельмі пракачаная. Таму звярнуся па дапамогу да асноўнага сховішча ведаў пра Беларусь і беларусаў. Усім мясцовым вядома, што шукаць інфу пра выбітных асобаў лепш за ўсё на беларускім аналагу «Вікіпедыі», партале «Срут.бай». На той выпадак, калі гэты мой допіс будзе вылучаны на Нобелеўскую прэмію — а я не здзіўлюся, бо для нашага пісьменніцкага братэрства галоўная не мастацкая вартасць тэкста, а каб чалавек быў харошы — растлумачу, што такое Srut.by. Любы, хто пажадае, можа пакінуць на «Сруце» кароткі артыкул пра сябе самога ці пра якога Акудовіча. Звычайна гэты «стартавы» артыкул станоўчы і падкрэслівае ўнёсак асобы ў развіццё цывілізацыі ды барацьбу з рэжымам. Потым любы іншы можа скарыстацца опцыяй «абдрыстаць» і напісаць да артыкула пашыраны камент, які змяняе тэкст да непазнавальнасці. Напрыклад, замест фразы «у 2009 годзе кніга Віктара Марціновіча „Параноя“ трапіла пад негалосную забарону ў Беларусі», з’яўляецца фраза «у 2009 годзе Віктар Марціновіч дзеля таннага самапіяра зрабіў выгляд, нібыта „Параноя“ забароненая ў Беларусі» — з тым, каб скончылася ўсё наступным чынам: «у 2009 годзе на замову КДБ шэраг незалежных сайтаў распаўсюдзіў інфармацыю аб нібыта забароненай рускамоўнай „Параноі“ дзеля таго, каб адцягнуць грамадскасць ад факту з’яўлення новай кнігі Севярына Юзыфовіча „Прыступкі сьвядомай паспалітасьці“». «Дрыст» прымаецца і дадаецца да артыкула назаўсёды, калі цягам тыдня з ім пагаджаецца хаця б два наведвальнікі і калі ягоны характар больш жорсткі за тую фармулёўку, якая прысутнічала дагэтуль. «„Срут.бай“ стаў такім папулярным, таму што эксплуатуе прагу беларусаў да абсірання суседа», — напісана ў «дрыстах» «Срут.бай», прысвечаных парталу «Срут.бай». Здаецца, дарэчы, што тут каментатары «абдрысталі» не партал «Срут.бай», а беларусаў як нацыю, але каго гэта бянтэжыць? Паколькі станоўчыя заўвагі на сайце не прымаюцца, адзіны шлях адпомсціць таму, на каго паў падазрон у складанні крытычных «дрыстаў» пра цябе ці твайго героя, — напісаць пра крыўдзіцеля самому. Таварышы сруць і сруць, у нацыянальнай «дрыстапедыі» ўжо два мільёны артыкулаў.