Выбрать главу

Але ж вернемся да артыкула «Іван Пільняк» на «Сруце». Ён агромністы, і ягоная агромністасць паказвае, як шмат добразычліўцаў у нашага Іванчыка. Чытаем: «Іван Пільняк як аўтар нарадзіўся ў адну неспакойную ноч, калі на скрыню рэдактара буйнога расейскага выдавецтва, назва якога, як і ўсё найлепшае ў рускай культуры, складаецца з трох літараў, прыйшоў ліст з Беларусі, ад чалавека, які называў сябе Іванам Пільняком і цьмяна ківаў на генетычныя сувязі з вядомым аднафамільцам — сувязі павінныя былі выкрыць тое, што Іван Пільняк складаецца з тых жа геніяльных генаў, што і Барыс Пільняк, паэт прамысловага подзвігу, аўтар тэкста „Волга впадает в Каспийское море“». Спынюся цытаваць і адзначу, што асобныя фармулёўкі пільняковай біяграфіі на «дрыстапедыі» смярдзяць пільняковымі фармулёўкамі. Ведаючы ягоную лісіную натуру, нельга выключаць, што ён актыўна ўдзельнічаў у аўта-аўтадафе, дадаючы ўзважаныя «дрысты», каб па ім не «дрыстанулі» менш стрыманыя ворагі.

Чытаем далей, што ў файле, які атрымаў рэдактар, утрымлівалася рускамоўная спроба пяра нашага мудачонкі, таўсценны псіхалагічна-гістарычны раман «Несвижские эхи». Цытуем «Срут»: «У „эхах“ Пільняк паказаў сябе дасведчаным марадзёрам, які можа эфектыўна пажывіцца з мошчаў продкаў, паралельна забацаўшы псіхалагічна-лірычную лінію пра тых навукоўцаў, якія корпаюцца на могілках гісторыі». Суправаджальная рэцэнзія, якую, як вынікае, Пільнячок накрэмзаў сам, «выкрывала сувязі ягонага тэкста, сюжэт якога разгортваўся ў двух часавых вымярэннях, з лепшымі творамі, якія былі зробленыя на „беларускім дыялекце рускай мовы“, у прыватнасці — з Караткевічам». Ананімны крытык працягвае, што «Янусік да Караткевіча не дастаў, бо не хапала фундаментальнай гістарычнай адукацыі: тэкст быў працяты дылетантызмам ды занадта мадэрновым разуменнем сярэднявечча — атавізм ганебнай журфакаўскай ляноты розума, а Ян скончыў журфак у тыя часы, калі ад яго ўжо патыхала ваксай жаўнерскіх ботаў».

Хто пісаў гэтыя радкі? Няўжо гэтае шматслоўе ўжо ператварылася ў нацыянальную літаратурную манеру? Ці мы бачым тут Пільняка, які крытыкуе Пільняка? Не маем адказа! Ведаем, што «рэдактар выдавецтва з трох літараў» палічыў дэбютны раманчык нашага Іванкі настолькі смешным, што выклаў гісторыю свайго ліставання з Пільнячком ва ўласным эдытарскім блогу, дзякуючы чаму мы цяпер ведаем, як пачынаўся гэты пісацелішча.

Цытуем далей нашую энцыклапедыю заганаў: «У адказ на „эхи“ Ян-Іван атрымаў ліст, у якім слушна заўважалася, што прырода ягонага даравання ў агульных рысах нагадвае дараванне Барыса Пільняка. Аднак часы цяпер не тыя і лепей было б паспрабаваць сябе ў жанры гістарычнага хорару. Пакуль Янік спрабаваў сябе ў жанры гістарычнага хорару, рэдактарскі допіс у блогу прачытаў вядомы ліберал Святаслаў Гельцэрмахер, аўтар жорсткага палітычнага баевіка „Берёза“, у якім на метафарычны двубой з Пуціным выходзіць раслінны свет вялікай краіны. Як большасць расейскіх лібералаў, Гельцэрмахер быў прыхільнікам вялікай і моцнай Расеі, а таму яму спадабалася дакладнае разуменне „мальчыкам з Беларусі“ той ролі, якую адыгрывае беларуская мова ў сям’і ўсходнеславянскіх дыялектаў.

Святаслаў узгадаў Яніка ў адным са сваіх шматлікіх тэлевізійных інтэрв’ю, і гэта ўжо было сур’ёзна: трэба было тэрмінова друкаваць „мальчыка“, каб медыйны эфект паспеў адлюстравацца на памерах продажаў. Выдавецтва з трох літараў ціснула „Несвижские эхи“ накладам пяцьдзесят тысячаў, што ў старым савецкім свеце адпавядала б цвёрдай вокладцы і сяброўству ў Саюзе пісьменнікаў. Ян да таго часу ўжо адаптаваў „эхи“ пад запыты рынку, запаланіўшы вуліцы Нясвіжа ажно да ратушнай плошчы, на якой ля крамы „Сноў“ размясціліся намёты спецназу, замбякамі, што паўсталі з магільных скляпоў Радзівілаў. Ачольваў натоўп вялізны орк з прозвішчам Радзівіл Сіротка: мерцвякі рушылі наперад, але пасля бітвы пад Воршай, на якую супрацьстаяць натоўпу беларускіх дохлых шляхціцаў былі кінутыя ўзброеныя сілы Саюзнай Дзяржавы Расіі і Беларусі, былі загнаныя пад зямлю. Укушаны за абцас Чорнай Паннай Нясвіжа камандзір расейскага спецназу абдымае свайго беларускага калегу, яны зліваюцца ў пацалунку, а сонца коціцца за гарызонт, і зразумела, што Янка можа за кароткі тэрмін нахерачыць яшчэ і „Несвижские эхи-2“, у якім бойку са спецназам будуць весці працятыя старажытным беларускім праклёнам абцасы. Аднак раман атрымаўся настолькі дрэнным, што нават паўторная ўзгадка пра „беларускага хлопчыка Пільняка“ Гельцэрмахерам не дапамагла. У Беларусі Пільняк мільгануў у буйных газетах, было адзначана, што гэта першы поспех беларускага празаіка ў расейскай літаратуры, папярэдні наклад быў 45 тысяч, чакаем новых рэкордаў. Акудовіч тлумачыў, што гэта не літаратура, і ён пра яе нічога казаць не будзе».