Выбрать главу

Вы можаце запытацца, якога ражна я так падрабязна распавядаю тут пра другараднага літаратара, навошта шараговаму чытачу ведаць пра першацветы Івана Пільняка. Аднак зразумейце, людцы, гэты чалавек — асноўная прычына ўсяго таго, што здарылася са мной. Ён — галоўны герой рамана «Сцюдзёны вырай», які зрабіў для сюжэта значна больш, чым я ці небарака Вілаў.

Чытаем «Срут» далей: «Пільняк напісаў другі раман, гэтым разам — пра крыж „Евфросинии Полоцкой“: на метафізічным узроўні тут панавалі вампіры, на сюжэтным — выкраданне крыжа маладым Брэжневым, на ідэйным — паданне пра тое, што Полаччынай заўсёды будзе валодаць тая дзяржава, якой належыць крыж. І што пасля таго, як Брэжнеў з вампірамі захапілі крыж, смактаць кроў з Беларусі і Полаччыны павінна Расея. Рукапіс быў адрэцэнзаваны ў „Русском журнале“ Глебам Паўлоўскім, які заўважаў „тонкі геапалітычны сімвалізм“ гэтай гісторыі, замаскіраванай пад „трэш-літаратуру“. Але замаскіраванасць гэтым разам выйшла настолькі ўдалай, што „Сокровище Преподобной“ выдалі ў мяккай вокладцы, з цыцкастай бабай у манаскай спадніцы: аголеныя цыцкі дазвалялі зрабіць выснову, што пад „сокровищем“ разумеецца пэўная фізіялагічная адметнасць „преподобной“, што знаходзіцца менавіта пад спадніцай, якую дзяўчо прыціскае да каленяў крыжом.

Гэты раман прадаваўся даволі хутка, галоўным чынам — за кошт дасканалай формы цыцак, на якую купляліся дальнабоі на развалах. Але Іван Пільняк раптам адчуў сябе пісьменнікам з вялькай літары „пісь“. Ён наклацаў усхваляваны допіс пра тое, што руская літаратура задыхаецца ад цыцак на вокладках, а дыскусія аб тым, ці можа стаяць чэлес у нежывога мужчыны, нават калі той вельмі закаханы — не навуковая, і што ён асабіста болей не будзе кранаць тэму вампіраў у сваіх творах. У якасці спробы новага штылю Іван змясціў у Сеціве фрагменты са „зборніка рэалістычных апавяданняў“, які назваў „АграгарадОК“. Апавяданні паразітавалі на другой пасля гандлю муміямі продкаў тэме беларускай літаратуры — жыцці простых людзей на зямлі. Апавяданні былі лёгкімі, смешнымі — так падавалася аўтару і яшчэ чатыром чалавекам, якія змарнавалі час на іх чытанне і пакіданне ганебных каментаў. У „АграгарадКУ“ Пільняк яшчэ намагаўся заляцацца да беларускай культурнай улады — той, што як схапілася за маўзер пры Шагале, так ад гэтага маўзера ніяк не адмовіцца. Ён яшчэ спрабаваў працаваць „і нашым, і вашым“, даючы спрэчныя інтэрв’ю са згадкамі пра асаблівасці кіравання ў мастацтве, але ж „АграгарадОК“ той пісаў у патаемным спадзяванні, што, можа, у Купалаўскі возьмуць ці ў ЛіМе надрукуюць. Карацей, старанна абыходзіў усё тое жывое, што зараз у Беларусі намінуецца „палітыкай“ і спрабаваў кранаць выключна „вечныя тэмы“, якія таму і „вечныя“, што такія ж нерухомыя ды нежывыя, як чэлес у вампіра.

„АграгарадОК“ не ўзялі і не надрукавалі. Па-першае, таму, што трэш, толькі гэтым разам зроблены з сур’ёзным тварам, па-другое, таму, што вобраз старшыні, які размаўляе ў „Аграгарадку“ на трасянцы, камусьці штосьці нагадаў, як бы Пільняк не запэўніваў, што нічога такога на ўвазе не мелася. Акудовіч працягваў маўчаць, але ж нехта выклаў са спасылкай на Акудовіча версію, што калі б той жа „АграгарадОК“ быў напісаны на мове, ось тады б… Пільняк зрабіў апошнюю спробу знайсці сябе ў рускамоўнай прозе — спробу ўжо асуджаную на правал, бо адмовіўшыся пісаць пра вампіраў, ён страціў краіну, якая на той мове размаўляла. Выдавацца ў Расеі і не пісаць пра вампіраў для чалавека ягонага ўзроўню таленавітасці было немагчыма».