Выбрать главу

Наступны фрагмент дакладна накрэмзаны Пільняком. Нягледзячы на крытычную танальнасць, бачна, як ён, падла, захапляецца сабой ды ўласнай выключнай роляй: «Карацей, Пільняк абвесціў сябе „апошнім рускім пісьменнікам“, „спадкаемцам рускае мовы“, якая была „расстраляная бальшавікамі“. У прадмове да апошняй рускамоўнай аповесці ён сцвярджаў, што была вось вялікая руская літаратура кшталту Гогаля, Дастаеўскага, Чэхава. Але потым адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. І ўсе носьбіты гэтай літаратурнай традыцыі з’ехалі ў эміграцыю, пабраўшы з сабою сюжэты, мову, карацей — канон. І што пакуль вялікая руская літаратура памірала ад голаду ў Парыжы, як Газданаў, ці пакутавала ад галечы ў Берліне, як Набокаў, у Расеі тым часам паўстала новая ружовашчокая, борзая і простая літаратура, якую стваралі пралетарскія пісьменнікі». (Дадам ад сябе: кшталту Пільняка, гы гы).

«І абставіны склаліся так, што эмігранцкая літаратура, правапераемніца вялікай рускай традыцыі, сканала ад старасці, потым пайшоў і Саюз, але ў расейскай прозе, якая павінна была выракчыся пралетарскасці, узняцца над дзікунствамі моўных ды сюжэтных спрашчэнняў, пачала развівацца тая літаратура, якая нарадзілася з 1917 года. І, пакуль у публічнай прасторы паступова адбываўся чэкісцкі рэванш, у прасторы культурнай варочалі паслядоўнікі Марыеташагінян ды Ільфапятровых. Вампіры паўсталі як непазбежны выток адданасці справе трупажэраў, а цыцкі былі абумоўленыя жаданнем зарабіць адразу ўсе грошы на зямлі, уласцівыя расейскаму капіталізму на існай ступені ягонага развіцця. І што ў гэтых умовах менавіта ён, Іван Пільняк, з’яўляецца апошняй надзеяй вялікай рускай літаратуры. Бо паходзіць звонку, з-за мяжы, хай сабе тая мяжа даволі празрыстая ды аддзяляе Расею ад яе сяброўкі Беларусі. Па-другое, ён маскоўскіх Літынстытутаў, у якіх таленавітым дылетантам робяць прычоску мазгоў, адаптуючы да рэаліяў постсавецкай савецкасці, не сканчаў, быў узгадаваны на эмігранцкай прозе, а таму з’яўляецца натуральным спадкаемцам Газданава, Набокава і г. д.

У якасці заяўкі на ўласны новы стан і месца ў прозе, ён прэзентаваў новую аповесць, напісаную „той самай“ рускай мовай, якая не імкнулася да спрашчэнняў, сказы ў якой складаліся з вялікай колькасці словаў, а героі былі трохі больш складанымі, чым тыя „буллённыя кубікі“ з вуснаў, чэлесаў ды похваў, якія панавалі, гатовыя да хуткага сюжэтнага выкарыстання ў Маскве. Ягоны новы твор абапіраўся на трэцюю і апошнюю класічную тэму беларускай літаратуры —„вялікую ацечэственую вайну“. Дзяды Пільняка ўхвалялі подзвіг народа, які будзе жыць у вяках. Бацькі — казалі пра тое, што ўсё было не бясспрэчна, старшыя браты ўжо даволі смела выкрывалі злачынствы партызанаў ды малявалі кранальныя сцэнкі кахання нямецкіх гансаў ды беларускіх палін. Янка вырашыў пайсці далей і ўзняцца над сітуацыяй, якая апранае людзей на нашай зямлі ва ўсё новыя ды новыя маскі. Ён падаў гісторыю беларуса, Васіля Аладава, які пабываў у Арміі Краёвай, змагаўся за незалежнасць Польшчы, потым уладкаваўся ў партызанскі атрад, у рэшце рэшт, пасля таго, як атрад пажэр усіх свінак у навакольных вёсках ды „расфарміраваўся“, герой скончыў у паліцаях. З тым, каб павесіцца, бо апынулася, што перамагаць у вайне пачалі менавіта тыя, каго ён лавіў ды здаваў у Гестапа апошнія месяцы свайго не надта гаротнага, аднак і не вельмі ладнага жыцця. Дарэчы, у малюнку гэтай гістарычнай іроніі, здольнасці лёсу заўсёды рабіць найгоршым з магчымых той выбар, які робяць беларусы, бачыцца наймацнейшая адметнасць твору».

Я чытала тую кніжку і памятаю, што вынікам кожнай з гэтага шэрагу «рэінкарнацыяў» героя была змена светаўспрымання. Нібы ў калейдаскопе трансфармавалася разуменне ім савецкай улады, Гітлера, прыгнёта, нацыянальнасці, нават кахання. Польская красуня Марыся, з якой ён пёрся на сенавалах, змянілася рускамоўнай Алёнкай, якая марыла пра мір ва ўсім свеце, размаўляла мовай чырвонаармейскіх статутаў, падстаўлялася ззаду ды дапамагала жаночай пяшчотай адразу чатыром мужыкам іх узброенага фармавання. У рэшце рэшт, апрануўшы форму паліцая, Аладаў сустрэў напырсканую хранцузскай дзікалонай Грэтхен, якую ўспадкаваў пасля таго, як з мястэчка з’ехаў штаб нямецкай арміі. Яна ведала шмат пяшчотных нямецкіх словаў і дапамагала Аладаву адчуць сябе на прасцінах сапраўдным арыйцам.

Дадам, што я не вялікі мастак у разуменні тэкстаў, аднак гэтая аповесць, якую Пільняк назваў «Тры жыцці Васіля Аладава», адзінае вартае чытання з ягоных карэбак. Як заўсёды ў такіх выпадках, аповесць поспеха не мела зусім і засталася з сотняй праглядаў на сайціку «прозабай». «Срут» дадае, што «выдаваў Янка яе ўжо за ўласны кошт, і гэта было першай прыкметай ягонага больш шчыльнага набліжэння да рэаліяў беларускай літаратуры». Запыленую кніжэнцыю, якая зжаўцела ад уласнай незапатрабаванасці, можна знайсці ў некалькіх дзяржаўных крамах, у якія яна, пішуць, вярнулася пасля таго, як Пільняк так удала прадаў мяне за кватэру.