Тое ж самае можна сказаць пра Іванова — той дзядуля, які падсунуў мне атручаную каву, быў адзін да аднаго падобны да народжанага Пільняком «спецслужбоўца». Тая ж вірлівасць у паводзінах, ён тры разы запытаўся, ці для мяне кава. Гэткая зухаватасць, якая межавала з непрафесіяналізмам. Малая расамаха магла глынуць у мяне з кубачка, яна заўсёды так і робіць, не запытваючыся, дык што, мяне б разам з Крэйзі вывозілі на «хуткай»? А яе куды? Па галаве і ў канаву? Ці змясцілі б у суседнім пакоі? Фантазіі мудачыны хапіла хіба што на акуляры Іванова, якіх на дзядку не было, усё, сканчаю, бо дамаўляліся аб гэтым не ўзгадываць, так, гэта парушэнне першага пункта дамовы.
Тут ад асобы Яна Пільняка, які з другараднага рускамоўнага недапісьменніка ператварыўся спачатку ў чэмпіёна беларускага літаратурнага Алімпа, а потым і ў адкрывальніка талентаў, які расшукаў у пыле эміграцыі бліскучы дыямент «галоўнай празаічнай знаходкі тысячагоддзя», самы час перайсці да таго, як я яго выкрыла. Адзначу, што мне варта было зразумець замену шчырага хлопца злыднем яшчэ пры першым чытанні «Сцюдзёнага вырая». Бо Вілаў не мог стварыць тэкст, у якім было столькі нянавісці: да рускіх, ад якіх скаланае Пільняка, імі прылашчанага, а потым злітага. Рускія ў тэксце гэта «бухі» Саўрасаў ды ягоны раздзяўбаны «прасёлак», які ўвасабляе рускае растрындзяйства, неахайнасць ды галечу, вось нічога добрага няма там, ну нават незразумела, адкуль столькі нобелеўскіх лаўрэатаў пайшло… Мы чытаем пра пахмурных замкнёных літоўцаў, якіх ён таксама не пераносіць, бо «скралі гісторыю», бо вежа Гедыміна — «фэйк», бо «Літва прапаноўвала беларускую гісторыю ва ўжо расфасаваным выглядзе, аздобленым цэннікам і этыкеткай на літоўскай мове». Слухайце, ды нічога дрэннага літоўцы нам не зрабілі, хопіць ужо плявузгаць пра Вільню! Пільняка скаланае ад каталікоў, якія ў ягоным хваравітым уяўленні атрымаліся юрлівыя, як сантэхнікі ды медсёстры ў порнафільмах. Ён пляжыць беларусаў, ён зневажае палякаў, усе яму не тыя, усе не вартыя павагі — у той час, як адметнасцю сапраўднага пісьменніка, на маю дылетанцкую думку, з’яўляецца гуманізм, пачуццё прыгажосці і здольнасць яе даносіць словам. Дарэчы, менавіта таму ў нас дагэтуль няма вялікай прозы: быў Караткевіч, які ўвесь зіхацеў ад чалавекалюбства, ды сышоў. Схільнасць да талерантнасці, уласцівая амерыканцам, з’яўляецца самай нераспаўсюджанай якасцю сярод нашых, якія, як той Васіль Аладаў, змянілі столькі сутнасцяў, настолькі заблыталіся ў супрацы з КДБ, Фронтам, Пазьняком, Масквой і г. д., што ўжо не разумеюць сябе, маюць у сэрцы адно чорную зняважлівасць ды пагарду.
«Сцюдзёны вырай» напісаны той жа ванітнай мовай, што большасць пільняковых «творыкаў». Але зразумела гэта зрабілася толькі пасля таго, як было надрукаванае Янава «апраўданне». Бо апынулася, што гэтае «пасляслоўе» створана так, як і аповесць Вілаў. Ведаеце, што вымусіла мяне расплюшчыць вочы? Дужкі! У абодвух тэкстах — тым, што нібы створаны Вілаў, і тым, што створаны Пільняком — зашмат дужак. Да таго ж — і там, і там шматслоўныя сказы, якія спрабуюць прадрацца праз штыль сэнсаў, як лінкор, на які нагрувашчаная каравэла, на якую зверху пляснуты яшчэ браненосец часоў руска-японскай вайны. Бывае так, што перакладчык размаўляе той жа мовай, што і пісьменнік, якога ён перакладаў усё жыццё. Гэта можна пабачыць, напрыклад, у біяграфіі Набокава, напісанай Барысам Носікам, перакладчыкам Набокава (ацаніце, як я нахапалася, рыхтуючыся выкрыць свалату!). Тут блізкасць маўлення абумоўленая тым, што чалавек унікаў у чужую свядомасць, спрабаваў знікнуць, растварыцца ў мове аўтара.
Але ж калі Пільняк спачатку рэдагуе «нечый» тэкст, а пасля абвяргае гэты тэкст, і ягонае абвяржэнне напісанае тымі ж невыноснымі канструкцыямі, што і «варожы» тэкст, якога ён выракаецца, дык відавочна робіцца, што аўтар у абодвух выпадках — адзіны. І тут не толькі дужкі: і тут, і там — слязлівыя ўсклікі, шматкроп’е, узважаная стылістычная разгубленасць у пабудове сказаў, як быццам бы аўтар не можа знайсці словаў, каб выкласці ўласныя складаныя пачуцці і спыняецца, а потым гаворыць зноў і не выпраўляе, не шліфуе, пакідае шурпатым, каб мы здзівіліся багаццю ягоных пачуццяў, якія нават пасля выкладання ў мове застаюцца вышэйшымі за мову.