Паўсюль — адна і тая ж лексіка, пераважна — другарадная ў параўнанні з сакавітай прыгажосцю спрадвечнага маўлення, лексіка, пачарпнутая мовай у тыя часы, калі які-небудзь цэкашны «мовавед» мог запратэставаць супраць дзікунскага для яго вуха гучання словазлучэння «рэвалюцыйны ўздым» ды настаяць на тым, што трэба прыняць ды размясціць у мове на пастой рускі «пад’ём» — так было са знакамітым даносам Панамарэнкі на беларускіх пісьменнікаў. У абодвух тэкстах бачым словы з рускім пашпартам, у які па-мянтоўску неахайна ляпнуты штэмпель беларускай нацыянальнасці. Не было б саветызацыі, не паўстала б той мовы, якую падае Пільняк як беларускую. Карціць назваць тое ці іншае слоўца русізмам, аднак абавязкова знойдзецца слоўнік Крапівы, які зацвердзіць: у беларускай так можна, можна, можна — вось паперка, «разрэшыцельны дакумэнт». Некалькі прыгожых выразаў, якія дрэмлюць у тэксце пасярод плантацыі шэрай, другараднай рускай лексікі з беларускім штэмпелем, можна спісаць на супадзенні, на той факт, што 40 малпаў за 40 дзён абавязкова накляпаюць штосьці падобнае да «Вайны і міра», якую так чакае белліт.
Пасля таго, як мяне ўзялі, я — разгубленая, здранцвелая, выдаткавала шмат часу на тое, каб пільна прачытаць «вырай». Я чытала яго, як нейкую святую кнігу, як Біблію, Каран ці Бхагавадгіту, чытала, шукаючы адказы на ўсе адразу пытанні, якіх зрабілася так шмат. Усё пахіснулася ў галаве, была нават думка, што мяне ўпаляваў той самы Вілаў, на твары якога я ясна бачыла, што ён мухі не пакрыўдзіць. Ну бывае так, што вяснушчаты хлапчук, які носіць кветачкі да дзяўчынкі ды п’е яе гарбатку, калі радакоў няма дома, да якога яна так прасякнулася пачуццямі, што нават уласную некранутасць падараваць гатовая — хопа! — і ператвараецца ў рабаўніка, які запрашае яе ў сінема, а сам з сябрукамі хуценька пыласосіць хатку ад залатых ювелірнасцяў. І на судзе, якім урэшце сканчаецца тое, што мелася скончыцца ў ЗАГСе, ёй больш за ўсё крыўдна за ўласную цнатлівасць, якая так і засталася недатыкальнай. А яна ж была гатовая ўсё золата зямлі, нават бацькоўскія пярсцёнкі — яму, каб толькі ён яе ўжо хутчэй сапсаваў!
Я спрабавала ўяўляць Вілаў такім вось паскуднікам і не атрымоўвалася. Бо не такі твар. Я б яго нават калі б на першым допыце ў КДБ у шэрым лабсердаку пабачыла, не паверыла б, сказала, хэй, хопіць тут выпендрывацца, не можаш ты быць з імі, не такі ты, Джонік! Але ўсё лагічна падштурхоўвала да таго, каб пагадзіцца з тымі лагічнымі нагрувашчваннямі, якія былі прапанаваныя Пільняком. Бо — у першую чаргу — той, хто пісаў «Сцюдзёны вырай», — усё ведаў. Ну наогул усё. Ён ведаў пра нашыя размовы, пра тое, як я там запараноілася, пра тое, як мы пазнаёміліся… Як так можа быць? Як такі тэкст мог скласці нехта іншы, не Вілаў?
Але чым больш учытывалася ў пераказы нашых размоваў, тым больш дзівілася: як Вілаў — сапраўдны ці не сапраўдны, здолеў праз столькі год (тры гады прайшло? Чатыры?) так дэталёва выкласці нашую камунікацыію. Вы ўявіце сабе — мы паразмаўлялі, пасля гэтага чалавек нібы паехаў у Бостан, жыў там, кантактаваў з палякамі, беларусамі, пасябраваў з Франачкам, потым з Бостану ірвануў у Вільню, вывучыў мову настолькі добра, што змог напісаць такі даўгі тэкст, і вось, калі сеў яго пісаць, раптам з дакументальнай дакладнасцю ўзнавіў па-беларуску размову, якая адбылася яшчэ ў Турэччыне! На ангельскай мове!!! Як такое магчыма? Чытала і дзівілася літаральнасці пераказаў і перакладаў, бо — тое, што недзе называлася «калонай» («калумн»), тут выдавалася як «калона», а не «слуп». Калі б я паспрабавала пераказаць нашую камунікацыю, засталося б некалькі шчырых размоваў, кшталту таго моманту, калі мы высветлілі, што ён сам — з-пад Навагрудку, што ён — нашчадак людзей, якім належаў маёнтак. Аднак жа гэтыя размовы былі б выкладзеныя маімі ўласнымі словамі, бо ніводная памяць не можа такі працяглы час утрымліваць столькі дэталяў.
Я ўчытвалася ў тэкст і пазнавала кожнае сказанае слова, кожную паўзу, кожную ўласную інтанацыю: гэта было падобным да таго, як быццам я сустрэла чалавека, якога ведала выключна па старым чорна-белым здымку, і вось ён раптам паўстаў менавіта ў тым выглядзе, у якім быў схоплены на гэтым здымку, без скажэнняў, якія накладае на нашае аблічча час. Гэта было дзіўнае пачуццё, і менавіта яно вымусіла мяне некалі сунуцца ў пастку, прывабіла відавочнай спрычыненасцю аўтара тэкста да нашага з Вілаў сусвету, да адвэнчуры ў Стамбуле. Але гэтая дакладнасць, якая зацягнула мяне ў лабірынт, дазволіла цяпер знайсці Мінатаўра.